Лукаша 17 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І сказаў вучням: нямагчыма ня прыйсьці спакусам, але гора таму, праз каго (яны) прыходзяць.
Лепш было б яму, калі б млыновы жоран павесілі яму на шыю і ўкінулі ў мора, чым каб (ён) спакусіў аднаго з малых гэтых.
Назірайце за сабой. Калі саграшыць супраць цябе брат твой, дакары яго, і калі пакаецца, даруй яму;
і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе і сем разоў зьвернецца да цябе, кажучы: каюся — даруй яму.
І сказалі Апосталы Госпаду: дадай нам веры.
Госпад жа сказаў: калі б (вы) мелі веру з гарчычнае зерне, сказалі бы гэтай шаўкоўніцы: будзь выкарчавана з корнем і будзь пасаджана ў мора, і (яна) паслухалася б вас.
Хто ж сярод вас, маючы раба, што арэ ці пасе, каторы вярнуўшамуся з поля скажа: адразу, падыйшоўшы, узьляж ля стала?
Але ці ня скажа яму: прыгатуй (мне) што-небудзь павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль пад’ем і вып’ю, а пасьля гэтага будзеш есьці і піць ты?
Ці мае (ён) падзяку слузе гэтаму, што ён выканаў зага́данае яму? Ня думаю.
Так і вы, калі выпаўніце ўсё, зага́данае вам, кажыце: мы нічога ня вартыя рабы, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
І сталася, як Ён ішоў да Ярузаліму, Ён праходзіў паміж Самарай і Галілеяй.
І калі Ён уваходзіў у адно сяло, Яго сустрэлі дзесяць пракажоных мужчын, якія спыніліся воддаль;
і яны закрычалі, кажучы: Ісус Настаўнік! памілуй нас.
І, убачыўшы, (іх Ён) сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся сьвятарам. І сталася: калі яны ішлі, ачысьціліся.
Адзін жа зь іх, убачыўшы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога,
і ўпаў ніцма да Ног Ягоных, дзякуючы Яму, і ён быў самарац.
І, загаварыўшы, Ісус сказаў: ці ня дзесяць былі ачышчаны? Дзе ж дзевяць?
Чаму ў іх ня знайшлося сумленьня, вярнуўшыся, аддаць славу Богу, акрамя гэтага чужаземца?
А яму сказаў: устань (і) ідзі; вера твая ўратавала цябе.
А будучы запытаны хварысэямі, калі прыйдзе Гаспадарства Бога, Ён адказаў ім і сказаў: ня прыхо́дзе Гаспадарства Бога відавочна;
і ня скажуць: вось тут (яно), ці вось там (яно). Бо вось Гаспадарства Бога паміж вас ёсьць.
А вучням сказаў: прыйдуць дні, калі пажадаеце ўбачыць адзін з дзён Сына Чалавечага і ня ўбачыце.
І скажуць вам: «вось тут», ці «вось там», ня хадзіце і ня бяжыце ўсьлед.
Бо як бліскавіца, блíскаючы ад аднаго краю неба да другога краю неба, асьвятляе, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой.
Але перш Яму належыць шмат адпакутаваць і быць адрынутым родам гэтым.
І як сталася ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
елі, пілí, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, як Ной увайшоў у карабель, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
Таксама як сталася ў дні Лота: елі, пілí, куплялі, прадавалі, садзíлі, будава́лі;
але (ў) той дзень, калі Лот выйшаў із (местаў) Садомскіх, лінуў дажджом зь неба агонь і серка і зьнішчыў усіх.
Такім будзе той дзень, калі будзе яўлены Сын Чалавечы.
У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто (будзе) ў полі таксама няхай ня вяртаецца назад.
Дык хто імкнецца жыцьцё сваё захаваць, загубіць яго, а калі хто яго загубіць, (той) захавае яго.
Кажу вам: у тую ноч будзе двое на адной пасьцелі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
будуць дзьве малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута;
двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
І, адказаўшы, пытаюцца ў Яго: «дзе, Госпадзе?» Ён жа сказаў ім: «дзе труп (умярцьвёная плоць), там будуць сабраны арлы».