Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Набліжалася сьвята Прэсьнікаў, званае Пасха.
 

Ахісьвятары і кніжнікі выглядалі, як-бы загубіць Яго, бо прад народам баяліся.
 

І ўвайшоў шатан у Юду, званага Іскарыёт, аднаго з ліку дванаццацёх.
 

І той пайшоў і змаўляўся з архісьвятарамі і начальнікамі, каб выдаць Яго ім.
 

Яны-ж узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбнікаў.
 

І ён згадзіўся і шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго ім не пры народзе.
 

І вось надыйшоў дзень Прэсьнікаў у які належала ахвяроўваць Пасху.
 

І паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: — пайдзеце і прыгатуйце нам Пасху да спажываньня.
 

Яны-ж сказалі Яму: — дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
 

Ён-жа сказаў ім: — вось як будзеце ўвайходзець у места, напаткаецца вам чалавек, які будзе нясьці збан вады; ідзце за ім у дом, у які ён увойдзе.
 

І скажэце гаспадару дому: — Вучыцель гаворыць да цябе: дзе гаспода, у якой-бы Мне спажыць Пасху з вучнямі Маімі.
 

І ён пакажа вам сьвятліцу прасторную, прыбраную; там і прыгатуйце.
 

І яны пайшлі і знайшлі, як і казаў ім, і прыгатавалі Пасху.
 

І як надыйшоў час, сеў за стол, і дванаццаць апосталаз з Ім.
 

І прамовіў да іх: — вялікім жаданьнем Маім была спажываць гэтую Пасху з вамі, перш чым прыняць пакуту.
 

Бо, кажу вам, што ад гэтага часу ня буду спажываць яе, пакуль ня споўніцца у Ўладарстве Божым.
 

І, узяўшы чашу узьнёс падзяку і сказаў: — вазьмеце яе і разьдзялеце між сабою.
 

Бо, кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Ўладарства Божае.
 

І, узяўшы хлеб, узьнёс падзяку, і паламаўшы, падау ім, кажучы: — гэта ёсьць Цела Мае, за вас аддаванае; гэтае рабеце на ўспамін Мяне.
 

Таксама і чашу пасьля вячэры ўзяў, кажучы: — гэтая чаша — новы запавет у кпыві Маёй, якая за вас праліваецца.
 

А то-ж, вось рука таго, хто прадае Мяне, са мною за сталом.
 

Але Сын Чалавечы йдзе, як гэта прызначана было; аднак-жа, гора чалавеку таму, праз якога Ён прадаецца.
 

І яны пачалі дапытвацца спаміж самых, хто-б гэта з іх мог учыніць такое?
 

Пачалася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
 

Ён-жа сказаў ім: — Ўладары народаў камандуюць імі, і, ўладарачы імі, дабрадзеямі завуцца.
 

З вамі-ж ня гэтак, але большы з вас няхай станецца найменшым, а старшы, як слуга.
 

Бо хто большы? ці той, хто за сталом, ці той, хто прыслугоўвае? ці-ж ня той, хто за сталом? Я-ж пасярод вас, як паслужнік.
 

Але вы тыя, якія ператрывалі пры Мне ў выпрабаваньнях Маіх.
 

І Я запавядаю вам уладарства, як запавядаў Мне Айцец Мой.
 

Каб вы елі і пілі за сталом Маім у Ўладарстве Маім і селі на пасадах судзіць дванаццаць кален Ізраілевых.
 

І сказаў-жа Госпад: Сымане, Сымане! вось шатан пажадаў вас, каб прасяваць, як пшаніцу.
 

Але Я маліўся за цябе, каб не аслабла вера твая; і ты некалі, прывярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
 

Ён-жа адказаў Яму: — Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сьмерць.
 

Ён-жа сказаў яму: — кажу табе Пётра, не прапяе яшчэ певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што ня ведаеш Мяне.
 

І сказаў ім: — калі Я пасылаў вас без кашалька і бяз торбы і без сандаляў, ці мелі вы ў чым недахоп? яны-ж адказалі: ні ў чым.
 

