Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Сказаў таксама ім і прыпавесьць, што заўсёды трэба маліцца й не падаць духова.
 

Кажучы: быў судзьдзя адзін у пэўным месьце, Бога не баяўся, людзей не саромеўся.
 

У тым-жа месьце была адна ўдава якая прыйходзіла да яго й гаварыла: — абарані мяне ад супраціўніка майго.
 

Але ён доўгі час не згаджаўся; а потым сказаў сам сабе: — хоць я Бога не баюся й людзей не саромеюся,
 

Але калі гэтая ўдава не дае мне супакою, то абараню яе, каб яна не дакучала мне.
 

І сказаў Госпад: — чуеце, што гаворыць судзьдзя няправедны?
 

А ці не абароніць Бог выбраных Сваіх, якія галосяць да Яго й дзень і ноч, і будзе адкладаць іх просьбу?
 

Кажу вам, што хутка падасьць ім успамогу. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
 

Сказаў-жа таксама прыпавесьць і тым, якія ўдавалі з сабе праведнікаў, а іншых паніжалі:
 

Двое людзей ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
 

Фарысей, стоячы, гэтак маліўся сам у сабе: — Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, ці вось як гэты мытнік.
 

Пашчу двойчы ў тыдні, даю дзесяціну з таго, што прыдбаю.
 

А мытнік, стануўшы здалёк, не пасьмеў і вачэй узьняць да неба, але, б'ючы сябе ў грудзі, гаварыў: — Божа! міласьцівы будзь да мяне грэшнага.
 

Кажу вам: гэты адыйшоў у дом свой апраўданы больш за таго; бо ўсякі, хто ўзносіцца, паніжаны будзе, а хто сябе паніжае, павышаны будзе.
 

Прыносілі да Яго й дзяцей, каб дакрануўся да іх; вучні-ж, бачачы гэтае, забаранялі ім.
 

І, паклікаўшы іх, Ісус сказаў: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо іх есьць Уладарства Божае.
 

Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.
 

І спытаўся ў Яго адзін начальнік, кажучы: — Вычыцель добры! што мне зрабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае?
 

Ісус сказаў яму: — чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто-ж ня добры, як толькі адзін Бог.
 

Ведаеш запаветы: не забівай, ня чужалож, ня сьветчы фальшыва, шануй айца твайго й маці тваю.
 

Ён-жа сказаў: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва свайго.
 

Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: — аднаго яшчэ табе бракуе, — усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі ўсьлед за Мною.
 

Ён-жа, пачуўшы гэтае, зажурыўся, бо быў вельмі багаты.
 

Ісус, ведаючы, чаго ён зажурыўся, сказаў: — як цяжка увайсьці багатаму да Уладарства Божага!
 

Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголчына, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае!
 

Тыя-ж, якія чулі гэта, сказалі: — хто-ж можа быць збавёны?
 

Ён-жа сказаў: — тое, што немагчыма для людзей, магчымае для Бога.
 

Пётра-ж сказаў: — вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою.
 

І Ён сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, — няма нікога, хто-б пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў і сёстраў, ці жану й дзяцей, дзеля Уладарства Божага,
 

І не атрымаў-бы шмат больш у гэтым часе, а ў век прышлы — жыцьця вечнага.
 

Адазваўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, прамовіў да іх: — вось ўвайходзім у Ерусалім, і збудзецца ўсё, што напісалі прарокі пра Сына Чалавечага.
 

Бо прададуць Яго няверным, і назьдзекуюцца з Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго.
 

І, пабіўшы, усьмерцяць Яго, і на трэйці дзень уваскросне.
 

Але яны нічога з гэтага не зразумелі, бо закрытае ад іх было слова гэтае, і яны ня цянілі сказанага.
 

І было-ж, калі збліжаўся да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
 

І пачуўшы, што міма яго прайходзяць народ, спытаўся, што гэта ёсьць?
 

Яму сказалі, што Ісус Назаранін прайходзіць.
 

Тады ён голасна ўсклікнуў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною.
 

Пярэднія з грамады забаранялі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галосіў: — Сыне Давыдаў! зьмілуйся нада мною.
 

Ісус, запыніўшыся, сказаў прывясьці яго да Сябе; калі-ж той сьляпы зблізіўся да Яго, спытаўся ў яго;
 

Кажучы, што хочаш каб учыніў табе? ён-жа адказаў: — Госпадзе! каб мне бачыць.
 

І сказаў яму Ісус: — Глядзі! вера твая ўспамагла табе.
 

І ён ураз-жа стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога; і ўвесь народ, абачыўшы гэта, узьнёс хвалу Богу.