Дзеі 24 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды не́йкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
Пасля пяці дзён прыбыў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і з нейкім рытарам Тэртулам, і прадставілі намесніку абвінавачанне супраць Паўлы.
Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
І, калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць, кажучы: «Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакоі, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народа,
Дазнаючы праз цябе́ вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усе́ю ўдзячнасьцяй.
найдастойнейшы Фэлікс, і мы ўсюды ды заўсёды прымаем гэта з выказваннем усялякай удзячнасці.
Але, каб табе́ шмат не дакучаць, прашу цябе́ каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці твае́й.
А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна нядоўга паслухаў.
Бо, знайшоўшы, што чалаве́к гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсе́нькім сьве́це ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
Мы знайшлі, што гэты чалавек сее заразу і выклікае бунты сярод усіх юдэяў у цэлым свеце, і ён — правадыр секты Назарэйцаў,
які й храм адважыўся зьнява́жыць, — мы ўзялі яго й хаце́лі судзіць паводле нашых законаў.
які нават адважыўся спаганіць святыню, дык мы яго схапілі [і хацелі судзіць паводле нашага закону].
Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
[Але прыйшоў трыбун Лісій і з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,]
загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе́. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даве́дацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
[загадаўшы абвінаваўцам яго ісці да цябе.] Дык, даследуючы ўсё гэта, ты сам зможаш даведацца ад яго, у чым мы яго вінавацім».
Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
І юдэі пацвердзілі, кажучы, што так яно і ёсць.
Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ве́даючы цябе́ многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватне́й буду бараніці справу маю.
Калі намеснік даў знак Паўлу гаварыць, ён адказаў: «Ведаю, што ты ад многіх гадоў з’яўляешся суддзёю гэтага народа, таму з добрым настроем дам апраўданне ў маёй справе.
Ты можаш даве́дацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
Можаш пераканацца, што я не больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім дзеля пакланення.
І ані ў храме не знайшлі мяне́ хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
І ані ў святыні, ані ў сінагозе, ані ў горадзе не бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падбухторваў людзей на забурэнне.
дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне́.
Яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.
Але табе́ прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, ве́ручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
Да таго вось прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў, верачы ва ўсё, што напісана ў законе ды ў прарокаў,
маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасе́ньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
маючы таксама ў Богу надзею, што будзе ўваскрэсенне [мёртвых,] справядлівых і несправядлівых, чаго і яны чакаюць.
Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся ме́ць заўсёды чыстае сумле́ньне перад Богам і перад людзьмі.
Таму і сам стараюся заўсёды мець бездакорна чыстае сумленне перад Богам і перад людзьмі.
Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
Па многіх гадах прыйшоў я да майго народа, каб учыніць міласціны ды ахвяры,
і на гэтым знайшлі мяне́ ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
і пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні без натоўпу ды без заварухі
вось ім трэба было прыйсьці да цябе́ й вінаваціць мяне́, калі-б не́шта проці мяне́ ме́лі.
некаторыя юдэі з Азіі. Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць, калі маюць нешта супраць мяне.
Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне́ які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам,
А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі, калі стаяў я перад радай.
апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне́ за ўваскрасе́ньне мёртвых.
Хіба толькі тое, што, стоячы між імі, закрычаў я ўголас: “Судзяць мяне сёння ў вас за веру ва ўваскрэсенне з мёртвых”.
Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабне́й разьве́даўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгле́джу справу вашу.
Фэлікс, добра разбіраючыся, што гэта за шлях, адклаў іх справу, кажучы: «Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лісій».
І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
І загадаў сотніку пільнаваць яго і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з яго [блізкіх] паслугаваць яму.
Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю свае́ю, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб ве́ры ў Хрыста.
Па некалькіх днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўлу ды слухаў яго аб веры ў Ісуса Хрыста.
А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе́, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпе́р годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе́.
Але калі Паўла стаў апавядаць пра справядлівасць, і пра ўстрыманасць, ды пра будучы суд, Фэлікс, напалоханы, адказаў: «Цяпер даволі, ідзі; пры зручным часе паклічу цябе».
Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўлы грошы, дык таму, часта запрашаючы яго, гутарыў з ім.
А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцый Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўлу ўвязненым, хочучы аказаць ласку юдэям.