4 царстваў 19 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Як пачуў кароль Гэзэка, то разьдзер адзецьці свае, і прыкрыўся зрэбнінаю, і прышоў да дому СПАДАРОВАГА,
Калі пачуў гэта цар Эзэкія, раздзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у дом Госпада.
І паслаў Елякіма, што над дамоваю, а Шэўну пісара, а старшых сьвятароў, што былі пакрыўшыся зрэбнінаю, да прарокі Ісаі Амосёнка.
І паслаў ён Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых з святароў, апранутых у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса.
І яны сказалі яму: «Гэтак кажа Гэзэка: "Дзень бяды а кары а зьдзеку дзень гэты, бо прышлі дзецяняты да адтуліны дзетнічнае, і няма сілы радзіць.
Сказалі яны: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень гора, і наракання, і ганьбы: дайшлі дзеці да сваіх народзінаў, і няма сілы іх нарадзіць!
Можа пачуе СПАДАР, Бог твой, усі словы галоўнага над напіткамі, каторага паслаў кароль Асырскі, спадар ягоны, ганіць Бога жывога й упікаць словамі, каторыя СПАДАР, Бог твой, чуў. Дык чыні малітву за засталых, што засталіся"».
Можа, пачуе Госпад, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб зневажаць Бога жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў Госпад, Бог твой; і памаліся за астатніх, якія яшчэ жывуць”».
І прышлі служцы караля Гэзэкі да Ісаі;
І прыйшлі паслугачы цара Эзэкіі да Ісаі.
І сказаў ім Ісая: «Гэтак скажыце спадару вашаму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня бойся словаў, каторыя ты чуў, каторымі зьневажалі Мяне парабкі караля Асырскага.
І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа Госпад: “Не бойся слоў, што ты пачуў, якімі паслугачы цара асірыйцаў зневажалі Мяне;
Вось, Я дам у яго дух, і ён пачуе дзейку, і зьвернецца да зямлі свае, і я прычыню яму, што ён падзець на меч у зямлі сваёй’"».
вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў сваю зямлю; і Я паражу яго мечам у яго зямлі”».
І зьвярнуўся галоўны над напіткамі, і знайшоў караля Асырскага ваюючага зь Ліўнаю, бо ён чуў, што адступіў ад Лахішу.
Такім чынам, вярнуўся рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, які здабываў Лебну; бо пачуў, што ён адышоў з-пад Лахіса.
І пачуў праз Тыргака, караля Этыопскага, што казалі: «Вось, ён вышаў ваяваць із табою». І ўзноў паслаў ён паслоў да Гэзэкі сказаць:
І, калі ён пачуў пра Тарака, цара Этыёпіі, словы: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», — паўторна паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы яму:
«Гэтак скажыце Гэзэку, каралю Юдэйскаму, кажучы: "Няхай ня зводзе цябе Бог твой, на Каторага спадзяешся, кажучы: "Ня будзе адданы Ерузалім у рукі караля Асырскага’.
«Гэта скажыце Эзэкіі, цару Юдэі: “Хай не падманвае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, і не кажы: “Не аддасць Ён Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”.
Гэта ж ты чуў, што зрабілі каралі Асырскія з усімі землямі, аканаваўшы іх, — і ты меў бы быць вывальнены?
Ты бо сам чуў, што зрабілі цары асірыйцаў з усімі землямі, як яны пазнішчылі іх, такім чынам, ці ты мог бы адзін вызваліцца”?
Ці вывальнілі іх багі народаў, каторых мае айцы выгубілі? — Ґозан а Гаран а Рэцэф а сыноў Едэна, каторыя ў Феласару?
Дзе багі тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, гэта значыць, Газан, і Харан, і Рэзэф, і сыноў Эдэна, якія былі ў Тэласары?
Ідзе кароль Гамафу а кароль Арпаду а кароль места Сэфарваіму, Гэны а Іўвы?"»
Дзе цар Эмата і цар Арпада, цары Сэпарваіма, Аны і Авы?»
