Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
І прыйшоў ізноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў засохлую руку.
І сачылі за Ім, ці не вылечыць яго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго.
І кажа Ён чалавеку, які меў сухую руку: Падыміся і стань на сярэдзіну.
Ён-жа кажа сухарукаму: «Стань пасяродку».
А ім кажа: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, жыццё ўратаваць ці забіць? — Яны ж маўчалі.
Тады гаворыць да іх: «Ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло? Душу выбавіць ці загубіць яе?» Але яны маўчалі.
І, агледзеўшы іх з гневам, засмучаны закамянеласцю іх сэрцаў, кажа Ён гэтаму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і яго рука ўзнавілася8.
I, глянуўшы на іх гнеўна ды сумуючы аб закамянеласьці сэрцаў іхных, кажа сухарукаму: «Падымі руку тваю!» Ён падняў, і стала рука яго здароваю, як і другая.
Фарысеі ж, выйшаўшы, адразу з ірадыянамі прынялі рашэнне супроць Яго, каб Яго загубіць.
Фарысеі выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго.
А Ісус са Сваімі вучнямі адышоў да мора, і вялікае мноства з Галілеі [пайшло ўслед за Ім], і з Іудзеі,
Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі,
і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з Заіардання, і з ваколіц Тыра і Сідона, — вялікае мноства, пачуўшы пра ўсё, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
з Ерусаліму, і Ідумэі, і з-за Ярдану, і з ваколіц Тыру й Сыдону, — вялікай грамадою йшлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў.
І сказаў Ён Сваім вучням, каб лодка для Яго была напагатове з-за натоўпу, каб не напіралі на Яго;
I сказаў вучням Сваім, каб прыгатавалі для Яго човен, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго.
бо многіх Ён вылечыў, так што ўсе, каго даймалі хваробы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
Бо шматлікіх Ён ацаліў, таму ўсе, хто меў нядугу, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
І нячыстыя духі, калі Яго бачылі, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, пáдалі прад Ім і крычалі, кажучы: «Ты Сын Божы!»
Ды Ён сурова забараняў ім абвяшчаць пра Яго.
Але Ён моцна забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
І Ён узыходзіць на гару і кліча да Сябе, каго Сам хацеў, і яны пайшлі да Яго.
I, узыйшоўшы на гару, паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго.
І прызначыў дванаццаць, [якіх і Апосталамі назваў], каб былі з Ім і каб Ён пасылаў іх прапаведаваць
I, выбраўшы зь іх дванаццаць, каб былі зь Ім і каб пасылаць іх на прапаведаньне.
і каб яны мелі ўладу [вылечваць хваробы і] выганяць дэманаў;
I каб яны мелі ўладу вызваляць зь нядугаў і выганяць злыдухаў.
[і вызначыў гэтых дванаццаць]: і даў імя Сіману — Пётр
І выбраў Сымона, даўшы яму ймя Пётра.
і Іякава Зевядзеевага, і Іаана, Іякавага брата, і даў ім імя Ваанергес, гэта значыць «Громавы сыны»;
I Якуба Заведэева й Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Бэанаргэс, што значыць — сыны громавы.
і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
I Андрэя, і Піліпа, і Бартламея, і Мацьвея, і Хаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта.
і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
І Юду Іскарыёта, які й прадаў Яго.
І прыходзіць Ён у дом; і сходзіцца зноў натоўп, так што яны не маглі нават хлеба з’есці.
I прыходзяць дадому, ізноў зыходзіцца народ, аж ім нават і хлеба зьесьці нельга было.
І Яго родныя, дачуўшыся, выйшлі забраць Яго; бо казалі: Ён не ў Сабе.
I, дачуўшыся, бліжнія Яго пайшлі забраць Яго, бо апавядалі, што Ён не пры сабе.
А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі: у Ім веельзевул, і Ён праз уладара дэманаў выганяе дэманаў.
А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзэвула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага.
І, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана сатану выганяць?
I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: «Як можа шатан шатана выганяць?
І калі царства падзеліцца само супроць сябе, то не можа ўстаяць тое царства;
Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое.
і калі дом падзеліцца сам супроць сябе, то не можа ўстаяць той дом.
I калі дом разьдзеліцца сам ў сабе, ня зможа ўстаяць дом той.
І калі сатана паўстаў сам супроць сябе і падзяліўся, не можа ён устаяць, а прыйшоў канец яму.
I калі шатан паўстаў сам на сябе й разьдзяліўся, ня можа ўстаяць, але канец яму.
Але ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, абрабаваць яго дабро, калі спярша не звяжа дужага, — і тады яго дом абрабуе.
Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага чалавека, рабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом ягоны».
Сапраўды кажу вам: будуць дараваны чалавечым сынам усе грахі і ўсе блюзнерствы, якімі б яны ні блюзнерылі;
«Папраўдзе кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і ўсе зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі.
але хто зблюзнерыць на Святога Духа, таму няма даравання навекі, а вінаваты ён у вечным граху.
Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчэньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню.»
Ён сказаў гэта, бо яны казалі: у Ім нячысты дух.
I сказаў гэта таму, што гаварылі: «У Ім нячысты дух».
І прыходзіць Яго Маці і Яго браты і, стоячы знадворку, паслалі да Яго, каб паклікаць Яго.
Тады прыйшлі Маці й браты Ягоныя і, стоячы вонках дому, паслалі да Яго паклікаць Яго.
І вакол Яго сядзеў натоўп; і кажуць Яму: Вось Твая Маці і Твае браты [і Твае сёстры] знадворку, шукаюць Цябе.
Навокал Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку пытаюць пра Цябе».
І ў адказ ім Ён кажа: Хто Мая маці і [Мае] браты?
I сказаў ім: «Хто Маці Мая, ці браты Мае?»
І, аглядзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: Вось Мая маці і Мае браты!
I, абвёўшы позіркам усіх, што сядзелі вокал Яго, сказаў: «Вось маці Мая й браты Мае.
[Бо] хто выконвае волю Божую, той Мой брат, і сястра, і Маці.
Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і маці Мая».