1 Пятра 3 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
 
Таксама і вы, жонкі, будзьце ў паслухмянасьці сваім мужом, каб нават калі нікаторыя зь іх ня пакараюцца Слову, былі здабываемы цераз жыцьцё жон бяз слова,

калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
 
убачыўшы вашае чыстае багабойнае жыцьцё

Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
 
якое хай складаецца ня з вонкавай прычоскі валасоў ці залатых упрыгожаньняў, альбо нашэньня прыгожых вопратак,

а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
 
але з укрытага чалавека сэрца ў нятленнай прыгажосьці ціхога і маўклівага духа, што перад Богам шматкаштоўна.

Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
 
Гэтак некалі і сьвятыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, слухаючыся сваіх мужоў.

так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
 
Гэтак Сарра пакаралася Абрагаму, называючы яго спадаром, якой вы сталі дзецьмі, робячы дабро і ня баючыся ніякага страху.

Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
 
Гэтак сама мужы разумна жывучы зь імі, як з немачным посудам, аказвайце жонкам чэсьць, як суспадчынніцам жыцьця Багадаці, каб ня былі нядапушчае-мымі малітвы вашыя.

Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
 
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумнымі, спагадлівымі, браталюбнымі, міласэрнымі, прыязнымі,

не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
 
ня аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу, а наадварот багаслаўляйце, ве́даючы, што вы на тое паклíканы, каб унасьледаваць багаславеньне.

Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
 
Бо хто хоча любіць жыцьцё і ўбачыць добрыя дні, няхай устрымае язык свой ад зла і вусны свае, каб ня сказалі ілжы.

ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
 
Хай ухíліцца ад зла і ўчыніць дабро, хай знойдзе мір і трымаецца яго.

бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
 
Бо Вочы Госпада на праведных, і Вушы Ягоныя — да малітвы іхнай; Аблічча ж Госпада — супраць ро́бячых зло.

І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
 
І хто зробіць вам зло, калі ста́неце пераймальнікамі добрага?

Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
 
Але калі (вы) і церпіце за праведнасьць, то (вы) шчасьлівыя; страху ж іхняга ня бойцеся і ня трывожцеся.

Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
 
Але Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Але будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ў вас адказ аб вашай надзеі зь ціхасьцю і багавейнасьцю.

майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
 
Мейце добрае сумленьне, каб у тым, за што абмаўляюць вас, як злачынцаў, былі асаромлены тыя, што га́няць вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.

Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
 
Бо калі ёсьць на тое Воля Бога, ле́пей цярпець робячы дабро, чым робячы зло.

бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
 
Таму што і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднойчы пацярпеў за грахí (нашыя), Праведны за няправедных, забіты ў Целе, але ажыўлены ў Духу,

якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
 
у Якім Ён і тым духам, што ў вязьніцы, зышоўшы, абвясьціў,

яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
 
ім, якія не́калі ня пакарыліся чакаўшаму іх доўгацярпеньню Бога ў дні Ноя, у час будаваньня карабля, у якім нямногія, гэта значыць восем душаў, былí зба́ўлены ад вады.

Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
 
Так і нас сягоньня па гэтаму вобразу выратоўвае хрышчэньне — ня абмыцьцё нячыстаты цела, але абяцаньне добрага сумленьня Богу — праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,

Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.
 
Які, узыйшоўшы на Неба, знаходзіцца праваруч Бога, Якому ско́раны Ангелы і ўлады і сілы.