Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І было ў адзін з дзён тых, калі Ён навучаў людзей у храме й дабравесьціў, падыйшлі архісьвятары й кніжнікі з старэйшынямі;
 

І пыталі ў Яго, кажучы: — скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае творыш, ці хто даў Табе гэтую ўладу?
 

Ён-жа, адказваючы ім, сказаў: — Я таксама скажу вам адно пытаньне, і адкажэце Мне:
 

Хрышчэньне Янава з неба было, ці ад людзей?
 

Яны-ж, падумалі сабе, разважаючы: — калі скажам — з неба, — скажа — чаму не паверылі яму.
 

А калі скажам — ад людзей, то людзі паб'юць нас каменьнямі, бо яны перакананы, што Ян — прарок.
 

І яны адказалі: — ня ведаем адкуль.
 

Ісус сказаў ім: — і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае твару.
 

І пачаў гаварыць да народу гэткую прыпавесьць. Чалавек адзін засадзіў вінаграднік, і здаўшы яго вінадзелам, адлучыўся на доўгі час.
 

У сваю-ж пору паслаў да вінаградараў слугу свайго, каб яны далі яму частку плёну з вінаградніку; але вінаградары, пабіўшы яго, адаслалі з нічым.
 

Тады ён паслаў другога слугу, але яны й таго пабілі й назьдзекаваліся й адаслалі з нічым.
 

Яшчэ паслаў трэйцяга слугу, але й таго, акалечыўшы, выгналі.
 

І сказаў гаспадар вінаградніку: — што мне зрабіць? пашлю сына майго ўлюбёнага, можа, пабачыўшы яго, паўстыдаюцца.
 

Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: — гэта спадкаемца; пойдзем, заб'ём яго, і спадчына яго будзе нашая.
 

І вывеўшы яго з вінаградніку, забілі. Што-ж ўчыніць ім гаспадар вінаградніку?
 

Прыйдзе й выгубіць вінаградараў тых, а вінаграднік здасьць іншым; тыя-ж, хто слухалі Яго, сказалі: — няхай ня станецца.
 

Ён-жа, глянуўшы на іх, прамовіў: — а што азначае пісаньне гэтае? — Камень, збракованы будаўнічымі, той стаўся галавою вугла.
 

Кажны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго разтрушчыць.
 

І памыкаліся архісьвятары й кніжнікі ў той час налажыць на Яго рукі, але баяліся народу; самі-ж зразумелі, што на іх сказаў Ён прыпавесьць гэтую.
 

І выглядаючы зручнага моманту, падаслалі віжоў падступных, якія удаючы сябе праведнікамі, падлавілі-б Яго на якім-небудзь слове, каб выдаць Яго старшыням і ўладзе правіцеля.
 

І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і ня ўзіраешся на асобы, але праўдзіва на шлях Божы настаўляеш.
 

Ці належыцца нам даваць падатак кесару, ці не?
 

Ён-жа, ведаючы іхную падступнасьць, сказаў ім: — што вы Мяне спакушаеце?
 

Пакажэце Мне дынары: чыё на ім аблічча й чый подпіс? — яны сказалі: — кесаравы.
 

І Ён сказаў ім: — дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
 

І не маглі падлавіць Яго на слове прад народам, і задзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.
 

Тады падыйшлі некія ад садукеяў, якія ня вераць у ўваскрасеньне, і спыталіся ў Яго, кажучы:
 

— Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі-б у каго памёр жанаты брат бязьдзетным, то брат яго няхай возьме жану яго й адродзіць патомства брату свайму.
 

Было-ж сем братоў; і першы, узяў жану, і памёр бязьдзетным.
 

Тады ўзяў яе другі, і той памёр бязьдетным.
 

І трэйці узяў яе, і таксама ўсе сем бралі, і паўміралі, не пакінуўшы патомства.
 

Пасьля-ж ўсіх памерла й жана.
 

Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх яна будзе жаною, бо-ж усе сем мелі яе за жонку.
 

І сказаў ім Ісус: сыны сьвету гэтага жэняцца й замуж ідуць.
 

Тыя-ж, якія будуць дастойнымі прыждаць таго сьвету і ўваскрасеньня мертвых, ні жэняцца, ані замуж ня йдуць.
 

І памераць больш ня могуць, бо яны ўжо роўныя ангелам, і ўжо сталіся сынамі Божымі, стаўшыся сынамі ўваскрасеньня.
 

І Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба.
 

Бог-жа ня ёсьць Богам мертвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывуць.
 

І некаторыя з кніжнікаў сказалі на гэта: — Вучыцель! добра Ты сказаў.
 

І больш не адважваліся пытаць у Яго пра што-колечы; Ён-жа сказаў ім:
 

— Як гэта кажуць, што Хрыстос Сын Давыдаў?
 

А сам Давыд у кнізе псальмаў гаворыць: — сказаў Госпад Госпаду майму: «сядзі праваруч ад Мяне,
 

Дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
 

Вось-жа, Давыд Госпадам называе Яго; як-жа Ён сын яму?
 

І голасна прад усім народам прамовіў да вучняў Сваіх: —
 

Сьцяражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у даўгім адзеньні, і любяць вітаньні на рынках і першыя месцы ў сынагогах і пяршэнствы на банкетах.
 

Яны аб'ядаюць домы ўдавіцаў і аблыжна падоўгу моляцца; гэтыя прыймуць тымцяжэйшае асуджэньне.