2 летапісаў 4 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І зрабіў мядзяны аброчнік: дваццаць локцяў удаўжкі ён, і дваццаць локцяў ушыркі ён, і дзесяць локцяў увышкі ён.
 
Зрабіў ён таксама медны ахвярнік у дваццаць локцяў даўжыні і дваццаць локцяў шырыні ды дзесяць локцяў вышыні.

І зрабіў мора адліванае, — дзесяць локцяў ад краю аж да краю яго, — усе круглае, увышкі пяць локцяў; і ліня трыццацёх локцяў рабіла акругу яго навокал;
 
Таксама зрабіў мора літае ад берага да берага — дзесяць локцяў, усё круглае; у вышыню яно мела пяць локцяў, і шнур, што абвіваў яго кругом, — трыццаць локцяў.

І пад ім падобнасьць валоў стаяла навокал з усіх бакоў; на дзесяць локцяў абступалі мора навокал два рады валоў, адлітых, як яно было адлівана.
 
Таксама нешта накшталт валоў стаяла пад ім; кругом на дзесяць локцяў абкружалі яны яго; два рады валоў, вылітых адным ліццём з морам, абкружалі заглыбленне мора.

Стаяла яно на двананцацёх валох: тры глядзелі на поўнач, тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на паўдня, і тры глядзелі на ўсход, і мора на іх зьверху; зады ж іх былі ўнутр.
 
І само мора памешчана было на дванаццаці валах, тры з якіх звярталіся на поўнач, і іншыя тры — на захад, затым тры іншыя — на поўдзень, і тры астатнія — на ўсход, маючы мора над сабой; а іншыя валы былі ўнутры пад морам.

І ўтаўшкі на даланю яно; і краі яго, як краі чары, як квет лілі. Яно тоўпіла а дзяржала тры тысячы вядзёр.
 
Затым таўшчыня яго была ў далонь, і бераг яго быў зроблены ў выглядзе краёў келіха або лілеі, якая распусцілася; і змяшчала яно тры тысячы батаў.

І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і пастанавіў пядь па правым баку і пяць па левым, каб амываць у іх, — гатаванае на ўсепаленьне паласкалі ў іх; мора ж — сьвятаром, каб яны амываліся ў ім.
 
Таксама зрабіў дзесяць купеляў і памясціў пяць на правым баку і пяць на левым баку, каб мыць у іх усё, што мелі складаць на цэласпаленні; прытым святары ў моры мыліся.

І зрабіў дзесяць залатых сьветачаў, як ім быць належыла, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым.
 
Зрабіў жа таксама дзесяць залатых падсвечнікаў у выглядзе, як было загадана ім быць, і памясціў іх у святыні пяць па правым баку, і пяць па левым.

І зрабіў дзесяць сталоў, і пастанавіў у палацу, пяць па правым баку і пяць па левым, і зрабіў сто залатых крапільніц.
 
Таксама і дзесяць сталоў зрабіў ды памясціў іх у святыні: пяць па правым баку, і пяць па левым; таксама зрабіў сто залатых чараў.

І зрабіў сьвятарскі панадворак, і вялікі аддзел, і дзьверы да аддзелу, і ашаляваў дзьверы іх медзяй.
 
Таксама ўладкаваў панадворак святарскі ды вялікі панадворак поруч, брамы ў панадворку, якія пакрыў меддзю.

І пастанавіў мора на правым баку ўсходняга канца, на супроці паўдня.
 
Затым паставіў мора з правага боку на паўднёвы ўсход.

І зрабіў Гурам гаршкі а лапаткі а крапільніцы. І скончыў Гурам работу, што ён меў рабіць каралю Салямону да дому Божага:
 
Гірам жа зрабіў катлы, і лапаткі, і чары, і так скончыў усю працу, якую меў выканаць у святыні Бога для цара Саламона, а менавіта:

Два стаўпы а місы а кароны а апукі на версе двух стаўпоў, і дзьве ґірлянды накрыць акругі місаў каронаў, каторыя на версе стаўпоў,
 
дзве калоны, і шары, і капітэлі над верхам дзвюх калон, і дзве гірлянды, якія пакрывалі капітэлі;

І чатырыста гранатовых яблыкаў на дзьвюх ґірляндах, два рады гранатовых яблыкаў на кажнай ґірляндзе, пакрыць дзьве місы каронаў, што на стаўпох.
 
таксама чатырыста яблыкаў граната і дзве гірлянды, так што абодва рады яблыкаў граната злучаліся з абедзвюма гірляндамі, якія пакрывалі шары, што былі на слупах.

І падстаноўкі зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падстаноўках;
 
Зрабіў ён таксама падножжы і купелі, якія паставіў на падножжы,

Адно мора, і двананцаць валоў пад ім,
 
адно мора і дванадцаць валоў пад морам;

І гаршкі, і лапаткі, і відзёлкі да мяса, і ўсі іх снадзівы зрабіў Гурам, айцец ягоны, каралю Салямону да дому СПАДАРОВАГА, із зыркае медзі.
 
катлы, і лапаткі, і відэльцы: усе пасудзіны зрабіў Гірам, майстар, для цара Саламона і для дома Госпадавага з найчысцейшай медзі.

У ваколіцах Ёрдану адліваў іх кароль, у густой зямлі, памеж Сукофу й Цэрэды.
 
Адліў іх цар у ваколіцы Ярдана, у гліністай зямлі між Сукотам і Сарэдай.

І зрабіў Салямон усі рэчы гэтыя ў вялікай множасьці, ажно не даведаваліся вагі медзі.
 
І нарабіў Саламон безліч прылад, так што нельга было падлічыць вагі медзі.

І зрабіў Салямон усе судзьдзе да дому Божага: і залаты аброчнік, і сталы, і на іх хлеб Выкладу,
 
Зрабіў таксама Саламон усе прылады для дома Божага: і залаты ахвярнік, і сталы, і на іх — пакладныя хлябы;

І сьветачы, і лянпы іх із чыстага золата, каб сьвяціць іх подле звычаю перад нутраным пакоям;
 
таксама падсвечнікі ды іх лямпы з найчысцейшага золата, каб паліць іх па рытуале перад Дабірам, месцам найсвяцейшым,

І кветкі, і лянпы, і абцугі залатыя, з найчыстшага золата,
 
і кветку, і лямпы ды шчыпцы — усё было зроблена з найлепшага золата.

І абцужкі да сьвечак, і чары, і ложкі, і кадзільніцы з чыстага золата; і ўход дому: нутраныя дзьверы яго да Сьвятога-Сьвятых, і дзьверы дому палацу, із золата.
 
Таксама нажніцы, і чары, і катлы, і курыльніцы былі з найчысцейшага золата. І дзверы святыні звонку ў святое з святых ды дзверы святыні знадворку былі залатыя.