Данііла 10 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Трэйцяга году Кіра, караля Пэрскага, было аб’яўлена слова Данелю, каторага імя было Велтэшазар; і слова праўдзівае, і вайна вялікая; і ён зразумеў слова, і меў зразуменьне відзені.
 
У трэці год Кіра, валадара Пэрсаў, слова было адкрыта Даніілу, якога называлі імем Бэльтэшацар; і слова гэтае — праўдзівае; і вайна вялікая; і ён зразумеў слова гэтае, і меў разуменьне відзежу.

Тых дзён я, Данель, быў у жалобе тры поўныя тыдні.
 
У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе тры тыдні дзён.

Хлеба ня еў, ані мяса, ані віно ня йшло ў рот мой, і ня масьціў сябе, пакуль ня выпаўніліся тры тыдні.
 
Хлеба смачнага я ня еў, і мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я ня масьціў сябе, пакуль ня споўніліся тры тыдні дзён.

І дваццаць чацьвертага дня першага месяца, як я быў ля берагу вялікае ракі, каторая Тыгра,
 
І ў дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца я быў на беразе ракі вялікай, гэта Хідэкель.

І ўзьняў я вочы свае, і глядзеў, і ўвідзеў, і вось, людзіна, адзеўшыся ў ляньніну, і сьцёгны ейныя паперазаныя шчырым золатам із Уфазу.
 
І ўзьняў я вочы мае, і глядзеў, і вось, адзін муж, апрануты ў ільняныя [шаты], і сьцёгны ягоныя падперазаныя шчырым золатам з Уфазу.

І цела ейнае — як бэрыл, і від ейны — як выгляд маланьні і вочы ейныя — як полымя цяпла, і цэўі ейныя, і ногі ейныя — колеру палерававае бронзы, і гук словаў ейных — як гук множасьці.
 
А цела ягонае — як тапаз, і аблічча ягонае — як выгляд маланкі, і вочы ягоныя — як полымя паходні, і рамёны ягоныя, і ногі ягоныя — колеру медзі блішчастай, а голас словаў ягоных — голас мноства [людзей].

І я, Данель, адзін відзеў гэтую відзень, а людзі, што былі з імною, ня відзелі гэтае відзені; але вялікая дрыгота напала на іх, ажно яны ўцяклі, каб схавацца.
 
І толькі я, Данііл, бачыў гэты відзеж, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтага відзежу, але страх вялікі ахапіў іх, і яны ўцяклі, каб схавацца.

Дык я застаўся адзін і відзеў гэтую вялікую відзень, і ня стала сілы ў імне, бо ўрода мая адмянілася ў імне аж да зьнішчэньня.
 
І я застаўся адзін, і бачыў гэты відзеж вялікі, і ня стала сілы ў мяне, і велічнасьць мая зьмянілася ў-ва мне і зьнікла, і не засталося сілы [ў мяне].

І чуў я голас словаў ягоных; і як я пачуў голас словаў ягоных, тады я быў у глыбокім сьне на відзе сваім і на відзе сваім да зямлі.
 
І я пачуў голас словаў ягоных; і калі я пачуў голас словаў ягоных, я самлеў у глыбокім сьне на абліччы маім, і абліччам маім [ляжаў] на зямлі.

І вось, рука даткнулася да мяне і закранула мяне па каленях маіх і па далонях рук маіх.
 
І вось, рука дакранулася да мяне і паставіла мяне на каленях маіх і на далонях рук маіх.

І сказаў ён імне: «Данелю, мужу жаданы, зразумей словы, што я скажу табе, і стань проста, бо да цябе я пасланы цяпер». І як ён казаў гэтае слова імне, я стаяў дрыжачы.
 
І ён сказаў мне: «Данііле, муж найкаштоўнейшы, зразумей словы, якія я гавару табе, і стань на месцы сваім, бо цяпер я пасланы да цябе». І калі ён гаварыў гэтае слова да мяне, я стаяў, дрыжучы.

