4 царстваў 10 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Ув Агава было семдзясят сыноў у Самары. І напісаў Егу лісты, і паслаў да Самары начэльнікам Ізрээльскім, старцом а кармілічам дзяцей Агавовых, кажучы:
 
А ў Самарыі было семдзесят сыноў Ахаба. Дык Егу напісаў ліст і выслаў яго ў Самарыю да магнатаў горада, і да старэйшын, і да апекуноў дзяцей Ахаба з гэтымі словамі:

«Дык цяпер, як прыйдзе да вас гэты ліст, а ў вас сынове спадара вашага, у вас жа і цялежкі, і коні, і ўмацаванае месца, і зброя;
 
«Зараз жа, як атрымаеце ліст гэты, то, як вы маеце дзяцей гаспадара вашага, і калясніцы, і коней, і горад умацаваны, і зброю,

Дык выглядзіце найлепшага а найпасьціўшага із сыноў гаспадара свайго, і пасадзіце яго на пасад айца ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго».
 
дык выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага і пасадзіце яго на пасад бацькі яго, і ваюйце за дом гаспадара вашага».

Яны вельмі, вельмі спалохаліся і сказалі: «Вось, два каралі ня ўстоілі перад ім, як жа мы ўстоім?»
 
Яны спалохаліся вельмі і казалі: «Вось, два цары не змаглі ўстаяць перад ім, і як жа мы зможам супрацівіцца яму?»

І паслаў дамавер а гараднічы а старцы а кармілічы да Егу, сказаць: «Мы слугі твае, і што скажаш нам, тое й зробім. Мы нікога не пастановім за караля; што добра ў ваччу тваім, тое й рабі».
 
Такім чынам, загадчык дому, і кіраўнікі горада, і старэйшыны, і апекуны сказалі Егу: «Мы паслугачы твае: усё, што ты загадаеш, — зробім, і не будзем выбіраць цара; што табе падабаецца — рабі».

І напісаў ён ім ліст другі, кажучы: «Калі вы мае і слухаеце голасу майго, то вазьміце галавы сыноў гаспадара свайго і прыйдзіце да мяне заўтра гэтага часу да Ізрэелю». Каралеўскіх жа сыноў было семдзясят чалавекаў; найвыдатнейшыя ў месьце былі кармілічамі іх.
 
І Егу напісаў ім другі ліст такога зместу: «Калі вы мае і слухаеце мяне, то вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў той самы час у Езрагэль». А сыны цара, семдзесят чалавек, былі на выхаванні ў магнатаў горада.

Як прышоў да іх ліст, яны ўзялі каралеўскіх сыноў, зарэзалі семдзясят чалавекаў, і палажылі галавы іхныя ў сутнікі, і паслалі да яго да Ізрэелю.
 
І калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў цара, семдзесят чалавек, і забілі, і галовы іх склалі ў кошыкі, і паслалі да яго ў Езрагэль.

І прышоў пасланец, і наказаў яму, кажучы: «Прынесьлі галавы сыноў каралеўскіх». І сказаў ён: «Раскладзіце іх у дзьве кучы ля ўходу ў браму, да раньня».
 
І прыйшоў вястун і паведаміў яму, кажучы: «Прынеслі галовы сыноў царскіх». Ён адказаў: «Пакладзіце іх у дзве кучы ля ўваходу ў браму аж да раніцы».

Нараніцы ён вышаў, і стаў, і сказаў усяму люду: «Вы ня вінны. Вось, я паўстаў супроці гаспадара свайго й зрабіў сьмерць яму, а іх усіх хто забіў?
 
І калі развіднела, выйшаў ён і, стоячы, прамовіў да ўсяго народа: «Вы не вінаваты; вось, я паўстаў супраць гаспадара майго і забіў яго, а хто забіў усіх гэтых?

Ведайце ж цяперака, што ня зваліцца на зямлю нічагусенькі із слова СПАДАРОВАГА, каторае СПАДАР казаў праз дом Агавоў; бо СПАДАР зрабіў, што казаў слугою Сваім Ільлёю».
 
Дык ведайце цяпер, што нішто не прапала са слоў Госпада, якія выказаў Ён супраць дому Ахаба, і Госпад здзейсніў тое, што сказаў праз паслугача Свайго Іллю».

І пабіў Егу ўсіх засталых з дому Агавовага ў Ізрэелю, і ўсіх вялікіх ягоных, і знаёмых ягоных, і сьвятароў ягоных, ажно не засталося ў яго астачы.
 
