2 летапісаў 24 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы.
Ёас стаў царом, калі меў сем гадоў, і сорак гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Сэбія з Бээр-Сэбы.
І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.
І ва ўсе дні першасвятара Ёяды рабіў ён тое, што добрае перад Богам.
І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.
А Ёяда ўзяў для яго дзве жонкі, ад якіх нарадзіў ён сыноў і дачок.
І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;
З часам прыйшла ў сэрца Ёаса думка аднавіць дом Госпада.
І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі.
Дык сабраў святароў і левітаў і сказаў ім: «Ідзіце ў гарады Юдэі ды збірайце з усяго Ізраэля грошы дзеля папраўкі даху святыні Бога вашага на кожны год. І паспяшайце з гэтаю справай». Але левіты не спяшаліся.
І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?»
Ды паклікаў цар кіраўніка Ёяду і сказаў яму: «Чаму ты не рупішся, каб змусіць левітаў збіраць з Юдэі і Ерузаліма грошы, вызначаныя Майсеем, паслугачом Госпада, каб уносіла іх уся супольнасць Ізраэля для палаткі сведчання?
Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам.
Бо найбязбожнейшая Аталія і сыны яе разарылі дом Божы ды ўсё, што было асвячона ў святыні Госпада, аддалі Баалам».
І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА.
Такім чынам, цар загадаў — і зрабілі скрынку, і паставілі яе каля брамы дома Госпадава звонку.
І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні.
Ды аб’яўлена было ў Юдэі і ў Ерузаліме, каб прыносіў кожны падатак Госпаду, які ўстанавіў Майсей, паслугач Божы, для Ізраэля ў пустыні.
І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі.
Ды ўсцешыліся ўсе кіраўнікі ды ўвесь народ, і прыходзілі, і клалі ў скрынку так шмат, што яе запоўнілі.
І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць.
І ў час, калі левіты неслі скрынку да ўрадоўцаў цара, прыходзіў царскі пісар і той, каго назначаў першасвятар, і яны выкладалі грошы, што былі ў скрынцы, а затым скрынку адносілі на сваё месца. І так рабілі кожны дзень, і сабрана было вельмі шмат грошай,
І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ.
якія цар і Ёяда аддавалі загадчыкам работ пры доме Госпада. А тыя за іх наймалі каменячосаў і майстроў для ўсякіх работ для аднаўлення дома Госпадавага, таксама майстроў па жалезе і медзі для ўмацавання дома Божага.
І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго.
І работнікі прыступілі да працы, і дзякуючы працы рук іх трэшчыны залатваліся, і дом Госпадаў вярнулі ў стан ранейшы, і паставілі яго моцна стаяць.
І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.
І калі гэта скончылі, прынеслі астатак грошай да цара і Ёяды, з якіх зрабілі пасудзіны ў святыню для службы і на складанне ахвяраў, таксама чары ды іншыя срэбраныя і залатыя пасудзіны. І ва ўсе дні Яяды заўсёды складалі ахвяры цэласпаленняў у доме Госпадавым.
Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер.
А Ёяда пражыў шмат гадоў, састарэў і памёр, дажыўшы да ста трыццаці гадоў.
І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.
І пахавалі яго ў горадзе Давіда разам з царамі, бо добрым быў да Ізраэля, да Бога ды да Яго святыні.
А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх.
Па смерці ж Ёяды прыбылі кіраўнікі Юдэі і ўшанавалі цара, які, змякчаючы іх пакорлівасцю, стаў іх слухаць.
І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны.
І пакінулі святыню Госпада, Бога бацькоў сваіх, і служылі слупам і ідалам, і дзеля гэтага граху ўзгарэўся гнеў Яго супраць Юдэі і Ерузаліма.
І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.
І пасылаў Госпад да іх прарокаў, каб іх навярнуць да Госпада, але яны не жадалі слухаць іх словы.
І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас».
Такім чынам, Дух Божы напоўніў Захарыю, сына Ёяды святара; і ён стаў перад народам і сказаў ім: «Гэта кажа Бог: “Чаму пераступаеце прыказанні Госпада, гэта не дасць вам поспеху! Таму, што вы пакінулі Госпада, Ён пакіне вас”».
І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА.
Яны змовіліся супраць яго ды ўкаменавалі яго па загадзе цара на панадворку святыні Госпада.
Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».
І цар Ёас забыўся пра міласэрнасць, якую аказаў бацька яго Ёяда яму, але забіў сына яго. Ён, паміраючы, казаў: «Хай бачыць Госпад і аддасць!»
І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму.
І яшчэ не скончыўся той год, як выступіла супраць яго сірыйскае войска, і ўварвалася ў Юдэю і Ерузалім, і знішчылі ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу паслалі цару Дамаска.
Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом.
І хоць войска сірыйскае ўвайшло ў малой колькасці ваяроў, Госпад, аднак, аддаў у рукі іх вельмі вялікае войска, таму што адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх; і над Ёасам таксама правялі яны ганебны суд.
І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх.
І сірыйцы, адыходзячы, пакінулі яго ў цяжкай хваробе. Паслугачы ж яго змовіліся супраць яго і адпомсцілі яму за кроў сына святара Ёяды, ды забілі яго на ложку яго, і ён памёр. І пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў царскай грабніцы.
А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі.
А змовіліся супраць яго Забад, сын Сэмат аманіцянкі, і Ёзабад, сын Сэмарыт Маабкі.
Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
А аб яго сынах, аб колькасці падатку, што наклалі на яго, і аб адбудове дома Божага напісана ў каментарыях да Кнігі Цароў. І сын яго Амазія стаў царом на яго месцы.