Тады сказаў ім: — цяпер-жа, хто мае кашалёк, няхай возьме, таксама і торбу; а каторы ня мае, няхай прадасьць адзежыну сваю і купіць меч.
 

Бо, кажу вам, што павінна выпаўніцца на Мне тое, што напісана: «і да злачынцаў прылічаны», бо тое, што пра Мяне, да выканчэньня дайходзіць.
 

Яны-ж сказалі: — Госпадзе! вось тут два мячы; Ён сказаў ім: — даволі.
 

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
 

Прыйшоўшы на месца, сказаў ім: — малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
 

А Сам аддаліўся ад іх на пошыб каменя і, укленчыўшы, маліўся;
 

Прамаўляючы: Ойча, калі-б воля Твая, пранясі чашу гэтую па-за Мною, але не Мая, а Твая воля няхай станецца.
 

Зьявіўся-ж Яму ангел з неба і ўзмацоўваў Яго.
 

І ўпаўшы ў сьмяротную агонію найшчырэй маліўся; і быў пот Яго, як кропкі крыві, сплываючы на зямлю.
 

І ўстаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў, застаў іх соннымі ад смутку.
 

І прамоўвіў да іх: — чаму вы сьпіцё? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
 

Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, паказалася грамада народу, а наперадзе йшоў адзін з дванаццацёх названы Юда; і падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго, бо гэткі знак даў ім: — каго пацалую, Той ёсьць.
 

Ісус-жа сказаў яму: — Юда! ці пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?
 

Тыя-ж, якія былі пры Ім, бачачы, да чаго ўсё схіляецца, сказалі Яму: — Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам.
 

І адзін з іх ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму правае вуха.
 

Але Ісус, адазваўшыся, сказаў: — пакіньце з гэтым, і дакрануўшыся да вуха таго, ацаліў яго.
 

І сказаў Ісус прыйшоўшым па Яго архісьвятарам, начальнікам сынагогаў і старшыням: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і з кіямі.
 

Кажны дзень быў Я з вамі ў сьвятыні, і вы ня выцягвалі рук на Мяне; але цяпер ваш час, і ўлада цемры.
 

І ўзяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архісьвятара; Петра-ж усьлед ішоў здалёк.
 

Калі-ж разлажылі агонь пасярод двора і паселі навокал, сеў і Пётра між імі.
 

І вось адна служанка, якая сядзела пры агні, і ўглядаючыся ў яго, сказала: — і гэты таксама быў з Ім.
 

Ён-жа адрокся ад Яго, сказаўшы: — жанчына! я ня знаю Яго.
 

Неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: — і ты з іх; Петра-ж сказаў: — чалавеча! ды не!
 

А праз гадзіну часу яшчэ хтось упэўнена сказаў: — запраўды і гэты быу з Ім, бо ён-жа і галілянін.
 

Але Пётра сказаў: — чалавеча! ня ведаю, што ты гаворыш; і яшчэ ня скончыў гаварыць, як прапяяў певень.
 

І, абярнуўшыся, Госпад узглянуў на Пятра; тады ўспомніў Пётра слова Гасподняе, сказанае яму: — перш чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
 

І выйшаў вон і горка заплакаў.
 

Людзі-ж, якія дзяржалі Ісуса, зьдзекаваліся з Яго і білі Яго.
 

І закрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго, кажучы: — спраракуй, хто Цябе ўдарыў.
 

І шмат іншых зьнявагаў і крыўдаў кідалі на Яго.
 

А калі настаў дзень, зыйшліся старшыні народныя, і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынедрыён.
 

І сказалі: — калі Ты Хрыстос, скажы нам. Ён-жа сказаў ім: — калі вам скажу, не паверыце;
 

А калі папытаю і вас, не адкажаце Мне і не адпусьціце Мяне.
 

Але ад гэтага часу Сын Чалавечы сядзе праваруч Сілы Божае.
 

І сказалі ўсе: — дык Ты Сын Божы? — Ён адказаў ім: — вы самі кажаце, што Я.
 

Яны-ж сказалі: — якое яшчэ сьвядоцтва патрэбна нам? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных.