Найвышэйшая песьня 2 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сяргея Шупы

 
 

Я — раўнінны нарцыс Саронскі, я — лілея з даліны!
 
Я — пралеска шаронская, лілея далінаў.

Як лілея сярод бадзякоў — каханая сярод сябровак!
 
Як лілея сярод церня, так любая мая сярод дзяўчат.

Як яблыня сярод лясных дрэў — каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.
 
Як яблыня сярод лясных дрэваў, так каханы мой сярод хлопцаў; у ценю яго мне прыемна сядзець, плады яго салодкія мне на смак.

Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг — каханьне!
 
Увёў ён мяне ў дом бяседы, сьцяг яго нада мною — каханьне.

Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.
 
Пачастуйце мяне разынкамі, падмацуйце мяне яблыкамі, бо я хворая ад каханьня.

Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
 
Яго левая рука пад маёй галавой, правая абдымае мяне.

Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
 
Заклінаю вас, дочкі ерусалімскія, газэлямі ці ланямі палявымі, не будзіце і не абуджайце каханьне, пакуль само не пажадае.

Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, —
 
Чую каханага майго; вось ён ідзе, пераскоквае горы, перасягае вяршыні.

мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.
 
Падобны каханы мой да газэлі ці маладога аленя; вось, ён стаіць за нашай сьцяною, наглядае праз вокны, зазірае праз краткі.

Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!
 
Адказаў каханы мой і сказаў мне: Устань, любая, прыгожая мая, і выходзь.

Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;
 
Бо вось, зіма мінула, дажджы скончыліся й перасталі.

кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,
 
Кветкі зьявіліся на зямлі, надышла пара сьпеваў, голас галубкі чуваць у нашым краі.

налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая выйдзі!
 
На фігавых дрэвах завязаліся плады, вінаградная квецень пусьціла пах; устань, любая, прыгожая мая, і выходзь.

Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас — салодкі, бо мне тварык твой вабны!
 
Галубка мая ў расколінах скал, y сховах горнага уздыму; дай пабачыць мне аблічча тваё, дай пачуць голас твой, бо голас твой мілы і аблічча тваё гожае.

Лавіце нам лісянятак і лісак лавіце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!
 
Лавіце нам лісаў, лісак маленькіх, што нішчаць вінаграднікі, бо вінаграднікі нашы зацьвілі.

Каханы аддадзены мне, я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
 
Каханы мой належыць мне, а я яму, таму, хто пасьвіць у лілеях.

Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой мілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.
 
Пакуль не павее дзень і не паўцякаюць цені, абярніся, каханы мой, і будзь як газэль ці алень малады у горах над цясьнінамі.