Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І Ён зноў пачаў вучыць каля мора; і сабраўся да Яго вялізны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку на моры, сядзеў, а ўвесь натоўп быў на зямлі пры моры.
 
І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралася ля Яго такое мноства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзеў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.

І Ён вучыў іх многаму ў прыпавесцях і казаў ім у Сваёй навуцы:
 
І доўга павучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім:

Слухайце! Вось выйшаў сейбіт сеяць.
 
«Слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.

І сталася, калі ён сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.
 
I калі ён сеяў, адно насеньне ўпала на дарогу, і наляцелі птушкі й падзяўблі яго.

А другое ўпала на скалісты грунт, дзе няшмат было зямлі, і адразу ўзышло, бо зямля была не глыбокая;
 
Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая.

і калі ўзышло сонца — прыпаліла яго і, таму што не мела кораня, засохла.
 
Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла.

А іншае ўпала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго, і плоду яно не дало.
 
Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна й заглушыла яго, і плоду ня выдала.

А іншыя ўпалі ў добрую зямлю і давалі плод, уздымаючыся і ўзрастаючы, і прыносіла адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
 
Іншае ўпала ў добрую глебу й дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае стакроць».

І казаў ім: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
I сказаў ім: «Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

І калі Ён застаўся адзін, тыя, што былі вакол Яго разам з дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесцях.
 
Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі зь Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць.

І казаў ім: Вам дадзена таямніца Царства Божага; тым жа, па-за вамі, усё паўстае ў прыпавесцях,
 
І сказаў ім: «Дадзена вам пазнаваць тайніцы Ўладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях.

каб яны, гледзячы, бачылі і не ўгледзелі, і, слухаючы, чулі і не разумелі, каб не далучыліся яны, і было даравана ім9.
 
Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя».

І кажа ім: Не разумееце гэтай прыпавесці, а як зразумееце ўсе прыпавесці?
 
I кажа ім: «Не разумееце гэтае прыпавесьці? Як-жа вам зразумець усе прыпавесьці?

Сейбіт сее слова.
 
Сейбіт слова сее.

А вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова; і калі яны пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх [сэрцах].
 
Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.

І гэтак жа тыя, што сеюцца на скалістым грунце, — яны, калі пачуюць слова, адразу з радасцю прымаюць яго,
 
Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй.

ды не маюць кораня ў сабе і дачасныя; пасля, калі падыходзіць уціск або ганенне за слова, адразу разуверваюцца.
 
Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, зараз-жа спакушаюцца.

А іншыя — гэта тыя, што сеюцца ў церні, гэта тыя, хто пачуў слова,
 
А тыя, што ў цярніне пасеяныя — гэта тыя, якія чуюць слова.

ды турботы веку і зман багацця ды жаданні чаго-небудзь іншага, уваходзячы, зусім заглушаюць слова, і яно робіцца бясплодным.
 
Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця й розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплённым.

А вось тыя, пасеяныя на добрую зямлю: гэта тыя, што чуюць слова і прымаюць і даюць плод: адно — у трыццаць, і адно — у шэсцьдзесят, і адно — у сто разоў.
 
А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія чуюць слова, прыймаюць яго й даюць плён — адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць».

І казаў ім: Хіба лямпа прыносіцца на тое, каб паставілі яе пад пасудзіну ці пад ложак? А ці не на тое, каб паставілі яе на падстаўку?
 
І сказаў ім: «Ці-ж на тое прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак? А ці-ж не для таго, каб паставіць яе на падсьвечніку?

Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным, і нічога ўтоенага, каб не выйшла на яўнае.
 
Бо няма нічога тайнага, каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выявілася.

Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
 
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае.»

І Ён казаў ім: Зважайце, што чуеце. Якою мераю вы мерыце, такою будзе адмерана вам і будзе дададзена вам, [хто слухае].
 
I сказаў ім: «Заўважайце, што чуеце: якою мераю мераеце, такою й вам адмерана будзе й дададзена будзе вам слухаючым.

Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, і тое, што мае, будзе ўзята ад яго.
 
Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мае.»

І Ён казаў: Так і Царства Божае: як чалавек, што кіне насенне ў зямлю,
 
I сказаў: «Уладарства Божае падобнае да чалавека кідаўшага насеньне ў землю.

і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень, а насенне прарастае і выцягваецца, як — ён не ведае.
 
І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае й расьце без яго веданьня.

[Бо] зямля сама сабою пладаносіць: спярша рунь, пасля колас, пасля поўнае зерне ў коласе.
 
Бо зямля сама сабою родзіць: сьпярша рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.

Калі ж плод даспее, ён адразу пасылае серп, бо надышло жніво.
 
Калі-ж насьпее плён, зараз-жа пасылае жаць, бо настала жніва.»

І Ён казаў: З чым параўнаем Царства Божае ці ў якім прыпадабненні выявім яго?
 
І сказаў: «Да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? Ці якою прыпавесьцяй выкажам Яго?

Яно як гарчычнае зерне, што, калі пасеяна ў зямлю, найдрабнейшае з усяго насення на зямлі,
 
Яно, як зерне гарчычнае: калі высяваецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае зерне на зямлі.

а калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большым за ўсю агародніну і пускае вялікія галіны, так што пад яго ценем могуць гняздзіцца птушкі нябесныя.
 
Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсякае зельле, і выпускае вялікія галінкі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя.»

І такімі многімі прыпавесцямі казаў ім слова, наколькі яны маглі чуць;
 
I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць.

а без прыпавесці не казаў ім, а Сваім вучням асобна ўсё растлумачваў.
 
Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё.

І ў той самы дзень з надыходам вечара кажа ім: Пераедзьма на той бок.
 
Таго-ж дня ўвечары ім сказаў: «Пераплывем на той бок».

І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго з сабою, як быў у лодцы; і іншыя лодкі былі з Ім.
 
І яны, адправіўшы народ, узялі Яго з сабою, так як быў у чаўне, і былі зь Ім іншыя чаўны.

І ўзнімаецца моцны вецер-віхор, і хвалі білі ў лодку, так што ўжо напаўнялася лодка вадою.
 
І ўсхадзілася вялікая бура, хвалі так білі ў човен, што човен пачаў напаўняцца вадою.

А Ён быў на карме і спаў на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўніку, няўжо не турбуе Цябе, што мы гінем?
 
Ён-жа Сам спаў пры стырне на ўзгалоўі; Яго будзяць і кажуць Яму: «Настаўніку, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?»

І, разбуджаны, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Маўчы, суцішся! — І суняўся вецер і настала вялікая ціша.
 
І ўстаўшы, Ён супакоіў вецер і азваўся да мора: «Сьціхні, супакойся!» I заціх вецер, і стала вялікая ціша.

І Ён сказаў ім: Што вы такія баязлівыя? Хіба яшчэ няма ў вас веры?
 
I сказаў ім: «Чаму вы такія баязьлівыя? Як-жа ў вас няма веры?»

І яны настрашыліся страхам вялікім і казалі адзін аднаму: Хто ж тады Ён, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?
 
Яны-ж праняліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: «Хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?»