Дзеі 20 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Калі-ж сьціхла ўзварушэньне, Паўла, паклікаўшы вучняў ды разьвітаўшыся, пайшоў, кіруючыся ў Македонію.
 
Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.

Прайшоўшы-ж гэныя зе́млі ды многімі словамі навучыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
 
Калі ж прайшоў тыя мясціны і ўмацаваў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.

Прабыўшы-ж тры ме́сяцы, калі Жыды зрабілі на яго засаду, і ён маніўся вырушыць у Сірыю, прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
 
І, калі прабыў там тры месяцы, то юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.

Ішлі-ж з ім да Азіі Сосіпатр Вэрыец ды із Фессалонян Арыстарх і Сэкунд, і Гай Дэрбянін і Цімахве́й, ды із Азійцаў Тыхік і Трахім.
 
Праводзілі яго Сапатэр Піраў з Бэрэі, Арыстарх і Секунд з Тэсалонікі, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў — Тыхік і Трафім.

Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Троадзе.
 
Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,

Мы-ж адплылі былі пасьля дзён праснакоў із Філіпаў ды дзён цераз пяць прыйшлі к ім у Троаду, дзе́ прабылі се́м дзён.
 
а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, калі вучні сабраліся на ламаньне хле́ба, Паўла, манючыся назаўтрае выйсьці, вёў з імі гутарку й зацягнуў яе́ ажно да паўночы.
 
У першы дзень пасля суботы, калі сабраліся мы на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, гутарыў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.

Было-ж даволі сьве́тачаў у сьвятліцы, дзе́ мы сабраліся.
 
І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраны.

Дзяцюк-жа не́йкі, на ймя Яўціх, сядзючы́ на акне́, крэпка заснуў; як Паўла прамаўляў доўга, пахіснуўшыся ў сьне́, зваліўся ён з трэцяга паве́рху ўніз і быў падняты няжывы.
 
А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.

Паўла-ж, зыйшоўшы ўніз, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не палохайцеся, бо душа ягоная ў ім.
 
Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».

І, падняўшыся наве́рх ды разламаўшы хле́б і пае́ўшы, гутарыў даволі ажне да сьвітаньня дый пайшоў.
 
І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.

А дзяцюка прывялі жывога і ўце́шыліся нямала.
 
А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.

Мы-ж пайшлі напе́рад да карабля і паплылі ў Асс, манючыся забраць стуль Паўлу: бо гэтак ён нам загадаў, манючыся сам ісьці пехатой.
 
Мы ж, сеўшы на карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.

Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Асьсе, дык, забраўшы яго, прыбылі мы ў Мітыле́ну.
 
Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену

І, адплыўшы стуль, мы на другі дзе́нь затрымаліся проці Хіоса, а назаўтрае прысталі к Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыбылі ў Міле́т;
 
і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос, а на наступны дзень дабраліся да Мілета,

бо Паўла надумаў плыці міма Эфэсу, каб ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся быць, калі магчыма, ў дзе́нь Пяцідзясятніцы ў Ерузаліме.
 
бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці адзначыць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.

З Міле́ту-ж паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў да сябе́ старшых царквы́
 
З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.

і, як яны апынуліся перад ім, сказаў ім: Вы ве́даеце, як я, ад пе́ршага дня прыходу майго ў Азію, уве́сь час быў з вамі,
 
А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вамі ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,

служачы Богу з усе́й пакорнасьцяй і многімі сьлязьмі й спакушэньнямі, што прыходзілі на мяне́ ад подступаў Жыдоўскіх,
 
служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў юдэйскіх;

ды як нічога не прапускаў я із таго, што было-б карысна, каб вам пераказаць і навучаць вас усенародна й па дамох,
 
як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,

сьве́дчучы й Жыдом і Грэкам аб пакаяньні перад Богам ды аб ве́ры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
заклікаючы як юдэяў, так і грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу.

І вось цяпе́р, зьвязаны Духам, іду я ў Ерузалім, ня ве́даючы, што тамака сустрэне мяне́,
 
І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.

адно толькі Дух Сьвяты сьве́дчыць па ме́стах, кажучы, што ждуць мяне́ путы й мукі.
 
У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.

Ды я нічога ня дбаю й не даражу маім жыцьцём, абы толькі ў радасьці закончыць шлях мой і служэньне, што ўзяў ад Госпада Ісуса, сьве́дчучы аб Эвангельлі міласьці Божае.
 
Але я не дбаю лішне пра сваю душу, абы толькі завяршыць бег мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.

І цяпе́р вось ве́даю, што ня ўгле́дзіце больш аблічча майго вы ўсе́, сярод каго я хадзіў, абвяшчаючы царства Божае.
 
І цяпер, вось, ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства [Божае].

Дык сьве́дчу вам у сягоньняшні дзе́нь, што я чысты ад крыві ўсіх:
 
Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,

бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
 
бо я не ўхіляўся, каб прапаведаваць вам усю волю Божую.

Пілнуйце-ж самі сябе́ й усё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за япіскапаў, каб пасьвіць царкву Бога, якую Ён прыдбаў уласнаю крывёй Сваёй.
 
Зважайце на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы епіскапамі, каб пасвіць царкву Бога, якую Ён здабыў Сваёй Крывёй.

Я-ж ве́даю гэта, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія не пашкадуюць стада,
 
Я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка,

дый спасярод вас самых паўстануць людзі, што гаварыцімуць наадварот, каб пацягнуць вучняў за сабою.
 
ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.

Дык не драмліце, памятаючы, што я тры гады ўдзе́нь і ўначы не пераставаў са сьлязьмі навучаці кожнага із вас.
 
Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.

І цяпе́р я аддаю вас, браты, Богу й слову міласьці Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну міжы ўсімі пасьвячонымі.
 
І цяпер [, браты,] даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць спадчыну з усімі святымі.

Ні серабра, ні золата, ні вопратак я ні ад кога не жадаў:
 
Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.

вы-ж самі ве́даеце, што патрэбы мае́ і тых, што былі са мною, здавалялі вось гэтыя рукі.
 
Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.

У-ва ўсім паказваў я вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён казаў: Шчасьліве́й даваць, чым браць.
 
Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: “Лепш даваць, чым браць”».

І, сказаўшы гэтае ды сукланіўшы кале́ні свае́, маліўся з імі з усімі.
 
Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.

Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
 
І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,

сумуючы найбольш дзеля слова, якое сказаў, што ўжо больш ня ўгле́дзяць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
 
сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.