Дзеі 4 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі ж яны прамаўля́лі да наро́ду, падступíлі да іх святары́, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і садуке́і,
 
Калі яны прамаўлялі да народу, падыйшлі да іх сьвятары і начальнік варты сьвятошнай ды садукеі,

раздражнёныя тым, што яны навуча́юць народ і абвяшча́юць у Іісусе ўваскрасе́нне з мёртвых;
 
абураныя, што яны вучаць народ ды што вясьцяць уваскрасеньне ўмёршых у Езусе.

і накла́лі на іх ру́кі, і ўзялí іх пад ва́рту да ра́ніцы, бо ўжо быў ве́чар.
 
Дык затрымалі іх і паручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.

Мно́гія ж з тых, што слу́халі сло́ва, уве́равалі; і ста́ла ко́лькасць мужо́ў такіх каля́ пяцí ты́сяч.
 
Дарэчы многія з тых, што слухалі навучаньня, уверылі лік мужчын дасягаў каля пяці тысяч.

І ста́лася на насту́пны дзень, што былí сабра́ны ў Іерусалім нача́льнікі іх, і старэ́йшыны, і кнíжнікі,
 
На другі дзень у Ерузаліме сабраліся іх павадыры, старшыны і кніжнікі:

і Анна першасвята́р, і Каіа́фа, і Іаан, і Аляксандр, і іншыя з ро́ду першасвята́рскага;
 
архісьвятар Аннаш, Кайфаш, Ян, Аляксандар ды сколькі іх было з сьвятарскага роду.

і, паста́віўшы іх пасярэ́дзіне, пыта́ліся: якою сілаю ці якім íмем зрабілі вы гэта?
 
Паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: "Чыёй уладай і ў чыё імя вы гэта праводзіце?"

Тады Пётр, напо́ўніўшыся Ду́хам Святы́м, прамовіў да іх: нача́льнікі народа і старэ́йшыны Ізра́ільскія!
 
Тады Пётр, напоўнены Сьвятым Духам сказаў ім: "Правадыры народу і старшыны!

калі нас сёння дапы́тваюць пра дабрадзе́йства хво́раму чалаве́ку, як ён быў ацалёны,
 
Калі сягоньня дзеля дабрадзейства хвораму чалавеку праз якое ён быў аздароўлены, вы дапрашваеце нас,

то няхай вядо́ма будзе ўсім вам і ўсяму народу Ізра́ільскаму, што íмем Іісуса Хрыста́ Назарэ́я, Якога вы распя́лі і Якога Бог уваскрасíў з мёртвых, — Ім паста́ўлены ён перад вамі здаро́вы;
 
дык хай будзе вам усім ведама ды ўсяму народу Ізраеля, што ў імя Езуса Хрыста Назарэйца, Каторага вы ўкрыжавалі, а Каторага Бог ускрасіў з умёршых, што праз Яго гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.

Ён — ка́мень, якім вы, будаўнікí, пагрэ́бавалі, аднак ён стаў галаво́ю вугла́, і няма ні ў кім іншым спасе́ння,
 
Ён каменем (вуглавым), каторы вы будаўнікі — адкінулі, а Ён вось стаўся галавою вугла.

бо няма пад небам іншага імя́, да́дзенага лю́дзям, праз якое нале́жыць нам спасцíся.
 
І няма ў нікім другім збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у каторым маглі б мы быць збаўлены".

Ба́чачы адва́гу Пятра і Іаана і разуме́ючы, што гэта людзі невучо́ныя і про́стыя, яны здзіўля́ліся, разам з тым і пазнава́лі іх, што тыя былí з Іісусам;
 
Яны вось бачачы адвагу Пятра і Яна, ды даведаўшыся, што яны людзі без навукі і простыя, дзівіліся. Пазналі прытым, што яны былі з Езусам.

а ба́чачы ацалёнага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога сказаць су́праць.
 
Ды бачачы стаячага з імі аздароўленага чалавека, нічога не маглі сказаць проціў.

І, загада́ўшы ім вы́йсці з сінедрыёна, яны ра́іліся між сабою,
 
Дык загадалі ім выйсьці з зала Рады і нараджаліся:

гаво́рачы: што нам рабіць з гэтымі людзьмí? бо я́ўны цуд, учы́нены імі, ўсім жыхара́м Іерусаліма вядо́мы, і мы не можам адмаўля́ць гэтага;
 
"Што маеш зрабіць з гэтымі людзьмі? — казалі адзін аднаму, бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што дакананы імі цуд і мы ня можам запярэчыць.

але каб гэта шырэ́й не распаўсю́дзілася ў народзе, дава́йце накладзём суро́вую забаро́ну, каб яны больш не прамаўля́лі ў імя́ гэтае ніко́му з людзе́й.
 
Але каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім каб не прамаўлялі да нікога ў гэта імя".

І, паклíкаўшы іх, яны загада́лі ім зусíм не абвяшча́ць і не навуча́ць у імя́ Іісуса.
 
І зноў пазвалі іх і забаранілі ім сусім не прамаўляць і навучаць людзей у імя Езуса.

Але Пётр і Іаан, сказалі ім у адказ: судзíце, ці пра́ведна перад Богам слу́хацца вас больш, чым Бога́
 
Аднак Пётр і Ян адказалі ім: "Разсудзіце самі, ці справядліва на віду Бога, ці вас больш слухаць трэба чым Бога?

