Псалтыр 53 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Кіраўніку хору: на лад сумны. Навука Давідава.
 

Казаў неразумны ў сэрцы сваім: Няма Бога! Распусьціліся яны й паступаюць агідна; ніхто з іх ня робіць добрага.
 

Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які-б Бога шукаў.
 

Усё адступіліся, усё папсаваліся; ня было нікога, хто-б рабіў дабро, — аніводнага!
 

Няўжо-ж не апамятаюцца злачынцы, што зьядаюць народ Мой, быццам хлеб ядуць, ды Бога не прызываюць?
 

Дык дрыжаць яны будуць ад страху, дзе няма дзеля страху прычыны; бо Бог расьцярушыць косьці тых, што абступілі цябе. І ты асароміш іх, бо Госпад ад іх адцураўся.
 

Ах, каб прыйшло Ізраілю спасеньне з Сыону! Калі паверне Бог лёс народу Свайго, будзе радавацца Якуб, будзе весяліцца Ізраіль.