Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Здарылася Яму ўвайсьці ў сыботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх пасілкавацца хлебам; тыя-ж цікавалі за Ім.
І вось чалавек адзін, які меў вадзянку, стануў прад Ім.
Ісус, азваўшыся да законьнікаў і фарысеяў, сказаў: — ці дазваляецца аздараўляць у сыботы?
Яны маўчалі; Ён-жа, дакрануўшыся, ацаліў яго й адправіў.
Тады, азваўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл ці вол уваліцца ў калодзеж, ці ня выцягне яго зараз-жа ў дзень сыботні.
І не маглі нічога адказаць Яму на гэта.
А заўважаўшы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць.
Калі хто цябе пакліча на вясельле, не садзіся на першае месца, каб часам не зьявіўся хто з запрошаных паважнейшы за цябе;
І каб той, хто запрасіў цябе й яго, падыйшоўшы, не сказаў бы табе: — дай месца яму, — і тады з сорамам давядзецца табе займаць апошняе месца.
Але калі пазваны будзеш, прыйшоўшы, сядзь на апошняе месца, каб той, хто запрасіў цябе, падышоўшы, сказаў табе: — дружа перасядзь вышэй! тады будзе табе чэсць прад тымі, хто сядзеў побач з табою.
Бо ўсякі, хто павышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, павышаны будзе.
Сказаў-жа й таму, хто запрасіў Яго: калі выдаеш абед ці вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, бо й яны могуць паклікаць цябе, і ты атрымаеш аддачу.
Але, калі спраўляеш пачастунак, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых;
І шчасьлівы будзеш, што яны ня будуць мець чым табе аддаць, аддасца-ж табе пры ўваскрасеньні праведнікаў.
Пачуўшы гэтае, адзін з тых, якія сядзелі за сталом разам з Ім, сказаў: — шчаслівы той, хто будзе на пачастунку ў Валадарстве Божым.
І Ён-жа сказаў яму: — чалавек адзін справіў вялікую вячэру й запрасіў многіх.
І калі прыйшоў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць зазваным: — прыходзьце, ужо ўсё гатова.
І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца; першы сказаў яму: — я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці агледзець яе, — прашу цябе, выбач мне.
Другі сказаў: — я купіў пяць пар валоў ды йду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
Трэйці сказаў: — я ажаніўся, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
Вярнуўшыся, слуга той пераказаў усё гэта гаспадару свайму; тады гаспадар дому, угневаны, сказаў слузе свайму: — ідзі хутчэй па вуліцах і вулачках места й прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
І сказаў слуга: — гаспадару! зроблена, як ты казаў, і яшчэ ёсьць месцы.
Тады гаспадар сказаў слузе свайму: — прайдзі па дарогах і каля агарожаў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
Бо, кажу вам: ніводзін з тых мужоў зазваных не пакаштуе вячэры мае: бо многа званых, але мала выбраных.
І шлі-ж за Ім вялікія грамады народу. І, абярнуўшыся да іх, сказаў:
— калі хто прыйходзіць да Мяне й не адвернецца ад айца свайго й маці свае, і ад жаны й дзяцей, й братоў і сёстраў, а яшчэ й ад жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем.
І хто не нясе крыжа свайго і йдзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
Хто-ж бо з вас, задумаўшы збудаваць вежу, ня сеў-бы перш аблічыць, ці мае за што закончыць збудаваньне яе?
Каб, калі заложыць фундамант, а ня здоме закончыць, людзі не сьмяяліся-б з яго;
Кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць, ды ня мае чым канчаць.
Або які князь, зьбіраючыся ваяваць з іншым князем, ці ня сядзе перш і не парадзіцца, ці зможа ён з дзесяцьма тысячамі супроцьставіцца таму, хто йдзе на яго з дваццацьма тысячамі?
Бо, іначай, калі той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
Гэтак і кажны з вас: хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Соль — добрая рэч, але калі соль страціць моц, чым паправіш яе?
Ні ў зямлю ні ў гной не надаецца — вон выкідаюць яе. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.