Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб перапісаць увесь свет.
Гэта быў першы перапіс, калі ў Сірыі гаспадарыў Кірынэй.
Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадараннем Квірына ў Сірыі.
І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў сваё места.
І ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі зь места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтляем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у Давідаў горад, які называўся Бэтлехэм, таму што быў з дому і роду Давідава,
запісацца з Марыляй, заручанай зь ім жонкай, якая была цяжарная.
каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная.
І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні радзіць ёй;
І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй.
і нарадзіла Сына свайго Першынца і спавіла Яго і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім мейсца ў заезьдзе.
І нарадзіла Сына Свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала Яго ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.
І ў той мясцовасьці былі пастухі ў полі, якія старажавалі ў начы, ахоўваючы свой статак.
У той ваколіцы былі пастухі на полі, якія пільнавалі і вартавалі ўночы пры сваім статку.
І вось зьявіўся ім Ангел Госпада, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.
І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! Бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу;
І сказаў ім Анёл: «Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям:
бо сягоньня нарадзіўся вам у месту Давідавым Збавіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад;
сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.
і такі вам знак: знойдзеце Дзіця спавітае, ляжачае ў ясьлях.
Такі вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях».
І раптам зьявілася з Ангелам шматлікае войска Нябеснае, славячых Бога і гаворачых:
Ды раптам з Анёлам з’явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы:
Слава Богу ў вышэйшых нябёсах, і на зямлі мір, у людзях добрая воля.
«Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой, людзям — добрая воля!»
І сталася: калі адыйшлі ад іх Ангелы на неба, і тады людзі-пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Бэтляем і паглядзім тую падзею, якая адбылася, пра якую абвясьціў нам Госпад,
І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх на неба, пастухі казалі адзін аднаму: «Хадземце ў Бэтлехэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад».
і пасьпешна прыйшлі і знайшлі Марылю і Язэпа, і Дзіцятка, што ляжыць у ясьлях.
І пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.
Убачыўшы ж абвясьцілі пра слова, якое было сказана ім пра гэтае Дзіця.
А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае.
І ўсе, хто пачуў зьдзівіліся з таго, што расказалі ім пастухі.
І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі.
А Марыля захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.
Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім.
І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
І калі споўнілася восем дзён, (каб) абрэзаць Дзіця, і далі Яму Імя Ісус, названае Ангелам перш зачацьця Яго ў чэраве.
І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Дзіця, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш чым Ён быў пачаты ва ўлонні.
А калі споўніліся дні ачышчэньня яе па Закону Масеяваму, прынесьлі Яго ў Ярузалім, (каб) прадставіць (Яго) Госпаду,
І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па законе Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,
як напісана ў Законе Госпада: (каб) кожная істота мужчынскага полу, раскрываючая чэрава, «сьвятое Госпаду» названа будзе (Вых. 13:2),
як напісана ў законе Госпада: «Кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне, будзе пасвячона Госпаду»,
і прынесьці ахвяру паводля сказанага ў Законе Госпада, дзьве гарліцы або дваіх птушанят галубіных.
ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы.
І вось быў у Ярузаліме чалавек, імя якому Сымон. І чалавек гэты, праведны і пабожны, ён чакаў суцяшэньня Ізраэлявага, і Дух Сьвяты быў на ім.
І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім.
І было яму прадвешчана ад Духа Сьвятога, (што ён) ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.
Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадава.
І прыйшоў (ён) у Духу ў Сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіця Ісуса, (каб) ім выканаць над Ім паводля прадпісанага Законам,
І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго,
і ён узяў Яго на свае рукі і багаславіў Бога і сказаў:
ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводля Слова Твайго, у міру,
«Цяпер па слове Тваім, Госпадзе, адпускаеш паслугача Твайго ў супакоі,
бо ўбачылі вочы мае збаўленьне Тваё,
бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё,
каторае Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў;
Сьвятло для асьветы паганаў і Славу народу Твайго Ізраэля.
святло для прасвятлення паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».
Язэп жа і маці Ягоная дзівіліся ад таго, што сказана пра Яго.
Язэп жа і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі.
І багаславіў іх Сымон і сказаў Марылі, маці Ягонай: вось, Ён ляжыць на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраэлю, і на знак, (якому) працівіцца будуць,
І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: «Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, якому будуць працівіцца,
і табе самой душу́ пратне меч, каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў».
І была Ганна прарочыца, дачка Хвануілава, з калена Асіравага. Яна (была) састарэлай у днях многіх, пражыўшая з мужам сем гадоў ад дзявоцтва свайго.
Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакалення Асэрава. Яна была на схіле дзён сваіх, ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,
І яна, удава гадоў каля васьмідзясяці чатырох, якая ня адыходзіла ад Сьвятыні, постам ды малітваю служачы Богу дзень і ноч.
і была ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях.
І яна (у) той час падыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, што чакаюць збаўленьня ў Ярузаліме.
Яна, вось, прыйшоўшы ў тую пару, славіла Госпада і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме.
І калі (яны) споўнілі ўсё паводля Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у места іхнае Назарэт.
І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.
Дзіця ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняемы мудрасьцю; і Багадаць Боская была на Ім.
А Дзіця расло і ўмацоўвалася Духам, поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім.
І хадзілі бацькí Ягоныя кожны год у Ярузалім на сьвята Пасхі.
І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі.
І калі (Яму) было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны ў Ярузалім паводля звычаю сьвята.
І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята,
І (калі) споўніліся тыя дні (сьвята), і калі яны вярталіся, застаўся падлетак Ісус у Ярузаліме, і ня заўважыў (таго) Язэп і маці Ягоная.
і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Яго.
Мяркуючы ж, (што) Ён знаходзіцца з (другімі) спадарожнікамі, прайшлі дзённы шлях і пача́лі шукаць Яго паміж родзічамі і паміж знаёмымі.
Думаючы, што Ісус ідзе сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых,
І, ня знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ярузалім, шукаючы Яго.
і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
І сталася, цераз тры дні знайшлі Яго ў Сьвятыні, се́дзячы пасярод настаўнікаў і слухаючы іх, і пытаючыся іх.
І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх.
І дзівіліся ўсе, слухаючыя Яго, розуму і адказам Ягоным.
Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго.
І ўбачыўшы Яго зьдзівіліся; і сказала Яму маці Ягоная: Дзіця! Чаму Ты зрабіў нам так? Вось ба́цька Твой і я пакутуючы шукалі Цябе.
І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: «Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе».
І (Ён) сказаў ім: навошта (вы) шукалі Мяне? ці (вы) ня ведалі, што Мне трэба знаходзіцца ў тым, што належыць Ба́цьку Майму?
А Ён гаворыць ім: «Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
Але яны ня зразумелі слова, якое (Ён) сказаў ім.
Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў.
І (Ён) пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.
І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы гэтыя ў Сваім сэрцы.
А Ісус узрастаў у мудрасьці і ўзросьце, і ў любві ў Бога і ў людзей.
А Ісус сталеў мудрасцю, і гадамі, і ласкаю ў Бога і ў людзей.