Псалтыр 144 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Давідавы.Багаслаўлены Госпад, цьвярдыня мая што рукі мае навучае вайны і пальцы — змаганьня.
Сіла мая й агарожа мая, цьвярдыня мая і Збавіцель, шчыце мой, Ты, на Каго спадзяюся, Хто народ мой мне паддае!
Чым, Госпадзе, ёсьць чалавек, што Ты аб ім рупішся, чым — сын чалавечы, што Ты на яго зварачаеш увагу?
Чалавек падобны да подмуху; жыцьцё яго — быццам цень мімалётны.
Нахілі Тваё неба, о Госпадзе, ды зыйдзі, дакраніся да гор, і узьнімуцца!
Блісьні маланкай ды іх расьцяруш, пашлі стрэлы Твае ды іх пражані!
Выцягні з высі руку Тваю, вызваль мяне і спасі ад водаў вялікіх, із рук чужакоў,
вусны якіх гавораць брахліва, правіца-ж — правіца ілжы.
Божа, я новую песьню Табе запяю, на арфе дзесяціструннай буду іграці Табе,
Табе, што царом даеш перамогу, што Давіда, раба Твайго, ад мяча пагібелі вызваліў!
Вырві мяне й ратуй мяне ад моцы чужынцаў, вусны якіх гавораць брахліва, правіца якіх ёсьць правіца ілжы.
Хай сыны нашы будуць, як саджанцы, узрашчоныя ў іх маладосьці; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя ў палацы, што штучна высечаны.
Гумны нашы няхай будуць поўныя, на ўсякае збожжа багатыя; няхай плодзяцца нашы авечкі тысячмі й цьмамі на пасьвішчах нашых.
Няхай будуць тлустыя нашы валы; хай ня будзе ўзламаньня ні жаднае страты, ні плачу на вуліцах нашых!
Шчасьлівы народ, катораму гэтак шанцуе! Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад!