Лукаша 4 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ісус жа, поўны Духа Сьвятога, зьвярнуўся да Ёрдану і быў паведзены Духам на пустыню.
 
Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся з Ярдану і быў паведзены Духам у пустыню.

Сорак дзён быў спакушаны д’явалам і нічога ня еў тых дзён; а па сканчэньню іх запрагнуў.
 
Там сорак дзён Ён быў спакуша́ны д’яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захацеў есьці.

І сказаў Яму д’явал: «Калі Ты Сын Божы, раскажы гэтаму каменю, каб стаў букаткаю».
 
І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты — Сын Божы, скажы гэтаму камяню, каб ён стаўся хлебам».

А Ісус адказаў яму, кажучы: «Напісана, што не адным хлебам будзе жыць людзіна, але кажным словам Божым».
 
І адказаў яму Ісус, кажучы: «Напісана, што ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам Божым».

І, павёўшы Яго на высокую гару, ён паказаў Яму ўсі гаспадарствы сьвету ў часіне часу.
 
І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе валадарствы сусьвету ў імгненьне часу.

І сказаў Яму д’явал: «Усю гэтую ўладу дам Табе і славу іх, бо яна дана імне, і, каму я хачу, даю яе.
 
І сказаў Яму д’ябал: «Дам Табе ўладу над усім гэтым і славу іхнюю, бо яна мне аддадзена, і я, каму хачу, даю яе.

Дык Ты, калі паклонішся імне, усе будзе Твае».
 
Дык калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваё».

А Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Ідзі вон ад Мяне, шайтане, бо напісана: "Спадару Богу свайму кланяцца будзеш і Яму аднаму служыць".»
 
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Адыйдзі ад Мяне, шата́н! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».

Тады павёў Яго да Ерузаліму, і пастанавіў Яго на крэйцы сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, ськінься адгэтуль далоў;
 
І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў на вільчаку сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,

Бо напісана: "Ангілам Сваім раскажа празь Цябе, каб Цябе сьцераглі;
 
бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе ўсьцерагчы Цябе”,

І на руках панясуць Цябе, каб ня выцяў аб камень нагі Свае".»
 
і: “На руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».

І, адказуючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: "Не спакушай Спадара Бога Свайго".»
 
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».

І як д’явал скончыў усі спакусы, адышоў ад Яго да часу.
 
І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пары́.

А Ісус зьвярнуўся ў моцы Духа да Ґалілеі; і разышліся дзейкі празь Яго па ўсёй акалічнай зямлі.
 
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй ваколіцы.

І Ён вучыў у бажніцах іхных, і ўсі яго ўслаўлялі.
 
І вучыў Ён у сынагогах іхніх, і ад усіх быў слаўлены.

І прышоў да Назарэту, ідзе быў выгадаваны, і ўвыйшоў, подле звычаю Свайго, у дзень сыботні да бажніцы, і ўстаў чытаць.
 
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле звычаю Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.

І падана Яму кніга Ісаі прарокі. Рашчыніўшы кнігу, знайшоў месца, ідзе было напісана:
 
І далі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:

«Дух Спадароў над Імною, бо памазаў Мяне абяшчаць дабравесьць бедным, паслаў Мяне ўздараўляць патрышчаных сэрцам, абяшчаць выбаўленьне палоненікам і зьвярненьне відзеньня нявісным, выпусьціць зьмяжджуленых на свабоду,
 
«Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым — вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду,

Абяшчаць прымальны год Спадароў».
 
і абвяшчаць год Госпадаў прыемны».

І, зачыніўшы кнігу, і аддаўшы паслугачаму, сеў; і вочы ўсіх, што былі ў бажніцы, былі ўцемленыя ў Яго.
 
І, згарнуўшы кнігу, аддаў паслугачу і сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.

І Ён пачаў казаць ім: «Сядні споўнілася гэтае пісьмо ў вушох вашых».
 
А Ён пачаў гаварыць ім: «Сёньня споўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых».

І ўсі пасьветчылі Яму, і дзіваваліся із словаў ласкі, што выходзілі з вуснаў Ягоных, і гукалі: «Ці ня сын гэта Язэпаў?»
 
І ўсе засьведчылі Яму гэта, і зьдзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і гаварылі: «Ці не Язэпаў гэта сын?»

І Ён сказаў ім: «Напэўна скажаце Імне прыказь гэтую: "Лекару, уздароў самога сябе; тое, што мы чулі, што сталася ў Капернауме, учыні таксама тутака, у родным месцу Сваім".»
 
І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэткую прыповесьць: “Лекару, аздараві Самога Сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, сталася ў Капэрнауме”».

І сказаў: «Запраўды кажу вам: ніякага прарокі ня прыймаюць у родным краю сваім.
 