Тады сказаў ён імне: «Ня бойся, Данелю, бо зь першага дня, што ты пастанавіў сэрца свае да зразуменьня і паніжыўся перад Богам сваім, словы твае былі пачуты, і я прышоў дзеля словаў тваіх;
 
І ён сказаў мне: «Ня бойся, Данііле, бо з першага дня, калі ты скіраваў сэрца тваё да зразуменьня і ўпакоранасьці перад абліччам Бога твайго, былі пачутыя словы твае, і я прыйшоў дзеля словаў тваіх.

Але князь Пэрскага каралеўства стаяў супроці мяне дваццаць адзін дзень; гля, адылі, Міхайла, адзін ізь першых князёў, прышоў памагчы імне, і я заставаўся там каля князёў Пэрскіх.
 
Але князь валадарства Пэрсаў стаяў супраць мяне дваццаць адзін дзень; і вось Міхаэль, адзін з першых князёў, прыйшоў дапамагчы мне, і я заставаўся там пры валадарах Пэрсаў.

Цяпер я прышоў даць табе зразумець, што прыгодзіцца люду твайму апошніх дзён, бо відзень на шмат дзён яшчэ».
 
І я прыйшоў даць табе зразумець, што адбудзецца з народам тваім у канцы дзён, бо відзеж гэты [датычыць] тых дзён».

І як ён гукаў гэткія словы, я спусьціў від свой далоў і занямеў.
 
І калі ён гаварыў да мяне гэтыя словы, я схіліў аблічча маё да зямлі і зьнямеў.

І вось, бы падобнасьць сыноў людзкіх даткнулася да вуснаў маіх, і я адчыніў рот свой, і гукаў, і сказаў таму, хто стаяў супроці мяне: «Спадару мой, ад відзені болі мае абярнуліся на мяне, і я не задзяржаў сілы.
 
І вось [нехта], падобны да сыноў чалавечых, дакрануўся да губаў маіх, і я адчыніў вусны мае, і прамовіў, і сказаў таму, хто стаяў перада мною: «Пане мой, ад відзежу гэтага боль мой напоўніў мяне, і не засталося сілы [ў мяне].

Бо як можа гэты слуга спадара майго размаўляць із гэтым спадаром маім? бо што да мяне, адразу не засталося сілы ў імне».
 
І як можа слуга пана майго гаварыць з гэтым панам маім? Бо цяпер няма сілы ў мяне, і дыханьня не засталося ў-ва мне».

Тады йзноў даткнуўся на выгляд бы чалавек і пасіліў мяне,
 
І зноў дакрануўся да мяне [нехта], падобны да чалавека і ўмацаваў мяне,

І сказаў: «Ня бойся, жаданы мужу! супакой табе; мацуйся а мацуйся». І як ён казаў імне, я падужэў і сказаў: «Кажы, спадару мой, бо ты пасіліў мяне».
 
і сказаў: «Ня бойся, муж найкаштоўнейшы! Супакой табе! Будзь цьвёрды і будзь моцны!» І калі ён гаварыў да мяне, я ўмацаваўся і сказаў: «Кажы, пане мой, бо ты ўмацаваў мяне».

І ён сказаў: «Ці ведаеш ты, чаму я прышоў да цябе? І цяпер я зьвярнуся ходацца з князям Пэрскім; і я выйду, і гля, прыйдзе князь Грэцкі.
 
І ён сказаў: «Ці ты ведаеш, чаму я прыйшоў да цябе? І цяпер я вярнуўся, каб ваяваць з князем Пэрсіі. І я адыйду, і вось, прыйдзе князь Явану.

Пакажу я, адылі, табе, што зацемлена ў Пісьме праўды; і ніхто ня сіліцца з імною ў гэтым, адно Міхайла, князь вашы.
 
Але я распавяду табе, што напісана ў запісе праўды. І няма нікога, хто падтрымлівае мяне ў гэтым [змаганьні], толькі Міхаэль, князь ваш.