мы ж не можам не гаварыць пра тое, што ба́чылі і чу́лі.
 
Няможам жа мы маўчаць пра тое, што мы відзілі і чулі".

І, зноў пагразíўшы ім і не знайшо́ўшы за што пакара́ць, адпусцілі іх з-за народу, бо ўсе праслаўля́лі Бога за тое, што адбыло́ся;
 
Затым яны панавілі пагрозы і не знаходзячы за што караць, выпусцілі іх дзеля народу, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.

а было́ больш за сорак гадо́ў таму чалаве́ку, з якім адбы́ўся гэты цуд ацале́ння.
 
А чалавек цудоўна аздароўлены меў болей сарака гадоў.

Калі ж іх адпусцíлі, яны прыйшлі да сваіх і паве́дамілі тое, што́ ім гаварылі першасвятары́ і старэ́йшыны.
 
Асвабоджаны прыйшлі да сваіх і расказалі, што казалі ім архісьвятары і старэйшыны.

Тыя ж, пачуўшы, аднаду́шна ўзвы́сілі голас да Бога і сказалі: Уладару́! Ты Бог, Які ствары́ў неба, і зямлю́, і мора, і ўсё, што ў іх,
 
Яны выслухаўшы разказ — аднадушна паднялі ўголас просьбу да Бога і маліліся: "Усёмагутны Госпадзе Тварэц неба і зямлі, і мора, дый усяго, што ёсьць на іх.

Які ву́снамі айца нашага Давіда, слугí Твайго, сказаў Ду́хам Святы́м: «чаму ўзбунтава́ліся язы́чнікі і народы заду́малі ма́рнае́
 
Ты праз Духа Сьвятога сказаў вуснамі слугі свайго Давіда: "Чаго бунтуюцца народы, ды людзі задумалі ліхое?

паўста́лі цары́ зямны́я, і князí сабра́ліся разам су́праць Госпада і су́праць Хрыста Яго».
 
Паўсталі каралі зямлі ды князі сыйшліся ў адно проціў Госпада Хрыстуса (Намашчэнца) Яго".

Бо сапраўды́ сабра́ліся ў горадзе гэтым су́праць Святога Сы́на Твайго Іісуса, пама́занага Табою, і Ірад, і Понцій Пілат з язы́чнікамі і народам Ізра́ільскім,
 
Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе супраць сьвятога слугі Твайго (сына) Езуса, Каторага Ты намасьціў — Гэрард і Понцкі Пілат з паганамі ды пакаленьнямі Ізраеля,

каб зрабіць тое, чаму ста́цца прадвы́значыла рука́ Твая і заду́ма Твая;
 
каб зьдзейсьніць тое, што рука і воля Твая рашыла стацца.

і цяпер, Госпадзі, спагля́нь на пагро́зы іх і дай рабам Тваім з усёй адва́гай прамаўля́ць слова Тваё
 
А цяпер, Госпадзе, зьвярні вочы на пагрозы ды дай слугам сваім з усёю адвагай вясьціць Тваё слова.

ў той час, калі Ты прасціра́еш руку́ Тваю для ацале́ння, каб знаме́нні і цу́ды здзяйсня́ліся ў імя́ Святога Сына Твайго Іісуса.
 
Калі Ты працягнеш руку сваю, каб аздараўляць, чыніць знакі і цуды імем (у імя) Сьвятога слугі Твайго, Езуса".

І калі памалíліся яны, здрыгану́лася месца тое, дзе яны былí сабра́ны, і напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м ды прамаўля́лі слова Божае з адва́гаю.
 
Калі яны памаліліся, задрыжэла месца, на якім былі яны сабраўшыяся ды ўсе былі напоўнены Сьвятым Духам і вясьцілі Слова Божае адважна.

У мно́ства ж тых, што ўве́равалі, было́ адно сэ́рца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасці сваёй не называ́ў сваім, але ўсё ў іх было́ супо́льнае.
 
Адзін дух ды адно сэрца ажыўлялі ўсіх веруючых. Што мелі, не адзін не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.

І з вялікай сілаю Апосталы све́дчылі пра ўваскрасе́нне Госпада Іісуса Хрыста, і благада́ць вялікая была́ на ўсіх іх.
 
Апосталы з вялікай сілай даказвалі уваскарасеньне Госпада Езуса і іх усіх праводзіла вялікая зычлівасьць.

Не было́ сярод іх ніко́га, хто цярпе́ў няста́чу, бо ўсе, хто меў зямлю́ ці дамы́, прада́ўшы, прыно́сілі гро́шы за прада́дзенае
 
Між іх не было нікога ў недастатку. Бо кожны ўласьнік зямлі або дому прадаваў ды прыносіў атрыманыя грошы

і кла́лі да ног Апосталаў; і дава́лася кожнаму, колькі яму было́ патрэ́бна.
 
складаў ля ног апосталаў і дзялілі іх між тых, што патрабавалі.

Так, Іасíя, назва́ны Апосталамі Варна́вам, што ў перакла́дзе азнача́е «сын суцяшэ́ння», левіт, родам Кіпрыёт,
 
Язэп, апосталамі празваны Барнабай, значыць "Сын пацяшэньня", быў левітам, родам з Кіпру.

ме́ўшы поле, прада́ў яго, прынёс грошы і пакла́ў да ног Апосталаў.
 
Ён меў палетак зямлі. Прадаў яго і прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.