2 летапісаў 31 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І, як усе гэта скончылася, вышлі ўсі Ізраяляне, што былі ў местах Юдэйскіх, да ўсіх местаў Юдэйскіх, і разьбілі асобкі, высеклі гаі, і разбурылі ўзвышшы а аброчнікі ў вусёй Юдэі і ў зямлі Веняміновай, Яхрэмавай а Манасавай, аж да канца. І зьвярнуліся ўсі сынове Ізраелявы кажны да дзяржавы свае, да места свайго.
 
І, калі гэтую ўрачыстасць адсвяткавалі адпаведна звычаю, увесь Ізраэль, які знаходзіўся ў гарадах Юдэі, пайшоў і знішчыў статуі, і пассякалі слупы, разбурылі ўзгоркі ды ахвярнікі перавярнулі не толькі ва ўсёй Юдзе і ў Бэньяміне, але таксама ў Эфраіме і ў Манасе — пакуль дашчэнту не знішчылі. І вярнуліся ўсе сыны Ізраэля ў пасяленні свае ды ў свае гарады.

І прызначыў Гэзэка радоўкі сьвятароў а Левітаў, подле радоў іхных, кажнага чалавека подле службы ягонае, сьвятароў а Левітаў да ўсепаленьняў а да супакойных аброкаў, да паслугаваньня а да дзякаваньня а да выхваляньня ў брамах табару СПАДАРОВАГА.
 
А Эзэкія вярнуў чэргі святароў і левітаў па іх раздзяленні — кожнага ў яго службе, гэта значыць, як святароў і левітаў — да ўскладання цэласпалення і мірных ахвяр, так каб спаўнялі службу і славілі ды спявалі песні пахвалы ў брамах лагера Госпада.

Таксама дар каралеўскі з маемасьці ягонае на абраканьне: абракаць нараніцы і ўвечары, і на абраканьні ў сыботы, і на маладзікі, і на ўрочыстыя сьвяты, як напісана ў Праве СПАДАРОВЫМ.
 
А частка маёмасці цара прызначана была на ахвяры цэласпалення заўсёды раніцай і вечарам, таксама ў суботы, і ў дні маладзіка ды ва ўрачыстасці іншыя, як напісана ў законе Майсея.

І расказаў люду, што жыў у Ерузаліме, даваць дар сьвятаром а Левітам, каб яны былі рупліўшыя ў праве СПАДАРОВЫМ.
 
Таксама загадаў ён народу, які пражываў у Ерузаліме, даваць належную частку святарам і левітам, каб маглі яны прысвяціць сябе закону Госпадаваму.

І як толькі расказаньне было пушчана, памножылі сынове Ізраелявы пачаткі збожжа, новага віна а алею а мёду і з усёга прыбытку польнага; і дзесяціну ўсяго прынесьлі яны ў множасьці.
 
Калі гэта дайшло да вушэй супольнасці, сыны Ізраэля ахвяравалі шмат пяршыняў збожжа, віна і аліўкавага алею, таксама мёду ды ўсяго, што родзіць зямля, і прынеслі з усяго багатыя дзесяціны.

І сынове Ізраелявы а Юдзіны, што жылі ў местах Юдэі, таксама далі дзесяціну валоў а авец, і дзесяціну сьвятасьцяў, пасьвячаных СПАДАРУ, Богу свайму, яны прынесьлі; і налажылі кучы, кучы.
 
Але і сыны Ізраэля і Юды, якія абжыліся ў гарадах Юдэі, прынеслі дзесяціны з валоў і авечак, і дзесяціны з асвячонага, што асвячалі яны Госпаду, Богу свайму; і паскладалі ўсяго гэтага вялікія груды.

Трэйцяга месяца пачалі класьці гэтыя кучы, а месяца сёмага скончылі.
 
У трэцім месяцы пачалі класці падмуркі грудоў, і ў сёмым месяцы скончылі іх.

І прышлі Гэзэка а князі, і абачылі кучы, і дабраславілі СПАДАРА а люд Ягоны, Ізраеля.
 
І калі прыйшлі Эзэкія і кіраўнікі, то ўбачылі груды і дабраславілі Госпада і народ ізраэльскі.

І папытаўся Гэзэка ў сьвятароў а Левітаў праз гэтыя кучы.
 
Ды Эзэкія запытаўся ў святароў і левітаў, чаму так ляжаць груды.

І адказаў яму Азара, найвышшы сьвятар із дому Садокавага, і сказаў: «Адгэнуль, як пачалі зносіць дары да дому СПАДАРОВАГА, мы елі а сыціліся і засталася множасьць, бо дабраславіў СПАДАР люд Свой; і затым, што засталася, ё гэта вялікая множасьць.
 
