Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Тымчасам, калі зыйшлася вялікая грамада народу, што аж сьціскалі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць перад усім да вучняў Сваіх: — сьцеражэцеся закваскі фарысейскай, бо то ёсьць крывадушнасьць.
 

Няма-ж нічога сукрытага, каб ня выкрылася, і нічога тайнага, што-б ня стала ведамым.
 

Бо што вы гаварылі ў поцемку, будзе гаварыцца пры сьвятле; і што гаварылі на вуха ў хаце, тое будзе абвешчана на стрэхах.
 

Кажу-ж вам, прыяцелям Маім: — ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, і потым нічога ня могуць зрабіць.
 

Але, скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у пекла; так, кажу вам, таго бойцеся.
 

Ці-ж ня пяць вераб'ёў прадаюцца за два грошы? і ніводзін з іх не забыты ў Бога.
 

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны; дык ня бойцеся, — вы даражэйшыя за шматлікіх птушак.
 

І кажу вам: кажнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнае й Сын Чалавечы прад ангеламі Божымі.
 

А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, ад таго адракуцца прад ангеламі Божымі.
 

І ўсякаму, хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даравана будзе, а хто будзе блюзьніць супраць Духа Сьвятога, даравана ня будзе.
 

Калі-ж прывядуць вас у сынагогі, да начальства і ўладаў, ня турбуйцеся як і што адказваць, ці што гаварыць.
 

Дух Сьвяты навучыць вас у тую часіну, што трэба гаварыць.
 

І сказаў Яму адзін з народу: — Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну.
 

Ён-жа сказаў чалавеку таму: — чалавеча! хто Мяне паставіў за судзьдзю ці падзельніка вашага!
 

Да гэтага сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся прачавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад збыткаў маемасьці яго.
 

І сказаў ім прыпавесьць: — у аднаго багатага чалавека буйна ўрадзіла ніва.
 

І ён разважаў у сабе: — што мне рабіць? некуды мне злажыць свой ураджай.
 

І сказаў: — вось што зраблю, разьбяру гумны мае й пабудую большыя, і злажу туды ўвесь хлеб мой і ўсё дабро мае.
 

І скажу душы маёй: — душа мая! шмат дабра ляжыць у табе на доўгія годы; не клапаціся, еж, пі, весяліся!
 

Але Бог сказаў яму: — неразумны! у гэтую-ж ноч душу тваю адбяруць ад цябе; каму-ж застанецца тое, што ты надбаў?
 

Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее.
 

І прамовіў да вучняў Сваіх: дзеля гэтага кажу вам: не клапацецеся пра душу вашую, што вам есьці, ні пра цела, у што адзецца.
 

Душа большая за ежу, і цела за адзежу.
 

Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць, няма ў іх сховаў, ні гумнаў, а Бог выжыўляе іх; ці-ж ня шмат вартасьнейшыя вы за птушак?
 

Ды хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць-бы на локаць?
 

Дык калі й найменшага зрабіць ня можаце, нашто клапоціцеся пра іншае?
 

Гляньце на лілеі, як яны растуць, — не працуюць, ні прадуць, але кажу вам што й Салямон у ўсёй славе сваёй ня ўбіраўся так, як кажная з іх.
 

Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінута ў печ, Бог гэтак убірае, то тымбалей вас, малаверы.
 

Дык не праймайцеся тым, што вам есьці й што піць і ня ўзвышайцеся.
 

Бо ўсяго гэтага шукаюць народы сьвету гэтага; Айцец-жа ваш ведае, чаго патрабуеце.
 

Найперш шукайце Уладарства Божага, а ўсё іншае будзе дададзена вам.
 

Ня бойся, малая грамада; бо дабраволеў Айцец ваш даць вам Уладарства.
 

Прадавайце маемасьці вашыя й давайце ахвяры шчырыя; рыхтуйце сабе скарніцы нетрухлеючыя, скарбы нятленныя ў нябёсах, куды зладзеі не пралазяць, і дзе моль не зьядае.
 

Бо дзе скарб ваш, там будзе й сэрца вашае.
 

Няхай будудь паясьніцы вашыя апяразаныя, і сьвяцільнікі запаленыя.
 

І вы падобныя да людзей, якія чакаюць павароту гаспадара свайго з вясельля, каб, калі прыйдзе й пастукае, хутка адчыніць яму.
 

Шчасьлівы слугі тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе на старожы; папраўдзе, кажу вам, ён апяражацца й пасадзіць іх, і падыйходзячы, паслужыць ім.
 

І калі прыйдзе ў другую варту, ці ў трэйцюю варту прыйдзе й застане іх гэтак, — шчасьлівыя слугі тыя.
 

Ведаеце-ж тое, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, ён-бы вартаваў і ня даў-бы злодзею падкапацца пад дом ягоны.
 

Будзьце-ж і вы гатовыя, бо ў гадзіне неспадзяванай для вас прыйдзе Сын Чалавечы.
 

Тады сказаў Яму Пётра: — Госпадзе! ці да нас гаварыш гэтую прыпавесьць, ці да ўсіх?
 

І сказаў Госпад: — хто-ж верны й разважны аканом, якога гаспадар паставіў над чэлядзю сваею раздаваць ім меру пажытку ў свой час?
 

Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, прыйшоўшы, застане пры гэткім выкананьні;
 

Запраўды, кажу вам, што над усёй маемасьцяй сваей паставіць яго.
 

Калі-ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: — спозьніцца прыйсьці гаспадар мой, і пачне біць чаляднікаў і галядніц, есьці, піць і ўпівацца;
 

Прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, якой ня ведае, і аддзеліць яго, і лёс яму з нявернымі паложыць.
 

Слуга-ж той, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня выканаў, не зрабіў подля волі ягонай, будзе моцна біты.
 

А каторы з няведы сваей учыніў вартае пакараньня, будзе біты менш. І ад кажнага, каму дадзена шмат, будзе шмат і вымагацца ад яго; і каму шмат даручана, з таго больш і зышчацца.
 

Агонь прыйшоў Я скінуць на зямлю, і як хацеў-бы, каб ён ужо успыхнуў.
 

Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я тамлюся, пакуль гэта споўніцца.
 

Ці думаеце вы, што Я прыйшоў мір прынясбці на зямлю? не, кажу вам, але разьдзяленьне.
 

Бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца; трое будуць супроць двух, і двое супроць трох.
 

Бацька будзе супроць сына, а сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, а дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі свае, а нявестка супроць сьвякрові свае.
 

Прамовіў-жа й да народу: — калі вы пабачыце хмару, якая ўстае з захаду, тады кажаце — дождж будзе, і бывае гэтак.
 

І калі павес паўднёвы вецер, кажаце — будзе гарачыня, і так бывае.
 

Крывадушнікі! воблік зямлі й неба распазнаваць умееце, як-жа часу гэтага не пазнаеце?
 

Чаму-ж вы й самі па сабе ня судзеце праўдзіва, што мае стацца.
 

Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, пастарайся пазбыцца яго ў дарозе, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе кату, а кат ня пасадзіў цябе ў вязніцу.
 

Кажу-ж табе: — ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.