Лукаша 23 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І зрушыўшыся, усею грамадою павялі Яго да Пілата.
 

І пачалі Яго абвінавачваць, кажучы: мы дазналі, што гэты чалавек бунтуе народ, забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом каралём.
 

Пілат-жа спытаўся ў Яго: — ці Ты кароль Юдэйскі? і Ён у адказ сказаў яму: — ты кажаш гэта.
 

І сказаў Пілат архісьвятарам і народу: — я не знайходжу ніякае віны ў гэтым Чалавеку.
 

Яны-ж наставалі, кажучы: — Ён бунтуе народ, навучаючы па усёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж да гэтага месца.
 

Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: — ці гэты Чалавек Галілеянін?
 

І калі даведаўся, што Ён з ваколіцы, падлеглай Іраду, адаслаў Яго да Ірада, які на той час быў таксама ў Ерусаліме.
 

Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ад даўжэйшага часу меў жаданьне пабачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся, што Ён учыніць прад ім некі цуд.
 

І шмат пытаньняў даваў Яму, але Ён нічога не адказваў яму.
 

Архісьвятары-ж і кніжнікі, стоячы пры гэтым, заўзята абвінавачвалі Яго.
 

Ірад з воінамі сваімі, зьняважыўшы Яго і накпіўшы, і надзеўшы на Яго сьветлае адзеньне, адправіў Яго да Пілата.
 

І з таго дня Ірад з Пілатам сталіся прыяцелямі, бо раней былі яны варожыя адзін аднаму.
 

Пілат-жа склікаў архісьвятароў і начальнікаў і народ.
 

І прамовіў да іх: — вы прывялі да мяне гэтага Чалавека, як бунтаўніка народу; і вось я, пытаючы Яго прад вамі, ніякае віны ў Ім не знайшоў у тым, у чым вы Яго вінаваціце.
 

Таксама і Ірад, да якога я пасылаў Яго, — і вось нічога ня знойдзена ў Ім, за што-б заслугоўваў на сьмерць.
 

Вось-жа, укараўшы Яго, звольню.
 

Яму-ж належала, дзеля сьвята, адпусьціць ім аднаго вязьня.
 

Але ўвесь народ стаў крычаць: вазьмі Яго, а нам адпусьці Вараўву.
 

Той-жа быў пасаджаны ў вязьніцу за бунт у месьце і забойства.
 

Пілат зноў прамовіў да іх, хочучы адпусьціць Ісуса.
 

Але яны ўзьнялі голас, крычучы: — укрыжуй Яго, укрыжуй Яго!
 

І ён у трэйці раз зьвярнуўся да іх: — якое-ж зло ўчыніў Ён? нічога-ж павіннага сьмерці я не знайшоў у Ім; і вось, укараўшы Яго, адпушчу.
 

Але яны ўсьтяж моцным крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхны і архісьвятароў.
 

І Пілат прысудзіў паводля іхнага дамаганьня.
 

І звольніў ім пасаджанага ў вязьніцу за бунт і забойства, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іхную волю.
 

І як павялі Яго, то захапілі каго-сь Сымана Кірынейца, які йшоў з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
 

Ішло-ж усьлед за Ім вялікае мноства народу, і жанчыны плакалі і галасілі па Ім.
 

Ісус-жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: — дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, валей плачце па сабе і па дзецях вашых.
 

Бо надыйходзяць дні, калі будуць гаварыць: — шчасьлівыя няплодныя, і ўлоньні, якія не раджаді, і грудзі, якія не кармілі.
 

Тады скажуць горам — падзеце на нас! — і узгоркам — паркрыйце нас.
 

Бо калі з зялёным дрэвам гэтае твораць, то з сухім што будзе?
 

Вялі-ж з Ім на сьмерць і двух ліхадзеяў.
 

І калі прыйшлі на месца, званае Чараповішча, там укрыжавалі Яго і двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага.
 

Ісус-жа прамовіў: — Ойча! даруй ім, бо ня ведаюць, што твораць. І дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе.
 

Народ-жа стаяў, дзівуючыся; насьмяхаліся разам з імі і начальнікі, кажучы: — іншых выбаўляў, няхай-жа выбавіць Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.
 

Таксама і воіны зьдзекаваліся з Яго, падыйходзячы і падносячы Яму воцат.
 

І гаварылі: — калі Ты кароль Юдэйскі, выбаві Сябе Самога.
 

Быў-жа над Ім і напіс, пісьмом грэцкім, рымскім і юдэйскім: «Гэты ёсьць кароль Юдэйскі».
 

Адзін з укрыжаваных злачынцаў стаў дакараць Яму, кажучы: — калі Ты Хрыстос, выбаві Сябе і нас.
 

Другі-ж сунімаў яго і гаварыў: — ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое-ж.
 

І мы засуджаны справядліва, бо належнае за ўчынкі нашыя дасталі; Ён-жа нічога злога не зрабіў.
 

І прамовіў да Ісуса: — памяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Ўладарства Сваё.
 

І сказаў яму Ісус: — папраўдзе кажу табе: — сёння-ж будзеш са Мною ў раі.
 

Было-ж блізу шостай гадзіны, і цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
 

І сонца зацьмілася, і завеса ў храме разьдзерлася папалам.
 

І, усклікнуўшы моцным голасам, Ісус прамовіў: — Ойча, ў рукі Твае аддаю Дух Мой, — і гэта прамовіўшы, сканаў.
 

Сотнік-жа, абачыўшы, што зьдзеялася, узьнёс хвалу Богу, сказаўшы: — запраўды Чалавек гэты Праведнікам быў.
 

І ўсе людзі, які прыйшлі з цікавасьці, пабачыўшы, што сталася, вяртаючыся, білі сябе ў грудзе.
 

Стаялі-ж і ўсе знаёмыя Ягоныя здалёк, і жоны, спадарожніцы Яго з Галілеі, гледзячы на ўсё гэтае.
 

І вось чалаввек на імя Язэп, раднік, муж добры і справядлівы;
 

Родам з Юдэйскага места Арымафеі, які не згаджаўся з за судам і паступаваньнем сынедрыёну, і сам чакаў Уладарства Божага, —
 

Прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
 

І зьняўшы Яго, авінуў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў паложаны.
 

Быў-жа дзень той — Пятніца дзень прыгатовы — і надыйходзіла сыбота.
 

Сьледам за ім ішлі жанчыны, якія прыйшлі з ім з Галілеі, і агледзелі гроб, і як паложана было Цела Ягонае.
 

І, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і масьці, а ў сыботу супачывалі, як было запавядана.