Якава 2 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Браты мае! Мейце нястаронную веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, (Госпада) Славы.
 
Браты мае! У веры вашай у Госпада нашага Езуса Хрыста праслаўленага не аглядайцеся на асобу.

Бо калі на сход ваш увойдзе мужчына з залатым пярсьцёнкам, у багатай вопратцы, увойдзе таксама і бедны ў рызьзю,
 
Бо калі б на вашае сабраньне прыйшоў чалавек з залатым пярсьцёнкам, багата адзеты, ды прыйшоў таксама чалавек бедны ў брудным адзеньні,

і вы зьвернеце ўвагу на таго, хто апрануты ў вопратку багатую, і скажаце яму: табе добра сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо садзіся тут, ля падножжа майго,
 
дык ці вы не зьвярнулі б ўвагі на таго, пышна адзетага, і ці не сказалі б: "Сядзь тут на выгодным месцы", а беднаму пэўна сказалі б: "Ты пастой там, або сядзь каля маіх ног".

дык ці ня перасудзілі вы ў самых сабе і ці ня сталі вы судзьдзямі зь нягоднымі думкамі?
 
Дык ці вы ня судзіце ў сабе і ці ня робіцеся суддзямі з нягоднымі думкамі?

Паслухайце, браты мае любасныя, ці ня Бог выбраў бедных сьвету гэтага багатымі верай і насьлядоўцамі Валадарства, Якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
 
Паслухайце, браты мае ўмілаваныяя! Ці ня выбраў Бог бедных гэтага сьвету на багатых вераю і на спадкаемцаў Каралеўства, якое абяцаў тым, што любяць Яго?

А вы пага́рдзілі бедным. Ці ня багатыя прыгнятаюць вас, ці ж ня яны цягаюць вас па судах?
 
Вы ж зьняважылі беднага. Ці не багатыя зьдзекуюцца над вамі, і ці не яны цягаюць вас па судах?

Ці ж ня яны зьняслаўляюць добрае імя (вашае), якім вы названы?
 
Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое прызвана над вамі?

Аднак калі (вы) выпаўняеце закон валадарскі па Пісаньню: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе, добра робіце.
 
Дык калі выпаўняеце каралеўскі закон паводле Пісаньня: "Любі бліжняга свайго як самога сябе," — добра робіце.

Але калі абыходзіцеся па староннасьці, грэх чыніце будучы дакараемы Законам як злачынцы.
 
Калі ж аглядаецеся на асобы, дапускаецеся грэху і будзеце асуджаныя законам як злачынцы.

Бо хто ўвесь Закон выпаўніць, ды саграшыць у нечым адным, той зрабіўся вінаватым ува ўсім.
 
Хоць бы хто споўніў увесь закон, а парушыў толькі адно прыказаньне, становіцца ў-ва ўсім вінаватым.

Бо Той, Хто сказаў: ня чужалож! сказаў таксама: ня забí; дык калі ты ня будзеш чужаложыць, але заб’еш, то ты (таксама) стаўся праступнікам Закону.
 
Бо Той, хто сказаў: "Не чужалож", сказаў таксама: "Не забівай". Дык калі не чужаложыш, але забіваеш, становішся парушальнікам закону.

Так кажыце і так рабіце, як тыя, якія маюць быць судзімымі па Закону свабоды.
 
Гаварыце і рабіце так, як людзі, каторыя будуць суджаны па закону свабоды.

Бо суд бяз літасьці ня зрабіўшаму літасьці, бо літасьць вышэй за суд.
 
Таму, хто не аказаў міласэрдзя, будзе суд без міласэрдзя, бо міласэрдзе вышэй суду.

Якая карысьць (з таго), браты мае, калі хто кажа, што (ён) мае веру, ды ўчынкаў ня мае? Ня можа гэта вера ўратаваць яго.
 
Што за карысьць, браты мае, каб хто казаў, што мае веру, але ўчынкаў ня меў бы? Ці такая вера збавіць яго?

Калі ж брат ці сястра ня маюць у што апрануцца ды маюць патрэбу ў штодзённай ядзе,
 
Калі брат або сястра ня маюць у што адзецца ды ня маюць на штодзень хлеба,

і хто-небудзь із вас скажа ім: ідзеце ў міры, грэйцеся і карміцеся, але ня дасьць ім патрэбнага для цела: якая карысьць?
 
а нехта з вас скажа ім: "Ідзеце ў супакоі, грэйцеся і ешце", ды ня дасьць ім таго, што неабходнае целу, што за карысьць?

Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
 
Так і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.

Але скажа хто-небудзь: ты веру маеш, а я маю ўчынкі: пакажы мне веру тваю бяз учынкаў тваіх, а я пакажу табе маю веру на ўчынках маіх.
 
Можа скажа хто: "Ты маеш веру, а я — учынкі". Пакажы ты мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе маю веру са сваіх учынкаў.

Ты верыш, што Бог адзін ёсьць, — правільна робіш; і дэманы вераць і дрыжаць.
 
Ты верыш, што адзін ёсьць Бог? Добра робіш, але і дэманы вераць і дрыжаць!

Ці хочаш ведаць чалавеча бясплодны, што вера бяз учынкаў мёртвая?
 
Хочаш ведаць, нікчэмны чалавеча, што вера без учынкаў бясплодная?

Абрагам, бацька наш, ці ня на падставе ўчынкаў апраўданы быў, усклаўшы Ісагака, сына свайго, на ахвярнік?
 
Ці ж не з учынкаў апраўдаўся бацька наш Абрагам, калі склаў у ахвяру на аўтары сына свайго Ізаака?

Ці бачыш, што вера садзейнічала ўчынкам ягоным, і ад учынкаў вера зроблена дасканалай?
 
Бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі, ды вера праз учынкі сталася дасканалай.

І было споўнена Пісаньне, якое гаворыць: «паверыў Абрагам Богу, і было залíчана яму ў праведнасьць, і другам Бога быў ён названы.»
 
І збылося Пісаньне, дзе сказана: "Паверыў Абрагам Богу, і залічана гэта яму за заслугу", і таму названы ён сябрам Божым.

Такім чынам вы бачыце, што на падставе ўчынкаў прызнаецца чалавек праведным, а ня на падставе толькі адной веры?
 
Бачыце, што ўчынкі апраўдваюць чалавека, але не сама вера.

Гэтак сама і Рааб блудадзейка ці ня на падставе ўчынкаў была апраўда́на, прыняўшы пасланцоў і адправіўшы іх другой дарогай?
 
Падобна і распусьніца Рагаб ці не з учынкаў была апраўдана, прыймаючы пасланцаў ды іншай дарогай іх адпраўляючы?

Бо як цела бяз духа мёртвае, так і вера бяз учынкаў мёртвая.
 
Як бо цела бяз духа мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.