Адказаў яму Азарыя, першасвятар з племя Садока, кажучы: «Калі пачалі прыносіць дары ў дом Госпадаў, мы елі, і наядаліся, і многа заставалася, таму што Госпад дабраславіў Свой народ; а вялікія запасы, якія бачыш, — гэта з астаткаў».

І казаў Гэзэка прыгатаваць сьвірны ў доме СПАДАРОВЫМ; і прыгатавалі.
 
Дык загадаў Эзэкія прыгатаваць кладоўкі ў доме Госпада. Калі гэта зрабілі,

І верна ўнесьлі дары а дзесяціны а пасьвячанае; а над імі загаднік быў Хононя Левіт а Шымей, брат ягоны, другім.
 
знеслі туды як дары, так і дзесяціны, і ўсё рупліва асвяцілі. А загадчыкам іх быў Хананія левіт і Сямэй, другі брат яго,

Егіель жа а Азазя а Нагаф а Асагэль а Ерымоф а Езавад а Елель, Ісхама а Манаф а Беная — нагляднікі пад рукою Хононі а Шымея, брата ягонага, із загады караля Гэзэкі а Азары, дамавера дому СПАДАРОВАГА.
 
пасля яго Ягіэль, і Азазія, і Нагат, і Асаэль, і Ерымот, таксама Ёзабад, і Эліэль, і Есмахія, і Магат, і Баная — загадчыкі пад кіраўніцтвам Хананіі і Сямэі, брата яго, па загадзе Эзэкіі, цара, і Азарыі, першасвятара дома Божага.

І Корэ Імянок, Левіт, брамнік на ўсход над самахотнымі аброкамі СПАДАРУ, выдаваць дары СПАДАРОВЫ і найсьвятшыя рэчы.
 
Корэ ж, сын Емны, левіт і прыдзверны Усходняй брамы, быў загадчыкам над тым, што добраахвотна ахвяроўвалі Госпаду, для раздзялення дароў Госпадавых і найсвяцейшага.

І пры ім Едэн а Мінямін а Ешуа а Шэмая а Амара а Шэханя ў местах сьвятарскіх, каб верна раздаваць братом сваім дзелі, як вялікаму, так і малому,
 
І пад яго ўладай былі: Эдэн, і Бэньямін, Ешуа і Сямэя, таксама Амарыя і Сахэнія, якія пражывалі ў святарскіх гарадах, каб справядліва дзяліць братам сваім, падзеленым на чэргі, як вялікім, так і малым,

Апрача радаводу мужчынаў ад трох год і вышэй, кажнаму, што ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, штадзенную дзель ягоную дзеля службы ў іх урадзе подле радоў іхных,
 
па-за палічанымі мужчынамі ад трох гадоў і вышэй, усе, хто прыходзіў у святыню Госпада, каб споўніць службу штодзень паводле сваіх чэргаў.

Радаводу сьвятароў, па дамох айцоў іхных, і Левітам ад дваццацёх год і вышэй подле службы іх у ўрадзе і ў радох іхных,
 
Святароў палічылі па іх родах і левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй — па іх абавязках і чэргах.

І радаводу ўсіх дзецянят іхных, жонак іхных а сыноў іхных а дачок іхных, — усёй грамадзе, бо верна пасьвяціліся ў сьвятасьць.
 
І палічана была ўся сям’я ўсякага пакалення: як жонкі, так і дзеці іх абодвух полаў — бо ўсе яны былі асвячоны ў вернасці службы сваёй.

І сыном Ааронавым, сьвятаром у палёх перадмесьцяў местаў іхных, у кажным месьце прызначыў мужоў выменаваных, выдаваць дзелі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім Левітам у радаводах іхных.
 
А для сыноў Аарона, святароў, якія пражывалі ў мясцовасцях і ваколіцах кожнага горада, былі па імені пазначаны людзі, якія размяркоўвалі часткі кожнаму мужчыне паміж святароў ды кожнаму, хто быў палічаны сярод левітаў.

І зрабіў гэтак Гэзэка па ўсёй Юдэі, і рабіў, што добрае а пасьцівае а праўдзівае перад СПАДАРОМ, Богам сваім.
 
Такім чынам, паводле гэтага дзейнічаў Эзэкія ва ўсёй Юдэі ды рабіў добрае, і слушнае, і справядлівае перад Госпадам, Богам яго.

І кажную работу, што ён пачынаў на службе дому СПАДАРОВАГА, і ў Праве і ў расказаньнях, шукаючы Бога свайго, ён рабіў з усёга сэрца свайго, і меў дасьпех.
 
І ва ўсім, што ён распачынаў у служэнні ў доме Божым, і паводле закону і прыказання, жадаючы шукаць Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго ды меў поспех.