2 летапісаў 34 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Восьмі год было Ёсі, як ён загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
Осія меў восем гадоў, калі стаў царом, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме.
І рабіў ён справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў дарогамі Давіда, айца свайго, і не адхінуўся ані направа, ані налева.
І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па дарогах Давіда, бацькі свайго; не збочыў ані ўправа, ані ўлева.
І восьмага году дзяржавы свае, — а ён быў яшчэ малец, — ён пачаў шукаць Бога Давіда, айца свайго, а двананцатага году пачаў пратаць Юдэю а Ерузалім ад узвышшаў а гаёў і выразаных а выліваных абразоў.
А на восьмы год царавання свайго, калі яшчэ быў юнаком, пачаў шукаць Бога бацькі свайго Давіда; а на дванаццаты год пачаў ачышчаць Юду і Ерузалім ад узгоркаў, і ад слупоў, і ад розных выяў багоў, ды ад адлітых з металу.
І разбурылі перад ім аброчнікі Ваалаў, і сонечныя стаўпы, што былі на вышыні над імі, ён парэзаў; і гаі, і выразаныя а выліваныя балваны ён разьбіў а зьмяжджуліў а расьцярушыў на грабох тых, што ім абракалі;
І ў прысутнасці яго знішчылі ахвярнікі Баалам; і курыльніцы, памешчаныя над імі, разваліў; таксама слупы і разьбяныя выявы і адлітыя статуі паразбіваў і здрабніў ды рассыпаў кавалкі па магілах тых, хто звычайна гэтыя ахвяры ўскладваў.
І косьці сьвятароў ён спаліў на аброчніках іхных, і выпратаў Юдэю а Ерузалім.
Апрача таго, косці святароў спаліў на ахвярніках іх, і ачысціў Юдэю і Ерузалім;
І ў местах Манасавых а Яхрэмавых а Сымонавых, аж да плямені Наффалімовага, і ў спустошаных аколіцах іхных
але і ў гарадах Манасы, Эфраіма і Сімяона аж да Нэфталі ўсюды на іх плошчах
Разламіў аброчнікі а гаі, і выразаныя балваны зьмяжджуліў, і пасек усі сонечныя стаўпы па ўсёй зямлі Ізраельскай; і ён зьвярнуўся да Ерузаліму.
разваліў ахвярнікі, і слупы, і разьбяныя выявы разбіў на кавалкі; і перавярнуў усе курыльніцы ва ўсёй зямлі Ізраэля, і затым вярнуўся ў Ерузалім.
Асьмінанцатага году дзяржавы свае, па выпратаньню зямлі а дому, ён паслаў Шафана Ацалёнка а Маасэю гараднічага а Ёага Ёагазёнка пісара, паправіць дом СПАДАРА, Бога свайго.
Такім чынам, на васемнаццаты год свайго царавання пры ачышчэнні зямлі і святыні даручыў Сафану, сыну Эсэліі, і Маасіі, кіраўніку горада, і Ёаху, сыну Ёахаза, — ад пісараў, — аднавіць святыню Госпада, Бога свайго.
І прышлі яны да Гілкі, найвышшага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае да дому Божага, каторае Левітаве, на старожы ля парогу стаячыя, зьберлі з рук Манаса а Яхрэма а ўсіх засталых Ізраялян, і ад усёга Юды а Веняміна, і ад жыхараў Ерузаліму;
Яны прыбылі да першасвятара Хэлькіі і атрыманыя ад яго грошы, што былі ўнесены ў святыню Госпада і што сабралі левіты прыдзверныя ад Манасы, і Эфраіма, і ўсіх астатніх жыхароў Ізраэля, а таксама ад усёй Юдэі, і Бэньяміна, і жыхароў Ерузаліма,
І аддалі ў рукі майстром-нагляднікам над домам СПАДАРОВЫМ, а гэтыя далі іх работнікам, што рабілі ў доме СПАДАРОВЫМ, каб паправіць а ўмацавадь дом.
аддалі ў рукі загадчыкаў, якія кіравалі працай у доме Госпада, а гэтыя далі іх работнікам, якія працавалі ў святыні для адбудовы святыні і для аднаўлення ўсяго нетрывалага;
І яны далі цесьлям а будаўніком, купляць часаныя камяні а дзерва на вязі а на балькі дамоў, каторыя каралёве Юдэйскія папсавалі.
