Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Павел уважліва паглядзеў на Сінэдрыён і сказаў: «Браты, я да сённяшняга дня жыў перад Богам з чыстым сумленнем».
 
Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».

Першасвятар Ананія, які стаяў перад ім, загадаў біць яго па вуснах.
 
Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.

Тады Павел сказаў яму: «Бог ударыць цябе, сцяна пабеленая. Ты ж сядзіш, каб судзіць мяне паводле Закону, а загадваеш біць мяне супраць Закону?»
 
Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».

Тыя, што стаялі побач, сказалі: «Першасвятара Божага зневажаеш?»
 
А тыя, якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага абражаеш?»

Павел адказаў: «Я не ведаў, браты, што ён першасвятар. Бо напісана: “Не будзеш зласловіць кіраўніку народу свайго”».
 
Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: “Кіраўніка народа твайго не абражай”».

Заўважыўшы, што адна частка — гэта садукеі, а другая — фарысеі, Павел усклікнуў у Сінэдрыёне: «Браты, я фарысей, сын фарысея; мяне судзяць за надзею і ўваскрашэнне памерлых».
 
І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садукеяў, а другая — фарысеяў, закрычаў перад радай: «Я — фарысей, мужы браты, і сын фарысееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».

Калі ён сказаў гэта, паміж фарысеямі і садукеямі пачалася спрэчка, і сход падзяліўся.
 
Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарысеямі і садукеямі, і грамада раздзялілася.

Бо садукеі сцвярджаюць, што няма ні ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
 
Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.

Падняўся вялікі крык. Некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку спрачаліся, кажучы: «Нічога дрэннага ў гэтым чалавеку мы не знаходзім. А што калі дух ці анёл прамаўлялі да яго?»
 
І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл [, дык не будзем змагацца супраць Бога]».

Паколькі спрэчка нарастала, тысячнік, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам пайсці і забраць яго ад іх ды адвесці ў крэпасць.
 
І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.

У наступную ноч Пан з’явіўся перад ім і сказаў: «Бадзёрся! Бо як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так належыць табе сведчыць і ў Рыме».
 
У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».

Калі настаў дзень, некаторыя юдэі пакляліся не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла.
 
А як настаў дзень, учынілі змову юдэі і пакляліся, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць Паўлу.

Было больш за сорак тых, што так пакляліся.
 
І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.

Яны прыйшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся нічога не есці, пакуль не заб’ём Паўла.
 
Яны пайшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.

Таму цяпер вы разам з Сінэдрыёнам дайце знаць тысячніку, каб заўтра прывёў яго да вас, як быццам вы хочаце дакладней даведацца пра яго справу. А мы гатовыя забіць яго, перш чым ён наблізіцца».
 
Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовы забіць яго перш, чым ён дойдзе».

Калі пра гэты подступ пачуў сын Паўлавай сястры, ён прыйшоў у крэпасць і паведаміў пра гэта Паўлу.
 
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.

Тады Павел паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да тысячніка, бо ён мае яму штосьці сказаць».
 
Паўла ж паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».

Той узяў яго, прывёў да тысячніка і сказаў: «Вязень Павел паклікаў мяне і папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, бо ён мае табе штосьці сказаць».
 
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».

Тысячнік узяў яго за руку, адвёў убок і спытаўся: «Што ты маеш сказаць мне?»
 
Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»

Ён адказаў: «Юдэі змовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў Сінэдрыён, быццам бы яны хочуць дакладней даведацца пра яго.
 
Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.

Але не слухайся іх, таму што больш за сорак чалавек затаіліся супраць яго. Яны пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго. Яны ўжо напагатове і чакаюць твайго распараджэння».
 
Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».

Тады тысячнік адпусціў юнака, сказаўшы: «Нікому не кажы, што ты расказаў мне гэта».
 
Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў: «Нікому не гавары тое, што ты мне паведаміў».

І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце мне на трэцюю гадзіну ночы дзвесце жаўнераў, семдзесят коннікаў і дзвесце стральцоў, каб вырушыць у Цэзарэю».
 
І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзесят коннікаў ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.

Падрыхтуйце таксама жывёл, каб пасадзіць Паўла і адвезці яго бяспечна да намесніка Фелікса».
 
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».

Напісаў таксама ліст такога зместу:
 
Напісаў прытым ліст такога зместу:

«Клаўдзій Лізій вітае высокашаноўнага намесніка Фелікса.
 
«Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу — прывітанне.

Юдэі схапілі гэтага чалавека і хацелі забіць яго, але, калі я даведаўся, што ён рымскі грамадзянін, умяшаўся са сваімі жаўнерамі і ўратаваў яго.
 
Гэтага чалавека схапілі юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — рымлянін.

Жадаючы даведацца, з якой прычыны яго абвінавачваюць, я прывёў яго ў іхні Сінэдрыён
 
Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, адвёў яго ў іх раду

і ўбачыў, што яго вінавацяць у спрэчных пытаннях іхняга Закону і што няма на ім ніякай віны, якая заслугоўвае смерці або кайданаў.
 
і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іх закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрога.

А калі мне данеслі, што юдэі ўчынілі змову супраць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы таксама абвінаваўцам выступіць супраць яго перад табою».
 
Калі ж мне паведамілі аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой».

Тады жаўнеры на ягоны загад узялі Паўла і павялі ноччу ў Антыпатрыс.
 
Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.

Назаўтра, пакінуўшы коннікаў ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць.
 
Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.

Тыя ж, прыйшоўшы ў Цэзарэю, перадалі намесніку ліст і паставілі перад ім Паўла.
 
Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку ды паставілі Паўлу перад ім.

Прачытаўшы ліст, той спытаўся, з якой ён правінцыі. Даведаўшыся, што ён з Цыліцыі, сказаў:
 
А ён, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,

«Я выслухаю цябе, калі прыйдуць твае абвінаваўцы». І загадаў трымаць яго пад вартаю ў прэторыі Ірада.
 
сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.