Лукаша 11 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча
І было-ж гэта, калі Ён маліўся ў пэўным месцы, і калі кончыў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: — Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
І Ён сказаў ім: — калі моліцеся, гаварэце: — Войча наш Нябесны! Сьвяціся Імя Тваё, прыйдзі Ўладарства Тваё, і станься воля Твая, як на небе, так і на зямлі;
Хлеба надзённага сёньня нам дай;
І адпусьці нам нашыя віны, як і мы адпушчаем правінным прад намі, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаві нас ад златворнага.
І прамовіў да іх: — калі-б хто з вас меў прыяцеля й пайшоў-бы да яго апоўначы й сказаў яму: — дружа! пазыч мне тры хлябы;
Бо прыяцель мой з дарогі зайшоў да мяне, і ня маю чаго пасуліць яму;
А той у адказ сказаў-бы яму з хаты: — ня турбуй мяне; ужо дзьверы замкнёныя, і дзеці ў пасьцелі пры мне, — і не магу ўстаць і даць табе.
Кажу вам: — калі ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні, то з настойлівасьці ягонай устане й дасьць яму, колькі просіць.
І Я вам кажу: — прасеце — і дасца вам, шукайце — і знойдзеце, стукайце — і адчыніцца вам.
Бо ўсякі, хто просіць, — атрымлівае, хто шукае — знаходзіць, хто стукае — адчыняць яму.
І хто з вас бацькоў, калі сын папросіць у яго хлеба, дасьць яму камень? ці папросіць рыбы, а дасьць яму зьмяю замест рыбы?
Або, калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна.
Вось-жа, калі вы, самі благія, умееце даяньні добрыя даваць дзецям вашым, тым балей Айцец ваш Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто ў Яго просіць.
Было-ж, аднойчы выгнаў Ён злыдуха, які быў нямы; і калі злыдух выйшаў, нямы стаў гаварыць; і падзіўляўся народ.
Некаторыя-ж з іх гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю Вэльзевула, князя шатанскага.
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знаменьня з неба.
Ён-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, апусьцее, і дом, разьдзяліўшыся, упадзе.
Калі-ж і шатан разьдзеліцца сам у сабе, як устоіць уладарства яго? вы-ж кажаце, што я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў.
І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то сыны вашыя чыёю сілаю выганяюць іх? дзеля таго-ж яны будуць судзьдзямі вам.
І калі Я Божым пальцам выганяю злыдухаў, то пэўна, надыйшло да вас Уладарства Божае.
Калі дужы, узброены сьцеражэ дом свой, тады ў бясьпечнасьці маёмасьць яго.
Калі-ж дужэйшы за яго нападзе й пераможа яго, тады забярэ ўсю зброю яго, на якую той надзею пакладаў, і раздасьць здабытак яго.
Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто са Мною ня зьбірае, той раскідае.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека й вандруе па бязводных мясцох, шукаючы супакою, і не знайходзіць, — тады кажа: — вярнуся ў дом свой які пакінуў.
І, прыйшоўшы, знайходзіць яго вымеценым і прыбраным.
Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, горшых за сябе, і ўвайходзяць ды жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горшае за першае.
І калі Ён гаварыў гэтае, жанчына некая, узвысіўшы голас з народу, сказала Яму: — шчасьлівае ўлоньне, што Цябе насіла, і грудзі, што Цябе кармілі.
Ён-жа сказаў: — шчасьлівыя й тыя, якія слухаюць Слова Божае й захоўваюць яго.
Калі-ж пачала зьбірацца грамада народу, Ён пачаў гаварыць: — род гэты — род пракудны: ён шукае знаменьня, але знаменьня ня дасца яму, апрача знаменьня Йоны прарока.
Бо як Йона быў знаменьнем для Ніневіцян, так будзе Сын Чалавечы для роду гэтага.
Каралева Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага й засудзіць іх; бо яна прыйходзіла з крайсьвету паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
Мужы Ніневійскія ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучаньня Йонавага; і вось тут большае за Йону.
Ніхто, запаліўшы сьвяцільнік, ня ставіць яго ў сукрыцьце, ані пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб тым, хто ўвайходзіць, відзён быў сьвет.
Сьветач цела твайго — вока тваё; калі вока твае будзе простае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае; калі-ж вока тваё крывое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе.
Дык уважай, каб тваё ўласнае сьвятло ня было цемраю.
А калі ўсё цела тваё сьветлае, бяз ніводнае цёмнае плямы, то будзе яно зьзяць, нібы сьветач яснасьці асьвячае цябе.
Калі Ён гаварыў, фарысей некі запрасіў Яго на абед да сябе; і Ён прыйшоў і супачыў за сталом.
Фарысей-жа зьдзівіўся, пабачыўшы, што Ён не памыў рук перад абедам.
Але Госпад сказаў яму: — вось вы фарысеі, ачышчаеце звонку кубкі й міскі, а нутро вашае поўнае драпежнасьці й злосьці.
Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, старыў і нутраное?
Давайце лепш ахвяру з таго, што маеце, тады ўсе будзе для вас чыстае.
Але гора вам фарысеям, што даеце дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, а не зважаеце на суд і любоў Божую; гэтае належала рабіць і таго не занядбаць.
Гора вам фарысеям, што любіце першыя месцы ў сынагогах ды вітаньні на рынках.
Гора вам, кніжнікі й фарысеі крывадушнікі, таму што вы як гробы закрытыя, і людзі ходзяць над імі й не заўважаюць.
У адказ на гэта законьнік некі сказаў Яму: — Вучыцель! кажучы гэтае, Ты й нас зьневажаеш.
Ён-жа сказаў: — і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзей тяжары празьмерныя, а самі й пальцам не дакранаецеся да цяжараў тых.
Гора вам, што будуеце надгробкі прарокам, бацькі-ж вашыя пабівалі іх;
Гэтым вы сьветчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы.
Дзеля таго й прамудрасьць Божая гаворыць: — пашлю да іх прарокаў і апосталаў, яны-ж адных заб'юць, а іншых прагоняць.
І зышчацца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету;
ад крыві Авэля да крыві Захарыя, забітага між ахвярнікам і храмам; запраўды кажу вам, зышчацца ад роду гэтага.
Гора вам законьнікам, што вы ўзялі ключ пазнаваньня: самі не ўвайшлі й тым, хто хацеў увайсьці, перашкодзілі.
Калі-ж Ён прамаўляў гэтае да іх, кніжнікі й фарысеі пачалі прыставаць да Яго з рознымі пытаньнямі, вымагаючы адказаў;
Каб пачуць з вуснаў Ягоных штось магчымае да абвінавачаньня Яго.