І пазабіваў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахаба ў Езрагэлі, і ўсіх яго магнатаў, і давераных, і святароў, так што не застаўся з іх ніводзін.

І ўстаў, і адышоў, і пайшоў да Самары, а па дарозе зайшоўся да дому пастухоў-пастрыганьнікаў.
 
І ўстаў і пайшоў. Потым ён прыйшоў у Самарыю; і калі ён быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім,

І Егу знайшоў братоў Агазіных, караля Юдэйскага, і сказаў: «Хто вы?» Яны адказалі: «Мы браты Агазіны і йдзем паздароваць сыноў каралёвых і сыноў каралічыных».
 
сустрэў братоў Ахазіі, цара Юдэі, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны адказалі: «Мы браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў цара і сыноў гаспадыні царыцы».

І сказаў ён: «Хапіце іх жывых». І схапілі іх жывых, і зарэзалі іх — сорак двух чалавекаў, ля студні двору пастрыгальні, і не засталося ні воднага зь іх.
 
А ён загадаў: «Схапіце іх жывымі!» І калі схапілі іх жывымі, забілі іх каля Бэтэкеда, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх ні аднаго.

І пайшоў стуль, і стрэўся зь Егонадавом Рыхавёнкам, што йшоў наўпярэймы яму, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Ці твае сэрца шчырае, як мае сэрца да сэрца твайго?» І ён адказаў: «Але». І сказаў Егу: «Калі але, то дай руку сваю». І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да цялежкаў сваіх.
 
І калі адтуль пайшоў Егу, ён напаткаў Ёнадаба, сына Рэхаба, які выйшаў яму насустрач, і прывітаў яго: «Ці тваё сэрца шчырае да мяне, як маё сэрца да цябе?» І Ёнадаб сказаў: «Так». «Калі так, — кажа Егу, — дай мне руку сваю». І Ёнадаб даў яму руку сваю. А ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу

І сказаў: «Едзь з імною і глядзі на маю рупатлівасьць праз СПАДАРА». І павёз яго ў цялежках сваіх.
 
і сказаў яму: «Ідзі са мной і пабач маю руплівасць дзеля Госпада». І ехаў ён з ім на калясніцы яго ў Самарыю.

Прыехаўшы да Самары, ён забіў усіх засталых ув Агава ў Самары, ажно сусім зьнішчыў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён казаў Ільлі.
 
І ў Самарыі пазабіваў ён усіх, якія засталіся з дому Ахаба ў Самарыі, аж да апошняга чалавека, па слове Госпада, сказанаму праз Іллю.

І зьбер Егу ўвесь люд, і сказаў ім: «Агаў мала служыў Ваалу; Егу будзе служыць яму болей.
 
І сабраў Егу ўвесь народ і сказаў яму: «Ахаб мала служыў Баалу, Егу будзе яму служыць болей.

Дык цяпер згукайце да мяне ўсіх прарокаў Вааловых, усіх служцоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб нікога не заставалася; бо вялікі аброк у мяне Ваалу. А кажны, хто ня стане, не застанецца жыў». Але Егу рабіў хітра, каб выгубіць службітоў Вааловых.
 
Такім чынам, паклічце ўсіх прарокаў Баала, і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх яго святароў да мяне; кожны мусіць прыйсці. Бо маю скласці вялікую ахвяру Баалу, хто не прыйдзе, не будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб знішчыць усіх служыцеляў Баала.

І сказаў Егу: «Пасьвяціце збор дзеля Ваала». І агаласілі.
 
І аб’явіў Егу: «Святкуйце ўрачыстасць Баала». І абвясцілі свята.

І паслаў Егу па ўсім Ізраелю; і прышлі ўсі службіты Вааловы, і не засталося ні воднага, хто б ня прышоў; і ўвыйшлі ў дом Ваалоў, і дом Ваалоў быў поўны ад аднаго канца аж да другога канца.
 
І паслаў Егу вестуноў ва ўсе межы Ізраэля, і прыбылі ўсе, хто служыў Баалу; не застаўся ніводзін, хто б не прыйшоў. І сабраліся яны ў храме Баала, і быў запоўнены дом Баала ад уваходу да ўваходу.

І сказаў ён таму, хто быў над адзежняю: «Вынясі адзецьці ўсім службітом Вааловым». І ён вынес ім адзецьці.
 
І сказаў ён загадчыку шатаў: «Вынесі адзенне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзенне.

І ўвыйшоў Егу зь Егонадавом Рыхавёнкам у дом Ваалоў, і сказаў службітом Вааловым: «Прасачыце а глядзіце, каб тут ня было з вамі нікога із службітоў СПАДАРОВЫХ, але адно службіты Вааловы».
 
Тады Егу і Ёнадаб, сын Рэхаба, увайшлі ў святыню Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля Госпада, але каб былі толькі служыцелі Баала».

І прыступілі яны спаўняць аброкі а ўсепаленьні. А Егу пастанавіў сабе вонках асьмідзясят чалавекаў і сказаў: «Хто ўцячэць із тых людзёў, каторых я аддаў у рукі вашыя, душа таго замест душы ягонае».
 
Такім чынам, увайшлі яны, каб скласці ахвяры і цэласпаленні; а Егу паставіў ля сябе звонку восемдзесят чалавек і сказаў ім: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прывяду ў вашы рукі, сваёй душой заплаціць за тую душу».

І сталася, як скончылі абракаць усепаленьне, што сказаў Егу ганцом а ахвіцэрам: «Ідзіце, забіце іх, каб ні водзін ня вышаў». І забілі іх лязом мяча, і выкінулі іх ганцы а ахвіцэры, і пайшлі да места дому Вааловага.
 
І сталася: калі скончылася цэласпаленне, Егу загадаў сваім пасланцам і кіраўнікам: «Ідзіце і забіце іх; хай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх пасланцы і кіраўнікі вастрыём меча, і кінулі трупы іх. Затым увайшлі ў свяцілішча храма Баала.

І павыносілі асобкі з дому Вааловага, і папалілі іх.
 
І ўзялі яны слуп Баала, і разбілі яго.

І разьбілі асобку Ваала, і разьбілі дом Ваала, і зрабілі зь яго месца нечысьцяў дагэтуль.
 
Таксама зруйнавалі храм Баала і замянілі яго на месца нячыстае аж да сённяшняга дня.

І выгубіў Егу Ваала ізь зямлі Ізраельскае.
 
І знішчыў Егу Баала ў Ізраэлі.

Ад грахоў, адылі, Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, ад іх не адступіў Егу, — ад залатых цялят-бычкоў, што ў Бэт-Элю і што ў Дане.
 
Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Набата, у якія той уцягнуў Ізраэль; і не адкінуў ён залатых цяльцоў, якія былі ў Бэтэлі і Дане.

І сказаў СПАДАР Егу: «За тое, што ты добра зрабіў, каб споўніць пасьцівае ў ваччу Маім; подле ўсёга, што было ў сэрцу Маім, ты зрабіў дому Агавоваму, то да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець у цябе на пасадзе Ізраелявым».
 
А Госпад сказаў Егу: «За тое, што ты старанна выканаў тое, што добрае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахаба, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраэля аж да чацвёртага пакалення».

Але Егу ня рупіўся хадзіць у законе СПАДАРА, Бога Ізраелявага, з усёга сэрца. Ён не адступіў, ад грахоў Еровоама, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 
Але Егу не пільнаваў, каб хадзіць у законе Госпада, Бога Ізраэля, усім сэрцам сваім; бо не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраэль.

Тых дзён пачаў СПАДАР адразаць часьці ад Ізраялян, і біў іх Газаель па ўсіх граніцах Ізраелявых,
 
У тыя дні пачаў Госпад раздзіраць Ізраэль; і пабіў іх Газаэль ва ўсіх межах Ізраэля,

Ад Ёрдану на ўсход сонца, усю зямлю Ґілеад, плямя Ґадава, Рувінава, Манасава, ад Ароеру, каторы ля цур’я Арнона, і Ґілеад а Вашан.
 
ад Ярдана на ўсход сонца, усю зямлю Галаад, і Гад, і Рубэн, і Манасу, ад Араэра, што над ручаём Арнон, і Галаад, і Басан.

Засталыя справы Егавы і ўсе, што ён зрабіў, і ўся сіла ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
 
А іншыя дзеянні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

І супачыў Егу з айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. І загаспадарстваваў Егоагаз, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго Ёахаз.

Часу ж гаспадарстваваньня Егу над Ізраелям у Самары было дваццаць восьмі год.
 
Час жа царавання Егу над Ізраэлем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.