Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык я, вязень у Спадару, малю вас хадзіць годна пагуканьня, да каторага вы пагуканы,
 
Умольваю тады вас я, вязень Госпадаў, каб вы вялі сябе паводле пакліканьня, якога вы ўдастены,

З усёю пакораю а лагоднасьцю, зь цярплівосьцю, выбачаючы адзін аднаму ў міласьці,
 
з усёю пакорлівасьцю і ласкавасьцю, з церпялівасьцю і любоўю, адны адных пераносячы,

Сілуючыся заховаваць суцэльнасьць Духа ў зьвязе супакою.
 
рупліва зьберагаючы адзінства Духа ў супакою.

Адно цела й адзін дух, як вы й пагуканы ў ваднэй надзеі пагуканьня свайго;
 
Адно цела і адзін Дух, як пазваныя вы адною надзеяю пакліканьня вашага.

Адзін Спадар, адна вера, адзін хрэст,
 
Адзін Госпад, адна вера, адзін (той самы) хрост.

Адзін Бог і Ацец усіх, Каторы над усімі, і пераз усіх, і ў вусіх нас.
 
Адзін Бог і Айцец усіх. Ён над усімі і ў ва ўсім і ў ва ўсіх нас.

Кажнаму ж з нас дана ласка подле меры дару Хрыстовага.
 
Кожнаму ж з нас дадзена ласка па меры дару Хрыстовага.

Затым кажа: «Узышоўшы на вышыню, апаланіў палон і даў дары людзём».
 
Таму вось кажа Пісаньне: "Узыходзячы на вышыню, павёў здабытую здабычу ў няволю, даў людзям дары".

Але тое, што ўзышоў, што гэта, як ня тое, што таксама зышоў да найніжшых часьцяў зямлі?
 
Што ж значыць "узыходзячы", што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі.

Тый, што зышоў, ё Тый самы, што і ўзышоў над усі нябёсы, каб напоўніць усе.
 
Хто сышоў, той самы і ўступіў, узыйшоў вышэй усяго неба, каб усё перапоўніць.

І Ён прызначыў некатрых за апосталаў, а некатрых за прарокаў, а некатрых за евангелістых, а некатрых за пастыроў а вучыцеляў,
 
І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых настаўнікамі і доктарамі

Да дасканальненьня сьвятых, да справы службы, да будаваньня цела Хрыстовага,
 
на ўдасканаленьне сьвятых, для патрэбы служэньня, для збудаваньня Цела Хрыстовага.

Пакуль усі ня прыйдзем у суцэльнасьць веры і супоўнае пазнаньне Сына Божага, у мужа вырослага, у меру поўнага росту Хрыстовага;
 
Аж пакуль не дойдзем да адной веры і пазнаньня Сына Божага да чалавека беззаганнага па меры веку паўнаты Хрыстовай,

Каб мы ня былі балей бязьлеткамі, веянымі а ношанымі кажным ветрам навукі ў падходзе людзкім, у лісьлівай хітрыні абмылы;
 
каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і дурманячых ашуканствам.

Але, будучы праўдамоўнымі ў міласьці, усяляк урасталі ў Тога, Каторы галава, Хрыстос,
 
Трымаючыся праўды, расьцём у міласьці, перад усім у тым, хто зьяўляецца Галавой — Хрыстус.

З Каторага ўсе цела, належна злучана а зьвязана ўзаемна кажнай суставаю, у меру дзеяньня кажнае часьці, дзее прырост да збудаваньня самога сябе ў міласьці.
 
З Яго ўсё Цела састаўлена і спаяна ўсякую сувязьзю, успамогаю паводле дзейнасьці на меру паасобнага члена прычыняцца да росту цела на пабудову сваю ў міласьці.

Затым я кажу й сьветчу Спадаром, каб наперад вы не хадзілі, як ходзяць пагане, подле марнасьці розуму свайго,
 
Вось аб гэтым кажу і заклінаю ў Госпадзе, каб вы ўжо не паступалі так, як паганцы, што вядуцца ў пустаце ў сваёй змысловасьці,

Будучы зацемненыя ў розуме, аддаленыя ад жыцьця Божага з прычыны неведзі, каторая ў іх, з прычыны закалянасьці сэрцаў іхных;
 
маючы атупелы розум, аддалення ад жыцьця Божага дзеля няведаньня, трываючага ў іх праз асьляпленьне іхняга сэрца.

Яны, стаўшы нячульлівымі, аддаліся аблуду, каб дзеяць усялякую нечысьціню із жадою.
 
Яны адурманеныя і аддалі саміх сябе на распусту і пошукі ўсякай люботнасьці.

Але вы ня так пазналі Хрыста,
 
Але вы не такога пазналі Хрыстуса,

Калі вы запраўды чулі Яго і былі навучаныя ў Ім, што праўда ў Ісусу,
 
калі толькі вы пра Яго чулі і калі на Ім вучыліся, таму што праўда ў Езусе.

Каб ськінуць усе, што датыкаецца пярэдняга паступку старога чалавека, што раскладаецца ў вашукных жадах,
 
Пакіньце жыць паводле абычаю старога чалавека, прападаючага ў абманнай змысловасьці.

І аднавіцца духам розуму свайго,
 
Аднавіцеся ж розумам (духам розуму вашага) і

І адзецца ў новага чалавека, створанага подле Бога ў справядлівасьці а сьвятасьці праўды.
 
апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасьці і сьвятасьці праўды.

Затым, адхінуўшы ману, кажыце праўду кажны бліжняму свайму, бо мы сучаланы адзін аднаму.
 
Дзеля таго перастаньце лгаць, кажучы праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — часткі адны адных.

Абураючыся, не грашыце; сонца хай ня зойдзе ў вугневаньню вашым.
 
Гневаючыся не грашыце, хай сонца не заходзіць у гневе вашым.

І не давайце месца дзяблу.
 
І не давайце месца д'яблу.

Хто краў, няхай не крадзець, але валей няхай працуе, робячы рукамі сваімі добрае, каб меў удзяліць патрабуючаму.
 
Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі сваімі карыснае, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы патрабуючага.

Ніякае гнілое слова хай ня выходзе з вуснаў вашых, але калі якое добрае да патрэбнага збудаваньня, каб дало ласку слухаючым.
 
Усякая ліхая гаворка хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрая, на збудаваньне веры, каб была мілай слухаючым.

І не засмучайце Сьвятога Духа Божага, Каторым вы запячатаваны на дзень адкупленьня.
 
Не засмучайце Сьвятога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкупленьня.

Усялякая гарчэль а гнеў а абурэньне а вераск а блявузґаньні няхай будуць аддалены ад вас. з усёй злоснасьцяй;
 
Хай счэзне у вас усякая прыкрасьць, гнеў і злосьць, звадка і ачарненьне і ўсякая злоснасьць.

І будзьце зычлівыя адзін да аднаго, спагадлівыя, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысту дараваў вам.
 
Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, адпускайцеся адны адным, як і Бог адпусціўся вам у Хрыстусе.