Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Дык будзьце перайманьнікамі Бога, як мілаваныя дзеці;
Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя,
І хадзіце ў міласьці, як і Хрыстос мілаваў нас і выдаў Сябе за нас, дар а аброк Богу на прыемны пах.
і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі.
А бязулства а ўсялякая нечысьціня або жада няхай ня будуць нават менаваны памеж вас, як лець сьвятым.
А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым,
І брыда, і дурная гаворка альбо шкелі, усе нягожае, але валей дзякаваньне;
ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка.
Бо ведаеце, што ніякі бязуля, альбо нячысты, альбо прагавіты, каторы балвахвал, ня будзе мець спадку ў гаспадарстве Хрыста а Бога.
Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
Няхай ніхто не ашукуе вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзе гнеў Божы на сыноў непаслухменства ;
Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці.
Дык ня будзьце сябрамі іхнымі.
Дык ня будзьце супольнікамі іх.
Бо вы былі калісь цямнота, а цяпер — сьвятліня ў Спадару: хадзіце, як дзеці сьвятліні
Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла,
(бо плод сьвятліні ў кажнай дабрыні а справядлівасьці а праўдзе),
бо плод Духа ёсьць ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе.
Прабуючы, што падабае Спадар.
Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу,
І ня майце ўчасьця зь бясплоднымі ўчынкамі цямноты, але валей ганьце.
і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце.
Бо праз тое, што яны робяць патай, сорамна й гукаць.
Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць.
Усеж, упіканае сьвятлінёю, робіцца яўным; бо ўсе, што робіцца яўным, сьвятліня ё;
Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло,
Затым кажа: «Устань сьпячы, і ўскрэсьні зь мертвых, і асьвеце цябе Хрыстос».
таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос».
Дык бачча, як вам хадзіць асьцярожна, не як нямудрым, але як мудрым,
Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,
Важачы час, бо дні благія.
выкупляючы час, бо дні злыя.
Затым ня будзьце дурныя, але разумеючыя, што ё воля Спадарова.
Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада.
І ня ўпівайцеся віном, у каторым бязулства, але поўніцеся Духам,
І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,
Размаўляючы мяжсобку псальмамі а гімнамі а песьнямі духоўнымі, пяючы а напяваючы сэрцам сваім Спадару,
гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых,
Дзякуючы заўсёды за ўсё Богу а Айцу, у імя Спадара нашага Ісуса Хрыста.
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Паддаючыся адзін аднаму ў страху Хрыстовым.
падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
Жонкі, паддавайцеся мужом сваім, як Спадару,
Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужа́м сваім, як Госпаду,
Бо муж ё галава жонцы, як і Хрыстос галава Царкве, Ён Спас цела;
бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела.
Але як Царква паддана Хрысту, так і жонкі мужом сваім у ўсім.
Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужа́м у-ва ўсім.
Мужы, любіце жонкі свае, як і Хрыстос любіў Царкву і аддаўся за яе,
Мужы, любі́це жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе,
Каб усьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове;
каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове,
Каб пастанавіць яе Сабе славутаю Царквою, плямы ня маючай, маршчака альбо чаго-колечы такога, але каб была сьвятой а беззаганнай.
каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.
Ды так маюць мужы любіць жонкі свае, як собскае цела свае: хто любе жонку сваю, любе самога сябе.
Гэтак павінны мужы любі́ць сваіх жонак, як целы свае: хто лю́біць жонку сваю, самога сябе лю́біць.
Бо ніхто ня мае ў ненавісьці собскага цела свайго, але жыве а кукобе, як і Хрыстос Царкву;
Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жы́віць і грэе яго, як і Госпад Царкву.
Бо мы чаланы цела Ягонага, ад цела Ягонага і ад косьцяў Ягоных.
Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго.
Затым хай «пакіне чалавек айца свайго і маці сваю і прыліпне да жонкі свае, і будуць двое адно цела».
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам.
Тайна гэта вялікая, але я кажу ўзглядам Хрыста і ўзглядам Царквы.
Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву.
Вось жа, кажны з вас няхай любе жонку сваю, як самога сябе; жонка ж хай баіцца мужа.
Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай лю́біць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.