Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго.
Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго.
А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
І наракалі фарызеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».
Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:
І распавядае ім тады для параўнання, кажучы:
«Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе?
«Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе?
А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю
І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.
І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапала».
Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне.
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе?
Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе?
А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”.
А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла».
Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».
Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца».
І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны.
І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў.
Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць.
І маладзейшы з іх сказаў бацьку: «Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць». І раздзяліў паміж імі маёмасць.
Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасць, жывучы марнатраўна.
А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы.
І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць.
Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней.
Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў.
Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму.
І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў.
Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду.
І, разважыўшы гэта, сказаў: «Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою.
Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: «Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,
Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”.
і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх».
І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго.
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго, і цалаваў яго.
А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”.
Сын жа сказаў яму: «Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім».
Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі.
І сказаў бацька слугам сваім: «Хутка прынясіце найлепшую столу і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі,
Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца,
і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і баляваць,
бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся». І пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы.
А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі,
Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое.
і паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.
Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”.
А той сказаў яму: «Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага».
Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго.
Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрошваць.
Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі.
А ён, адказваючы, сказаў бацьку свайму: «Я вось столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі.
А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”.
А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля».
Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё.
А Ён сказаў яму: «Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё — тваё.
А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
Трэба ж аднак радавацца і баляваць, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся».