Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
 
І сталася ў тыя дні: выйшла ад ке́сара Аўгуста павяле́ньне зрабіць сьпіса́ньне па ўсёй зямлі.

Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй.
 
Гэты сьпіс быў пе́ршы за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.

І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
 
І пайшлі ўсе́ запісвацца, кожны ў сваё ме́ста.

Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
 
Пайшоў таксама і Язэп з Галіле́і, з ме́ста Назарэту, у Юдэю, у ме́ста Давідавае, званае Віфлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
 
запісацца з Марыяю, заручанай з Ім жонкай, што была цяжарная.

Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
 
Калі-ж яны былі там, надыйшоў час радзіць ёй;

і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
 
і ўрадзіла Сына Свайго Пе́ршага, і палажыла яго ў жолаб, бо ня было ім ме́сца ў зае́зьдзе.

У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
 
У той старане́ былі на полі пастухі, што вартавалі ўначы ля статку свайго.

Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
 
І вось зьявіўся ім Ангел Гасподні, і слава Госпадава асьвяціла іх; і ўбаяліся страхам вялікім.

І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
 
І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям:

бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
 
бо цяпе́р нарадзіўся вам у ме́сьце Давідавым Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад;

і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
 
і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця ў пялёнках, ляжучы́ ў я́сьлях.

І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
 
І неўспадзе́ўкі зьявілася з Ангелам вялікае войска нябе́снае, сла́вячы Бога і гаворачы:

слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
 
Сла́ва на вы́шынах Богу і на зямлі мір сярод людзе́й добрае волі.

Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
 
І сталася, як адыйшлі ад іх Ангелы на не́ба, пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлеем і паглядзім, што там зда́рылася, што абвясьціў нам Госпад.

І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
 
І пасьпе́шна выйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжучы ў жолабе.

А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
 
Угле́дзіўшы-ж, расказалі аб тым, што было абве́шчана ім пра Дзіцятка гэнае.

І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
 
І ўсе́, чуўшы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі.

А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
 
А Марыя захавала ўсе́ словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
 
І вярнуліся пастухі, сла́вячы й выхваля́ючы Бога за ўсё, што чулі й бачылі, як ім сказана было.

Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
 
І як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае Ангелам да зача́цьця Яго ў чэ́раве.

А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
 
А калі скончыліся дні ачышчэньня іх па закону Майсе́яваму, прыне́сьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,

як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
 
як сказана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіця мужчынскага полу, разрываючае чэрава, было ахвярава́на Госпаду (Выхад 13:2);

і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
 
і каб прыне́сьці ў ахвяру, як сказана ў законе Гасподнім, дзьве́ гарліцы, ці двое галубяня́так.

Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
 
І вось быў у Ерузаліме чалаве́к, на імя Сымэон. Ён быў чалавек справядлівы й пабожны, чака́ў пацяшэньня Ізраілявага; і Дух Сьвяты быў на ім.

Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
 
Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўгле́дзіць сьме́рці, дакуль ня ўгле́дзіць Хрыста Гасподняга.

І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
 
І прыйшоў ён па натхне́ньню ў царкву. І, калі бацькí прыне́сьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,

ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
 
ён узяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:

сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
 
Цяпе́р адпускаеш слугу́ Твайго, Валада́ру, па слову Твайму, з мірам;

бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
 
бо бачылі вочы мае́ спасе́ньне Тваё,

якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
 
каторае Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,

сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
 
сьвятло для асьве́ты паганаў, і славу народу Твайго Ізраіля.

А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
 
Язэп жа й Маці Яго дзівіліся сказанаму аб Ім.

І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, —
 
І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Матцы Яго: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, якому працівіцца будуць,

і Табе Самой зброя пратне душу, — каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
 
і табе́ самай ме́ч пранікне ў душу, — каб выявіліся памышле́ньні многіх сэрцаў.

І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
 
Тут была таксама Ганна прарочыца, дачка́ Фануілавая, з кале́на Асіравага; была яна ў ве́льмі старым ве́ку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў,

удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
 
удава́ гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адыходзіла ад царквы, постам ды малітваю служачы Богу дзе́нь і ноч.

І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
 
І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, што ждалі выбаўле́ньня ў Ерузаліме.

І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
 
І калі яны́ выканалі ўсё па закону Гасподняму, дык вярнуліся ў Галіле́ю, у ме́ста сваё Назарэт.

А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
 
Дзіцятка-ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняючыся розумам; і дабрадая́ньне Божае было на Ім.

Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
 
І кожны год бацькí Яго хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.

І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
 
І, калі Ён быў дванаццацёх гадоў, прыйшлі яны таксама, як звычайна, у Ерузалім на сьвята;

калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
 
калі-ж, па сканчэньні дзён сьвята, варочаліся, застаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме; і не заўважылі таго Язэп ды маці Яго;

але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
 
але думалі, што Ён ідзе́ з другімі; прайшоўшы-ж дзе́нную дарогу, сталі шукаць Яго між сваяка́мі ды знаёмымі.

і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
 
І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

Праз тры дні знайшлі Яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
 
Праз тры дні знайшлі Яго ў царкве́, се́дзячы сярод вучыцялёў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх;

усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
 
усе́ слухаўшыя дзівіліся з розуму і адка́заў Яго.

І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці Ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
 
І, угле́дзіўшы Яго, зьдзівіліся; і маці Яго сказала Яму: Дзіця! што ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і я з вялікаю туго́ю шукалі Цябе́.

Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
 
Ён сказаў ім: на што́ было вам шукаць Мяне́? ці-ж вы ня ве́далі, што Мне́ трэба быць у тым, што нале́жыць Айцу́ Майму?

Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
 
Але яны не зразуме́лі сказаных ім словаў.

І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
 
Ён пайшоў з імі і прыйшоў да Назарэту; і быў паслухмя́ны ім. І маці Яго захавала ўсе́ словы гэтыя ў сэрцы сваім.

А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.
 
Ісус жа рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзе́й.