І сказаў: «Сапраўды кажу вам: Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.

Але кажу вам праўду: шмат удоваў было ў Ізраелю за дзён Ільлі, як нябёсы былі зачыненыя тры гады шэсьць месяцаў, як вялікая галадоў была па ўсёй зямлі;
 
Праўдзіва кажу вам: Шмат удоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што стаўся вялікі голад па ўсёй зямлі;

Але да ні воднае зь іх ня быў пасланы Ільля, адно да Сарэпты Сыдонскае да жонкі ўдавы.
 
і ані да аднае з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.

І шмат пракажаных было ў люду Ізраельскім за Елісэя прарокі, і ні водзін ізь іх не ачысьціўся, адно Нааман Сыранін».
 
І шмат было пракажоных у Ізраілю пры прароку Элісею, і ніводзін з іх ня быў ачышчаны, акрамя Нэемана Сірыйца».

І напоўніліся ўсі ў бажніцы гневам, пачуўшы гэта.
 
І ўсе ў сынагозе напоўніліся ярасьцю, пачуўшы гэтае,

І, устаўшы, здалілі Яго вонкі зь места, і павялі аж на верх узгорку, на каторым места іхнае было пастаноўлена, каб ськінуць Яго;
 
і, устаўшы, выгналі Яго навонкі з гораду, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны горад іхні, каб скінуць Яго,

Але Ён, прайшоўшыся сярод іх, адышоў.
 
але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.

І прышоў да Капернауму, места Ґалілейскага, і вучыў іх па сыботах.
 
І прыйшоў у Капэрнаум, горад Галілейскі, і вучыў іх у суботы.

І дзіваваліся вельма з навукі Ягонае, бо ўладная была мова Ягоная.
 
І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю былі словы Яго.

І быў у бажніцы чалавек, што меў нячыстага духа д’явальскага, і ён загукаў вялікім голасам,
 
І быў у сынагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і ён загаласіў моцным голасам,

кажучы: «Ах, што нам да Цябе, Ісусе Назарэцкі? Ты прышоў загубіць нас; знаю Цябе, хто Ты, сьвяты Божы».
 
кажучы: «Аёй! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».

Але Ісус зганіў яго, кажучы: «Змоўкні й выйдзі зь яго». І нячысьцік, кінуўшы яго пасярэдзіне, вышаў зь яго, не пашкодзіўшы яму.
 
І забараніў яму Ісус, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы яго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.

І ўсі былі зумеўшыся, і гукалі мяжсобку, кажучы: «Што за слова гэта! бо з уладаю а магутнасьцяй расказуе нячыстым духом, і яны выходзяць».
 
І ахапіў усіх страх, і гутарылі між сабою, кажучы: «Што гэта за слова такое, што з уладаю і моцаю Ён загадвае духам нячыстым, і яны выходзяць?»

І разыходзілася дзейка празь Яго па ўсіх месцах аколіцы.
 
І разыйшлася чутка пра Яго па ўсіх вакалічных месцах.

І вышаўшы з бажніцы, Ён увыйшоў у дом Сымонаў; цешча ж Сымонава была хворая на вялікую гаручку; і прасілі Яго за яе.
 
Выйшаўшы ж з сынагогі, Ён прыйшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў моцнай гарачцы, і прасілі Яго за яе.

І, стаўшы над ёю, Ён зганіў трасцу; і пакінула яе. І яна, якга ўстаўшы, паслугавала ім.
 
І, стаўшы каля яе, Ён забараніў гарачцы, і пакінула яе, а яна, адразу ўстаўшы, паслугава́ла ім.

Заходам сонца, усі, што мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кажнага зь іх рукі, уздараўляў іх.
 
Пры захадзе сонца ўсе, якія мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, усклаўшы на кожнага з іх рукі, аздаравіў іх.

І нячысьцікі таксама выходзілі із шмат каго, крычучы й кажучы: «Ты Хрыстос, Сын Божы». А Ён, ганячы, не дазваляў ім гукаць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
 
Выганяў таксама дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: «Ты — Хрыстос, Сын Божы». І Ён забараняў ім казаць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.

Як жа быў дзень, Ён, вышаўшы, пайшоў на пустыннае месца, і гурба шукала Яго і, прышоўшы да Яго, зьдзержавала Яго, каб не адходзіў ад іх.
 
А калі настаў дзень, Ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца, і натоўпы шукалі Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не ішоў ад іх.

Але Ён сказаў ім: «Я маю шырыць дабравесьць гаспадарства Божага таксама іншым местам, бо на тое Я пасланы».
 
А Ён сказаў ім: «І ў другіх гарадах Я мушу дабравесьціць Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».

І абяшчаў у бажніцах Ґалілейскіх.
 
І абвяшчаў у сынагогах Галілейскіх.