Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній — тэтрархам у Авілінеі,
 
У пятнаццаты-ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галіле́і, Піліп, брат яго, чацьвертаўладнікам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертаўладнікам у Авілене́і,

пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні.
 
пры архірэях Ганьне і Кайяфе, быў голас Божы да Іоана, сына Заха́равага, у пустыні.

І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў,
 
І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакая́ньня дзеля адпушчэньня грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клíкаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьце́жкі Яму;

кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
 
усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара́ і ўзгорак няхай зьнíзяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;

і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы».
 
і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3−5).

Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод яхідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?

прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
 
Зрабе́це-ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.

ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
 
Ужо й сяке́ра ля караня́ дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца й кідаецца ў вагонь.

І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?
 
І спытаўся ў яго народ: што-ж нам рабіць?

Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.
 
Ён жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня ма́е; і ў каго ёсьць е́жа, рабі тое-ж.

Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?
 
Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?

Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.
 
Ён жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назна́чана вам.

Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.
 
Пыталіся ў яго таксама й вая́кі: а нам што́ рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся сваёю платай.

А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, —
 
Калі-ж народ быў у недаўме́ньні, і ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён?

Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
 
Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;

гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.
 
лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць агнём няўга́сным.

Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.
 
Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.

А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
 
Ірад жа чацьвертаўладнік, дакара́ны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,

дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
 
дадаў да ўсяго іншага й тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.

А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, — адчынілася неба,
 
І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,

і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!
 
і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным вы́глядзе, як галу́б, і быў голас з не́ба, гаворачы: Ты Сын Мой Улю́блены; цябе́ ўпадабаў Я.

Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,
 
Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,

Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,
 
Матфанаў, Ле́віяў, Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,

Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.
 
Матафíяў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Наге́яў,

Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў,
 
Маафаў, Матафіяў, Саме́яў, Язэпаў, Юдзін,

Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў,
 
Іоананаў, Рысаеў, Зарававэляў, Саляфіілаў, Нірыяў,

Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,
 
Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,

Ёсіеў, Эліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Левіінаў,
 
Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,

Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, Іліякімаў,
 
Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Эліякімаў,

Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў,
 
Мэлеаяў, Маінаінаў, Матафаяў, Натанаў, Давідаў,

Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
 
Іясе́яў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,

Амінадаваў, Арамаў, Ісромаў, Фарэсаў, Юдаў,
 
Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,

Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,
 
Якубаў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,

Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Івераў, Салаў,
 
Сэрухаў, Рагаваў, Фале́каў, Яве́раў, Салін,

Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў,
 
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,

Матусалаў, Інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
 
Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляіляў, Каінанаў,

Іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.
 
Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.