І ўзяў Гэзэка лісты з рукі паслоў, і прачытаў іх, і зышоў да дому СПАДАРОВАГА, і разгарнуў іх Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ.
Такім чынам, калі атрымаў Эзэкія ліст з рук вестуноў і прачытаў яго, ён пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго перад Госпадам,
І маліўся Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ, і гукаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, седзячы на херувах! Ты тый Бог, Каторы адзіны ўсіх гаспадарстваў зямлі, Ты ўчыніў неба й зямлю.
і маліўся ён перад Ім гэтымі словамі: «Госпадзе, Божа Ізраэля, Які сядзіш на херубінах! Толькі ты — Бог усіх валадарстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
Прыхіні, СПАДАРУ, вуха Свае й пачуй; адчыні, СПАДАРУ, вочы Свае й глянь, і пачуй словы Сэннахірывовы, каторыя паслаў ён ганіць Бога жывога.
Нахілі вуха Сваё і пачуй, адкрый вочы свае, Госпадзе, і пабач, і выслухай усе словы Санхэрыба, які паслаў вестуноў, каб зняважыць Бога жывога.
Праўда, СПАДАРУ, каралі Асырскія разбурылі народы й землі іхныя,
Гэта праўда, Госпадзе, што цары асірыйцаў знішчылі народы і іх краіны,
І паўкідалі багі іхныя ў цяпло; але гэта не багі, а выраб рук людзкіх, дзерва а камень; затым зьнішчылі іх.
і ў агонь кінулі яны багоў іх; бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых з дрэва і каменя, і знішчылі іх.
А цяпер, СПАДАРУ, Божа наш, выбаў нас ад рукі ягонае, і пазнаюць усі гаспадарствы зямлі, што Ты — СПАДАР, Бог адзіны».
Такім чынам, цяпер, Госпадзе, Божа наш, збаў нас ад рукі яго, каб ведалі ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог».
І паслаў Ісая Амасёнак да Гэзэкі сказаць: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Тое, праз што ты маліўся Імне што да Сэннахірыва, караля Асырскага, Я пачуў".
А Ісая, сын Амоса, паслаў да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я пачуў тое, аб чым ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыба, цара асірыйцаў”.
Во слова, што казаў СПАДАР празь яго: "Улегцы замее цябе, пасьмяецца зь цябе дзявушчая дачка Сыёну; паківае галавою над табою дачка Ерузаліму.
Гэта слова, якое сказаў Госпад пра яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна; за табой ківае галавой дачка Ерузаліма.
Каго ты лаеш, на каго блявузґаеш? І на каго ты падняў голас і ўзьняў так высака вочы свае? На Сьвятога Ізраелявага.
Каго зневажаў ты і на Каго блюзніў? Супраць Каго падняў ты голас свой, і ўверх падняў вочы свае? Супраць Святога Ізраэлева!
Пасламі сваімі ты лаяў СПАДАРА і сказаў: "З множасьцяй цялежак сваіх я ўзышоў на вышыню гор, на бакі Лібану, і сьсяку высокія кедры яго, выборныя кіпрысы яго, і прыйду на канцавыя гасподы госьцяў яго і да лесу яго Кармілу.
Праз вестуноў тваіх ты зневажаў Госпада і казаў: “З мноствам маіх калясніц я ўзышоў на горныя ўзвышшы, на вяршыні Лібана, і ссек яго велічныя кедры і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры яго.
І адкопаваў я, і піў воды чужыя, і высушу ступамі ног сваіх усі рэкі гораду’.
Капаю я студню і п’ю чужыя воды, і ступнямі ног сваіх высушыў усе ручаі егіпецкія”.
Ці ж ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у старавечныя дні наканаваў гэта, а цяпер аддаў бы гэта, і будуць абаронныя месты пакіненымі кучамі друзу?
Ці не чуў ты, што даўно Я зрабіў гэта? Са старажытных часоў Я гэта прызначыў, і цяпер здзяйсняю; і будуць яны знішчаны, стануць кучамі руінаў гарады ўмацаваныя.
