Лукаша 13 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
У той час прыйшлі некато́рыя і расказалі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.
Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх Галіле́ян, што яны пацярпелі гэткія мукі?
Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ так сама пагінеце.
Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаа́мская ве́жа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?
Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ таксама пагінеце.
І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта ме́ў у вінаградніку сваім паса́джаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;
і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што́ яна і зямлю займае?
Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:
ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.
ці ня дасьць плоду; калі-ж не́, то на той год ссячэш яе́.
У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;
там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла вы́прастацца.
Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад недужы тваёй.
Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вы́звалена ад не́мачы твае́.
І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа вы́прасталася і пачала славіць Бога.
Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.
Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла́ ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе́ паіць?
а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?
І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.
І, калі гаварыў Ён гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ ра́даваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.
А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?
яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.
Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася вялíкім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.
Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?
Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?
Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.
І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.
І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.
Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:
Не́хта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж ма́ла такіх, што спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.
Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыка́цца ўвайсьці ды ня здолеюць.
Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»;
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.
тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты».
Тады пачнецё гаварыць: мы е́лі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.
Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду».
Але Ён скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзе́це ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.
Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.
Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.
І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.
І пры́дуць з усходу і за́хаду, і поўначы і паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым.
І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.
І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.
У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
У гэны дзе́нь прыйшлі некато́рыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.
І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
І сказаў ім: пайдзе́це, скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю чарто́ў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзе́нь будзе Мне́ кане́ц.
а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.
Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і ка́меньмі закідаеш пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хаце́лі.
Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты́. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багасла́ўлены, што ідзе́ ў імя Госпада.