Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.
І, увайшоўшы, праходзіў праз Ерыхон.
І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,
І вось, не́хта на імя Закхе́й, начальнік мытнікаў і чалаве́к заможны,
стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;
хаце́ў убачыць Ісуса, які Ён? але ня мог за народам, бо быў малы ростам;
і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.
і, забе́гшы напе́рад, узьле́з на смакоўніцу, каб убачыць яго: Ён мусіў прайсьці міма яе́.
Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.
І, прыйшоўшы на гэтае ме́сца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхе́й! зыйдзі хутчэй, бо сягоньня трэба Мне́ быць у цябе́ ў доме.
І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.
І той пасьпе́шна зыйшоў і прыняў Яго з радасьцяй.
І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.
І ўсе́, бачучы гэнае, пачалі наракаць і гаварылі, што Ён зайшоў да грэшнага чалаве́ка.
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.
А Закхе́й, стануўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палову маемасьці мае́ я аддам убогім і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра бале́й.
Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;
Ісус сказаў яму: цяпе́р прышло спасе́ньне дому гэтаму, бо і ён сын Аўраама;
бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.
бо Сын Чалаве́чы прыйшоў знайсьці і спасьці загінуўшае.
А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае.
А як яны слухалі гэтае, дадаў прыповесьць: бо Ён быў блізка Ерузаліму, і яны думалі, што хутка павінна Царства Божае зьявіцца.
Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
Дык сказаў: не́йкі чалаве́к высокага роду зьбіраўся ў далекую старану, каб дастаць сабе́ царства і вярнуцца;
і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.
паклікаўшы-ж дзесяць слуг сваіх, даў ім дзе́сяць мін і сказаў ім: карыстайцеся імі, пакуль вярнуся.
Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.
Але грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьле́дам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб гэты царстваваў над намі.
І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.
І, як вярнуўся, атрымаўшы царства, загада́ў паклікаць да сябе́ слуг гэных, што ім даў срэбра, каб даве́дацца, хто што зарабіў.
Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.
Прыйшоў пе́ршы і сказаў: гаспадар! міна твая прыне́сла дзе́сяць мінаў.
І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.
І сказаў яму: добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў ве́рны, вазьмі пад сваю ўладу дзе́сяць ме́стаў.
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадар! міная тва прыне́сла пяць мін.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьма ме́стамі.
Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;
Прыйшоў трэці і сказаў: гаспадар! вось твая міна, каторую я схаваў, завязаўшы ў хустку,
бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
бо я баяўся цябе́: ты чалаве́к жорсткі; бярэш, чаго ня клаў, і жне́ш, чаго ня се́яў.
Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі буду судзіць цябе́, хітры слуга: ты ве́даў, што я чалаве́к жорсткі: бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня се́яў;
чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
чаму-ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.
І сказаў прысутным: вазьме́це ў яго міну і дайце таму, ў якога дзе́сяць мíнаў.
І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.
(І сказалі яму: пане, у яго ж ёсьць дзесяць мíнаў!)
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
Кажу вам, што ўсякаму хто мае, да́дзена будзе, а ў ня ма́ючага ады́мецца й тое, што ма́е.
а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною.
А ворагаў маіх, (тых, што не хаце́лі, каб я панаваў над імі,) прывядзіце сюды і біце перада мною.
Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім.
І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў дале́й, ідучы ў Ерузалім.
І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
І ста́лася, як падыйшоў да Віффагіі і Віфаніі, да гары́, называнай Аліўнай, паслаў двох вучняў Сваіх,
сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце;
сказаўшы: пайдзе́це ў сяло, што насупраць; увайшоўшы ў яго, зно́йдзеце асьлятка прывязанае, на якога ніхто з людзе́й ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце;
і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.
і, калі хто спытаецца ў вас: «на што адвязваеце?», скажэце яму так: яно патрэбна Госпаду.
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня?
Калі-ж яны адвязалі асьлятка, гаспадары яго сказалі ім: на што адвязваеце асьлятка?
Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду.
Яны адказалі: яно патрэбна Госпаду.
І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы вопраткі свае́ на асьля, пасадзілі на яго Ісуса.
І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе.
І, калі Ён е́хаў, падсьцілалі вопраткі свае́ на дарозе.
А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны,
Калі-ж пад’яжджаў да спуску з гары Аліўнай, усё множства вучняў Яго ад радасьці моцнымі галасамі славілі Бога за ўсе́ цуды, якія бачылі яны,
кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!
кажучы: багасла́ўлен цар, што йдзе́ ў імя Гасподняе! мір на не́бе і слава на вышыні!
І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім.
І некато́рыя фарысэі з грамады народу сказалі Яму: Вучыцель! забарані вучням Тваім!
Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць.
І, адказваючы ім, Ён сказаў: кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык каме́ньні загалосяць.
І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім
І, як падыйшоў, дык, гле́дзячы на ме́ста, заплакаў па ім
і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх;
і сказаў: о, каб і ты хоць у гэты дзе́нь твой зразуме́ла, што́ дзеля міру твайго! Але гэта ўкрыта цяпе́р ад вачэй тваіх;
бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
бо прыйдуць на цябе́ дні, калі во́рагі тваі абкладуць цябе́ акопамі і акружаць цябе́, і сьціснуць цябе́ зусюль;
і зруйнуюць цябе, і заб’юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.
і зруйнуюць цябе́, і пазабіваюць дзяце́й тваіх у табе́, і не пакінуць у табе́ ка́меня на ка́мені, бо не распазнала часу адве́дзінаў тваіх.
І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі,
І, увайшоўшы ў царкву, пачаў гнаць адтуль прадаваўшых і купляўшых,
кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў».
кажучы ім: напісана: дом Мой ёсьць дом малітвы; а вы зрабілі яго лагво́м разбойнікаў (Ісая 56:7 Ерамія 7:4).
І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго,
І навучаў кожны дзе́нь у царкве́. Архірэі-ж і кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як бы загубіць Яго;
і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.
і не знаходзілі, што-б зрабіць з Ім, бо ўве́сь народ гарнуўся да Яго, каб слухаць.