1 да Карынфянаў 15 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Напамінаю вам, браты, тое Евангелле, якое я дабраве́сціў вам, якое і прынялí вы, у якім і ўмацаваліся,
 
Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся,

праз якое і спаса́ецеся, калі трыма́ецеся таго, што я дабраве́сціў вам, калі толькі не марна ўверавалі.
 
якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі.

Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыня́ў: што Хрыстос памёр за грахі нашы, паводле Пісанняў,
 
Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня,

і што Ён пахаваны быў, і што ўваскрэс на трэці дзень, паводле Пісанняў,
 
і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня,

і што Ён явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;
 
і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці;

затым явіўся больш як пяцістам братам адначасова, многія з якіх жывыя дагэтуль, а некаторыя спачы́лі;
 
потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі;

затым явіўся Іакаву, потым — усім Апосталам;
 
потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам;

а пасля ўсіх явіўся і мне, як нейкаму неданоску.
 
а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку.

Бо я найменшы з Апосталаў, і не варты называцца Апосталам, бо я гнаў Царкву Божую.
 
Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую.

Але па благадаці Божай я ёсць тое, што ёсць; і благадаць Яго ўва мне не была ма́рнаю, яж болей за ўсіх іх папрацаваў; не я, аднак, а благадаць Божая, якая са мною.
 
Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною.

Дык вось, ці я, ці яны, — та́к мы прапаведуем, і та́к вы ўверавалі.
 
І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.

Калі ж пра Хрыста прапаведуецца, што Ён уваскрэс з мёртвых, то як жа некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасення мёртвых?
 
Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых?

Бо калі няма ўваскрасення мёртвых, то і Хрыстос не ўваскрэс;
 
Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс;

а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная і пропаведзь наша, ма́рная і вера ваша.
 
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.

Прытым мы аказваемся лжывымі сведкамі пра Бога, бо сведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі б было праўдай, што мёртвыя не ўваскрасаюць;
 
Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць;

бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстос не ўваскрэс;
 
бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс;

а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная вера ваша: вы яшчэ ў грахах вашых;
 
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых;

тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.
 
таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі.

Калі мы ў гэтым толькі жыцці спадзяёмся на Хрыста, то мы самыя няшчасныя з усіх людзей.
 
І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей.

Але Хрыстос уваскрэс з мёртвых, пе́ршынец з паме́рлых.
 
Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.

Бо паколькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасенне мёртвых.
 
Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых.

Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажыву́ць,
 
Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць.

але кожны сваёю чаргою: пе́ршынец Хрыстос, затым Хрыстовы,у прышэсце Яго.
 
кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае.

А потым канец: калі Ён перадасць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;
 
А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;

бо Яму належыць царстваваць, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.
 
бо Яму належыць валадарыць, пакуль «пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае»,

І апошні вораг будзе знішчаны — смерць,
 
а як апошні вораг зьнішчыцца — сьмерць,

таму што Ён усё пакары́ў пад ногі Яго; калі ж скажа, што ўсё пако́рана Яму, то ясна, што акрамя Таго, Хто пакары́ў Яму ўсё.
 
бо «ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя»; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё.

Калі ж Яму будзе пако́рана ўсё, тады і Сам Сын пако́рыцца Таму, Хто пакары́ў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.
 
Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім.

Бо, інакш, што будуць рабіць тыя, хто прымае хрышчэнне дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта прымаюць хрышчэнне дзеля мёртвых?
 
Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых?

Чаму і мы ўвесь час падвярга́ем сябе небяспе́цы?
 
Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы?

Я кожны дзень паміраю: прысяга́ю ў гэтым, браты, пахвало́ю вашаю, якую ма́ю ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.
 
Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Калі я з чалавечыхпамкненняў змагаўся са звярамі ў Эфесе, то якая мне карысць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Давайце будзем есці і піць, бо заўтра памром!
 
Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм.

Не ашуквайце сябе: кепскае асяроддзе псуе́ добрыя звы́чаі.
 
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы.

Ацверазіцеся як нале́жыць і не грашыце; бо некаторыя з вас не знаюць Бога,— на сорам вам кажу.
 
Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу — некаторыя з вас ня ведаюць Бога.

Але нехта скажа: як уваскрэснуць мёртвыя́ і ў якім целе прыйдуць?
 
Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць?

Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;
 
Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;

і калі ты сееш, то сееш не цела будучае, а голае зерне, будзь гэта пшанічнае ці якое іншае;
 
і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое;

Бог жа дае яму цела, як Ён хоча, і кожнаму насенню — сваё цела.
 
але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела.

Не кожная плоць — такая самая плоць; але адна плоць у людзей, другая плоць у скаціны, іншая — у рыб, іншая — у птушак.
 
Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак.

Ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але інакшая слава нябесных, інакшая — зямных;
 
Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных;

адна слава сонца, а другая слава месяца, а іншая слава зорак; і зорка ад зоркіадрозніваецца славаю.
 
інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю.

Так і пры ўваскрасенні мёртвых: сеецца ў тленні — паўстае́ ў нятленні;
 
Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні;

сеецца ў бясчэсці — паўстае́ ў славе; сеецца ў слабасці — паўстае́ ў сіле;
 
сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле;

сеецца цела душэўнае — паўстае́ цела духоўнае. Ёсць цела душэўнае і ёсць целадухоўнае.
 
сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае.

Так і напісана: «першы чалавек Адам стаў душою жывою», а апошні Адам — духам жыватворчым.
 
Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы.

Але не духоўнае спачатку, а душэўнае, потым духоўнае.
 
Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае.

Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі чалавек — Гасподзь з неба.
 
Першы чалавек — зь зямлі, і зямны; другі чалавек — Гасподзь — зь неба.

Які зямны, такія і зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;
 
Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;

і я́к мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць вобраз і нябеснага.
 
і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага.

Але тое скажу, браты, што плоць і кроў не могуць унаследаваць Царства Божага, і тленне не наследуе нятлення.
 
Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня.

Кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе пераменімся
 
Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся;

раптам, у імгненне вока, пры гуку апошняй трубы: бо затру́біць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленнымі, а мы пераменімся;
 
раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся;

бо тленнаму гэтаму належыць апрану́цца ў нятленне, і смяротнаму гэтаму — апрану́цца ў бессмяротнасць.
 
бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць.

Калі ж тленнае гэтае апра́нецца ў нятленне і смяротнае гэтае апра́нецца ў бессмяротнасць, тады здзейсніцца слова напісанае: «паглыну́та смерць перамогаю».
 
Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю.

«Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?»
 
Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?».

Джала смерці — грэх; а сіла граху — закон.
 
А джала сьмерці — грэх; а сіла грэху — закон.

Але дзякуем Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Іісуса Хрыста!
 
Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, цалкам адданымі справе Гасподняй заўсёды, ведаючы, што праца ваша не ма́рная перад Госпадам.
 
Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам.