Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Казаў жа ім і прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня ўпадаць у роспач,
Таксама расказваў ім прыпавесць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,
кажучы: у адным месту быў нейкі судзьдзя, які Бога ня баяўся і чалавека ня сароміўся.
кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і не саромеўся людзей.
І была ў тым месту адна ўдава, і (яна) прыходзіла да яго, кажучы: абарані мяне ад праціўніка майго,
Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад майго супраціўніка”.
але (ён) нейкі час ня хацеў. Пасьля ж гэтага (ён) сказаў сам сабе: хаця (я) і Бога ня баюся, і чалавека ня саромлюся,
А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго сказаў сам у сабе: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную,
але як гэтая ўдава ня дае мне спакою, абараню яе, каб (яна) ня прыходзіла бясконца і мучыла мяне.
аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”».
І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;
Ці ж Бог ня абароніць выбраных Сваіх, лямантуючых да Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць з дапамогай ім?
а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?
Кажу вам, што (Ён) хутка дапаможа ім. Тым ня менш Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, прыйшоўшы, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?»
Сказаў жа гэткую прыповесьць да нікаторых, што былі ўпэўненыя аб сабе, што яны праведныя, а другіх паніжалі:
Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:
два чалавекі ўвайшлі ў Сьвятыню памаліцца: адзін хварысэй, а другі мытнік.
«Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарысей, а другі — мытнік.
Хварысэй, устаўшы, маліўся пра сябе так: Божа! дзякую Табе, што я ня такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправедныя, пералюбцы, або і як гэты мытнік:
Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
пашчу два разы на тыдзень, даю дзясяцíну з усяго, што набываю.
Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
Мытнік жа, стоячы воддаль, ня адважаўся нават вачэй да неба падняць, але біў сябе ў грудзі, кажучы: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.
А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага”.
Кажу вам: гэты пайшоў у дом свой (больш) апраўданы, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе вывышае, паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў больш апраўданым, чым той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны».
Прыносілі ж да Яго і дзяцей, каб (Ён) дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы (гэтае), забаранілі ім.
Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні забаранялі ім.
Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусьціце дзяцей прыходзіць да Мяне і ня забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Гаспадарства Бога.
Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: калі хто ня прыйме Гаспадарства Бога, як дзіця, ня ўвойдзе ў яго.
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае?
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
Сказаў жа яму Ісус: чаму называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін толькі Бог.
Ведаеш прыказаньні: ня чужалож, ня забівай, ня крадзі, ня сьведчы крыва; шануй бацьку твайго і матку тваю.
Ведаеш прыказанні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю?»
Ён жа сказаў: усё гэта (я) выканаў ад юнацтва майго.
А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства майго».
Пачуўшы ж гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе ня хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб на Небе; і прыходзь, ідзі за Мною.
Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Яшчэ аднаго табе не хапае: прадай усё тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
Ён жа, пачуўшы гэта, моцна зажурыўся, бо (ён) быў вельмі багаты.
Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
Ісус, убачыўшы яго, што ён вельмі зажурыўся, сказаў: як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Гаспадарства Бога!
Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае!
Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чымся багатаму ўвайсьці ў Гаспадарства Бога.
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Пачуўшыя ж (гэтае) сказалі: хто тады можа быць збаўленым?
Дык сказалі тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?»
Ён жа сказаў: нямагчымае людзям, магчыма Богу.
Ён жа сказаў: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога».
Сказаў жа Пётра: вось мы ўсё пакінулі і пайшлі ўсьлед за Табою.
Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
Ён жа сказаў ім: Праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў, (ці сёстраў), ці жонку, ці дзяцей дзеля Гаспадарства Бога,
Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
каторы ня атрымаў бы ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым — жыцьця вечнага.
каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае».
І, адазваўшы дванаццаць, сказаў ім: вось (мы) узыходзім у Ярузалім, і збудзецца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Сына Чалавечага,
І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць, і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага:
бо выдадуць Яго паганам і назьдзекуюцца над Ім, і будзе зьняважаны і апляваны;
бо будзе выдадзены паганам і высмеяны, і зняважаны ды апляваны,
і, зьбічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне.
і, пасля таго, як убічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне».
Але яны нічога з гэтага ня зразуме́лі, і было слова гэтае закрыта для іх, і (яны) ня разуме́лі, што (Ён) гаворыць.
Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і гэтае слова было схавана ад іх, і не разумелі, што гаварылася.
І сталася, пры набліжэньні Яго да Ярыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі жабруючы;
І сталася, калі Ён падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
і, пачуўшы, што міма праходзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое.
А яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
І сказалі яму: «Ісус Назарэй праходзіць».
Тады (ён) закрычаў, кажучы: Ісус, Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною!
Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!»
А пярэднія крычалі на яго, каб (ён) змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною!
А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!»
І, спыніўшыся, Ісус загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі (той) падыйшоў да Яго, (Ён) яго спытаў,
Спыніўшыся, Ісус загадаў прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго кажучы:
кажучы: што ты хочаш, каб (Я) зрабіў (табе)? Ён жа сказаў: Госпадзе! каб мне празерыць.
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў».
Тады Ісус сказаў яму: празер! вера твая ўратавала цябе.
Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе».
І ён той жа час стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы (гэтае), аддаў хвалу Богу.
І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.