1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
 
Дык вось, Хрыстос пацярпеў за нас целам, (дык) і вы ўзбройцеся гэткім разуменьнем, што той, хто пацярпеў у плоці, (ёсьць) стрыманы (ад) грэху,

каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
 
каб рэшту часу ў целе ня па чалавечым пажаданьням, але па Волі Бога жыць.

Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
 
Бо даво́лі ўжо, што вы ў мінулы час жыцьця паступалі па волі пага́наў, жывучы ў распусьце, пажаданьнях, п’янстве, гулянках, папойках і агідных пакланеньнях балванам,

таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
 
чаму яны і дзíвяцца, ня бачучы вашага ўдзелу ў такім разьліве распусты, ліхасловячы вас.

яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
 
Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.

Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
 
Бо пагэтаму і мёртвым было дабравешчана, каб яны быўшы засуджанымі як людзі па целу, жылí згодна Богу духам.

Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
 
І ўсяму наблізіўся канец. Дык вось будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах.

А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
 
Перш за ўсё мейце адзін да аднаго шчырую любоў, бо любоў пакрые мноства грахоў.

будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
 
Будзьце гасьціннымі адзін да аднаго бяз нараканьня;

служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
 
служыце кожны адзін аднаму адпаведна з тым дарам, які атрымаў, як добрыя аканомы шматбаковай Багадаці Бога.

Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
 
Калі хто гаво́рыць — гавары як Словы Бога; калі хто служыць, служы сілай, якую дае Бог, каб ува ўсім быў услаўлены Бог цераз Ісуса Хрыста, Якому Слава і Валадараньне на векі вякоў. Амін.

Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
 
Любасныя! Ня зьдзіўляйцеся агнявому выпрабаваньню для выпрабаваньня вашага пасылаемаму, як нечаму дзіўнаму, што вам здараецца,

але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
 
але як вы становіцеся ўдзельнікамі ў пакутах Хрыста, радуйцеся, каб і ў зьяўленьні Славы Ягонай вам узрадавацца ўрачыста.

Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
 
Калі вы зьняважаемы за Імя Хрыста, (то вы) шчасьлівыя, бо (Дух) Славы і Дух Бога на вас супачывае. Які імі блюзьнерыцца, а вамі ўслаўляецца.

Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
 
Ніхто з вас ня павінен цярпець як забойца, або як зло́дзей, або злачынец, ці як зайздросьнік на чужое;

а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
 
але калі як хрысьціянін, ня саромся, але слаў Бога ў гэтай долі.

Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
 
Бо час пачацца суду з Дома Бога; калі ж сьпярша з нас (пачнецца, то) які канец тых, што ня пакараюцца Эвангельлю Бога?

І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
 
І калі праведны ледзь збаўляецца, то бязбожнік і грэшнік дзе зьявіцца?

Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.
 
Так што і церпячыя па волі Бога, як вернаму Творцу, хай аддадуць душы свае ў цнаце́.