І ў жыхараў іх скарацелыя рукі, яны спалохаліся а засароміліся. Яны сталі травою польнаю і зялёным зельлям, травою на страсе і спаленым збожжам нявыплылым.
І тыя, што зараз жывуць у іх, задрыжэлі і збянтэжыліся; сталі, як сена на полі, і як трава маладая, як трава на стрэхах, абпаленая перш, чым паспела.
Ці ты сядзіш, ці выйдзеш, ці ўвыйдзеш, Я ведаю, і злосьць тваю, супроці Мяне.
Ці сядзіш ты, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю наперад, як і абурэнне тваё
За злосьць тваю на Мяне і вераск твой, што ўзышоў у вушы Мае, Я ўлажу кручок Свой у нос твой і закілзы Свае ў рот твой, і зьвярну цябе назад тудэй, кудэй ты прышоў".
супраць Мяне: ты шалееш супраць Мяне, і пыха твая дайшла да вушэй Маіх. Такім чынам, Я ўкладу ў ноздры твае кольцы і цуглі — у губы твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”
І во, табе знак: ежча сёлета самасейку, натолета — выраслае з упалага зярняці, а на трэйці год сейце, і жніце, і садзіце вінныя сады, і ежча плады іх.
А табе, Эзэкія, будзе такі знак: у гэтым годзе еж, што знойдзеш, а ў другі год — тое, што само вырасце; а на трэці год сейце і збірайце, закладайце вінаграднікі і спажывайце плады іх.
І ўзноў уцеклае дому Юдзінага, засталае пусьце карэнь далоў і дасьць плод угары;
І, калі што застанецца з дому Юды, пусціць корань углыб, і выдасць плод наверх;
Бо зь Ерузаліму выйдзе астача, і ўцеклыя з гары Сыёну. Рупатлівасьць СПАДАРА ўчыне гэта.
бо з Ерузаліма выйдзе рэшта, і хто застанецца — з гары Сіён. Апекаванне Госпада Магуццяў зробіць гэта!
Дык гэтак кажа СПАДАР праз караля Асырскага: "Ня ўвыйдзе ён у гэтае места, і ня пусьце туды стралы, і ня прыступіцца да яго із шчытом, і не насыпе супроці яго валу.
Дзеля таго вось што кажа Госпад пра цара асірыйцаў: “Не ўвойдзе ён у гэты горад, ані выпусціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыта, і не насыпле кругом яго вала.
Тэй жа дарогаю, катораю прышоў, зьвернецца, і ў места гэтае ня ўвыйдзе, — агалашае СПАДАР. —
Дарогай, якою ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты не ўвойдзе”, — кажа Госпад. —
Я буду бараніць места гэтае, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Свайго"».
І Я абараню гэты горад і збаўлю яго дзеля Сябе і дзеля паслугача Свайго, Давіда».
І сталася тае ночы, што вышаў Ангіл СПАДАРОЎ і паразіў у табару Асырскім сто асьмідзясят пяць тысячаў. І ўсталі рана нараніцы, і вось, усі целы мертвыя.
І здарылася ў тую самую ноч: выйшаў Анёл Госпадаў і пабіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І, калі раніцай яны падняліся, убачылі, што ўсе вакол мёртвыя.
Дык крануўся а пайшоў а зьвярнуўся Сэннахірыў, кароль Асырскі, і жыў у Ніневе.
Тады Санхэрыб, цар асірыйцаў, адступіў і пайшоў, і вярнуўся і затрымаўся ў Нініве.
Як ён кланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, то Адрамелех а Шарэцэр, сыны ягоныя, паразілі яго мячом, а самы ўцяклі да зямлі Арарацкае. І загаспадарстваваў Есараддон, сын ягоны, замест яго.
І, калі ён пакланяўся ў храме Нэсроха, бога свайго, Адрамэлех і Сарасар, сыны яго, забілі яго мечам, і ўцяклі ў зямлю армянаў. І замест яго стаў цараваць сын яго Асархадон.