Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць годна прыкліканьня, якім вы прыкліканы,
 
Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,

са ўсякай мудрай супакорлівасьцю і лагоднасьцю, у доўгацярпеньні трываючы адзін аднаго з любоўю,
 
з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,

імкнучыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру.
 
імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.

Адно Цела і адзін Дух, як і вы прыкліканы ў адной надзеі ва́шага прыклíканьня;
 
Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;

адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,
 
адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,

адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і дзеля ўсіх і ва ўсіх вас.
 
адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.

Кожнаму ж з нас дадзена Багадаць водля меры дару Хрыстовага.
 
А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.

Таму кажа: «Узыйшоўшы на вышыню паланіў палон і раздаў дары людзям».
 
Таму і сказана: «падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям».

А «узыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што Ён перш сыйшоў у прадонныя часьціны зямлі?
 
А «падняўся» што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?

А Той, Хто сыйшоў, Ён ёсьць і Тым, Хто ўзыйшоў вышэй усіх Нябёсаў, каб напоўніць усё.
 
Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён прызначыў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых жа эвангелістамі, а другіх пастухамі і настаўнікамі,
 
І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,

дзеля ўдасканаленьня сьвятых на патрэбу служэньня, дзеля збудаваньня Цела Хрыстовага,
 
на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,

пакуль усе прыйдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Бога, да чалавека духова дасканалага, да меры ўзросту паўнаты Хрыста;
 
пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;

каб мы больш ня былí як малыя дзеці, якія хістаюцца і захапляныя ўсякім ветрам вучэньня, падманам людзей, лісьлівасьцю і хітрынёй зма́ну,
 
каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.

але жывучы ў праўдзе і любві ўзрасьці нам ва ўсім да (узросту) Ягонага, Які ёсьць Галава — Хрыстос,
 
А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.

ад Якога ўсё цела, злучанае і змацаванае праз усякую ўзаемазьвязку, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага прыналежніка цела робіць прырост для збудаваньня самога сябе ў любові (Божай).
 
зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.

Гэта кажу і сьведчу ў Госпадзе таму, каб вы больш ня жылі так, як і астатнія народы жывуць, у марнасьці розуму свайго,
 
Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,

будучы запамрочанымі ў розуме, зьяўляючыся адчужанымі ад жыцьця (паводля) Бога, з прычыны іхняга няведаньня, якое ў іх праз жорсткасьць сэрца іхняга.
 
бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;

Яны, атупеўшы, аддалíся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.
 
яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.

Але вы ня так пазналі Хрыста,
 
Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,

таму што вы ўжо пра Яго пачу́лі і ў Ім навучаны, бо праўда ў Ісусе:
 
бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, — бо ісьціна ў Ісусе, —

таму вам трэба адкінуць міну́лы вобраз жыцьця старога чалавека, які парахнее ў пажаданьнях абману,
 
пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,

але абнаўляцца духам розуму вашага
 
а абнавіцца духам розуму вашага

і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводля (вобраза і падабенства) Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды.
 
і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.

Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы ёсьць чэлясы адзін аднаму.
 
Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.

І ня грашыце, становячыся разгневанымі: сонца ня заходзь у гневе вашым;
 
Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;

і ня давайце мейсца дыябалу.
 
і не давайце месца д’яблу.

Хто крадзе, няхай больш ня крадзе, але лепш хай працуе, робячы карыснае рукамі, каб яму мець, што даць таму, хто мае патрэбу.
 
Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.

Ніякае дрэннае слова ня павінна выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае для патрэбы збудаваньня, каб яно прыносіла Багадаць тым, хто слухае.
 
Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.

І ня засмучайце Сьвятога Духа Бога, Якім вы запячатаны ў дзень адкупленьня.
 
І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.

Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе хай будуць выдалены ад вас (разам) з усялякай злосьцю,
 
Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;

але будзьце адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.
 
але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.