гэта значыць, далі грошы цеслям і мулярам, каб купілі часаных камянёў і дрэва для стыкаў будынка і на пакрыццё дамоў, якія разваліў цар Юдэі.
Людзі гэтыя рабілі работу пасьціва; а за нагляднікаў над імі прызначаны Ягаф а Овада, Левіты зь Мерарычаў, Захара ж а Мешулам із Когафічаў кіраваць, — кажны ж Левіт знаўся на музыцкіх снадзях.
Наглядальнікі за работамі спаўнялі свае абавязкі сумленна. Наглядальнікамі ж за работамі былі Ягат і Абдзія — левіты з сыноў Мэрары; Захарыя і Масала з сыноў Кагата, якія кіравалі работамі. Усе ж левіты, якія ўмелі граць на музычных інструментах,
А над нашэньнікамі цяжараў, і нагляднікамі над робячымі работу, і над усякім служэньням былі зь Левітаў пісары а ўраднікі а брамнікі.
былі пастаўлены над тымі, што насілі цяжары, ды кіравалі работамі тых, якія выконвалі ўсякія работы. З левітаў былі таксама пісары, і загадчыкі, і прыдзверныя.
І як яны вымалі срэбра, прынесенае да дому СПАДАРОВАГА, Гілка, сьвятар, знайшоў кнігу Закону СПАДАРОВАГА, даную Масеям.
І калі вымалі грошы, прынесеныя ў святыню Госпада, першасвятар Хэлькія знайшоў кнігу закону Госпадава, перададзеную рукой Майсея.
І Гілка адказаў, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў доме СПАДАРОВЫМ». І Гілка падаў кнігу Шафану.
Дык сказаў Хэлькія пісару Сафану: «Кнігу закону знайшоў я ў доме Госпада». І аддаў яе яму.
І прынёс Шафан кнігу каралю, ды прынёс каралю ведамку, кажучы: «Усе, што паручана слугам тваім, яны робяць»;
І Сафан занёс кнігу да цара ды яшчэ абвясціў яму, паведамляючы: «Усё, што ты даручыў паслугачам сваім, — вось, выконваецца.
І высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ, і аддалі яго ў рукі нагляднікаў а ў рукі робячым работу.
Срэбра, знойдзенае ў святыні Госпада, выкарысталі, і далі загадчыкам і работнікам».
Тады Шафан, пісар, азнайміў каралю: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў яе Шафан перад каралём.
І паведаміў пісар Сафан цару: «Кнігу даў мне святар Хэлькія». Ды чытаў яе перад царом.
Як пачуў кароль словы Закону, то разьдзер адзецьці свае.
І сталася, калі цар выслухаў словы закону, разадраў шаты свае
І расказаў кароль Гілку а Агікаму Шафанёнку а Аўдону Міхеёнку а Шафану, пісару, а Асаі, слузе каралеўскаму, кажучы:
і загадаў Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, а таксама пісару Сафану ды слузе царскаму Асаю, кажучы:
«Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а праз засталых у Ізраелю а ў Юдэі што да словаў знойдзенае кнігі гэтае; бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ выліты на нас за тое, што не дзяржалі айцове нашы слова СПАДАРОВАГА, каб рабіць подле ўсёга, напісанага ў кнізе гэтай».
«Ідзіце і парайцеся з Госпадам, што да мяне і што да рэшты ізраэльцаў і Юдэі ў сувязі са словамі кнігі, якая была знойдзена. Страшнае бо абурэнне Госпада сышло на нас дзеля таго, што бацькі нашы не пільнавалі слоў Госпада, каб спаўняць усё тое, што напісана ў гэтай кнізе».
І пайшоў Гілка й тыя, што ад караля, да Гульды прарокі, жонкі Шалумовае, сына Токафа Гасранка, вартаўніка адзецьцяў, — а жыла яна ў другой часьці Ерузаліму, — і гукалі зь ёю праз гэта.
Дык пайшоў Хэлькія і тыя, каго цар паслаў разам з ім, да прарочыцы Гульды, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у новым горадзе, і расказалі ёй пра справу.
І адказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце таму чалавеку, каторы паслаў вас да мяне:
І яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які прыслаў вас да мяне:
Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду бяду на месца гэта і на жыхараў яго ўсі праклёны, напісаныя ў кнізе, каторую чыталі перад відам караля Юдэйскага.
вось што кажа Госпад: “Вось, навяду я бяду на гэтае месца і на яго жыхароў, усе праклёны, якія запісаны ў гэтай кнізе, якую чыталі перад царом Юдэі,
За тое, што яны пакілулі Мяне і кадзілі багом іншым, каб квяліць Мяне да гневу ўсімі работамі рук сваіх, гнеў Мой выльлецца на гэтае месца і ня згасьне’".
бо пакінулі Мяне і ўскладалі ахвяры чужым багам, каб Мяне гнявіць усімі ўчынкамі рук сваіх; таму выльецца гнеў Мой на гэта месца ды не патухне”.
А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак вы скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, што да слоў, каторыя ты чуў:
А цару Юдэі, які паслаў вас параіцца з Госпадам, так скажыце: “Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Таму, што ты выслухаў словы кнігі,
’Затым што зьмякчэла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад Богам, як пачуў словы праз гэтае месца а праз жыхараў яго, і ты ўкарыўся перад Імною, і разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, то й Я пачуў, — агалашае СПАДАР. —
і забаялася сэрца тваё ды ўпакорыўся ты перад абліччам Бога, адносна таго, што было сказана супраць гэтага месца і жыхароў Ерузаліма, таму што ўпакорыўся ты перада Мной, раздзёр шаты свае ды плакаў перада Мной, то Я таксама пачуў цябе”, — гаворыць Госпад.
Вось, Я забяру цябе да айцоў тваіх, і ты будзеш забраны да гробу свайго ў супакою, ані вочы твае ня будуць бачыць усяе бяды, што Я навяду на месца гэтае а на жыхараў яго’"». І зьвярнуліся да караля з адказам.
Вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, ды будзеш пахаваны спакойна ў сваёй магіле; ды вочы твае не ўбачаць усёй загубы, якую Я навяду на гэтае месца і на яго жыхароў”». А яны прынеслі цару ўсё, што ён сказаў.
Тады кароль паслаў і зьбер усіх старцоў Юдэі а Ерузаліму.
Затым ён, сабраўшы ўсіх старэйшын Юдэі і Ерузаліма,
І пайшоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і ўсі мужы Юдэі, і жыхары Ерузаліму, і сьвятарове, і Левітаве, і ўвесь люд, ад вялікага аж да малога; і чытаў у вушы ім усі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.
увайшоў у дом Госпадаў разам з усімі юдэямі і жыхарамі Ерузаліма, са святарамі і левітамі ды з усім народам, ад найменшага да найбольшага. У доме Госпада ў прысутнасці ўсіх слухаючых цар перачытаў усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада.
І стаў кароль на стані сваёй, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ, хадзіць за СПАДАРОМ і дзяржаць расказаньні ягоныя а сьветчаньні ягоныя а ўставы ягоныя з усёга сэрца свайго із усяе душы свае, каб паўціць словы змовы, запісаныя ў гэтай кнізе.
І, стоячы на сваім месцы, заключыў ён запавет перад абліччам Госпада, каб ісці за Ім і пільнаваць прыказанні Яго, і сведчанні і законы Яго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй ды спаўняць словы запавету, запісаныя ў гэтай кнізе.
І ён сьхінуў усіх, прытомных у Ерузаліме а ў Веняміне, стаяць за гэта. І жыхары Ерузаліму зрабілі подле змовы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
Заклінаў ён таксама аб гэтым усіх, хто знаходзіўся ў Ерузаліме і ў Бэньяміне; і сталі дзейнічаць жыхары Ерузаліма па дамове з Госпадам, Богам бацькоў сваіх.
І Ёся адкінуў усі агіды з усіх краёў сыноў Ізраелявых, і прысіліў усіх, прытомных у Ізраелю, служыць СПАДАРУ, Богу свайму. Усі дні яго яны не адступалі ад СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
Осія, такім чынам, выкінуў усе агіднасці з усіх земляў сыноў Ізраэля і прымусіў усіх, хто знаходзіўся ў Ізраэлі, служыць Госпаду, Богу свайму. Ва ўсе дні яго не адступіў ніхто ад Госпада, Бога бацькоў сваіх.