2 летапісаў 9 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І караліца Шэвы пачула праз славу Салямонаву, і прыехала выпрабаваць Салямона загадкамі да Ерузаліму, зь вельмі шмат прыданымі, і зь вярблюдамі, пахнючыя рэчы нясучымі, і множасьцьмі золата а дарагога каменьня. І прышла да Салямона, і мужавала зь ім праз усе, што было ў яе на сэрцу.
 
Таксама царыца Сабы, пачуўшы пра славу Саламона, прыбыла ў Ерузалім, каб выпрабаваць Саламона праз складаныя загадкі, пераканацца ў мудрасці Саламона; прыбыла ў Ерузалім з вялікім суправаджэннем і вярблюдамі, якія везлі духмянасці, вялікую колькасць золата, і каштоўныя камяні. І калі яна прыбыла да Саламона, яна выказала яму, што толькі мела ў сваім сэрцы.

І зьясьніў Салямон ёй усі словы ейныя, і не знайшлося нічагусенькі няведамага Салямону, чаго не зьясьніў бы ён ёй.
 
І Саламон растлумачыў ёй усё, што яна прадставіла, і не было нічога, што не было б ёй растлумачана.

І абачыла караліца Шэўская мудрасьць Салямона й дом, што ён пастанавіў,
 
Пасля таго, як яна ўбачыла гэта: мудрасць Саламона, і палац, які ён пабудаваў,

І ежу за сталом ягоным, і сяданьне слугаў ягоных, і стаяньне паслугачых яму, і ўборы іхныя; таксама чашнікаў ягоных а ўборы іхныя, і ўсходы, каторымі ён узыходзіў да дому СПАДАРОВАГА, і заняло ёй дух.
 
а таксама стравы яго стала, і памяшканне яго паслугачоў, і абавязкі паслугачоў яго, і адзенне іх, таксама чарнікаў і адзенне іх, і цэласпаленні, якія ўскладаў ён у доме Госпада, — то не было ў яе іншых пачуццяў, акрамя здзіўлення.

І сказала каралю: «Праўдзівае тое слова, што я чула ў маёй зямлі празь дзеяльнасьць тваю а праз мудрасьць тваю;
 
І яна сказала цару: «Праўду казалі, што чула ў маёй зямлі пра справы твае ды мудрасць тваю:

Але я не верыла словам празь іх, пакуль ня прышла й не абачыла ачыма сваімі. І вось, імне й палавіцы не сказалі праз множасьць мудрасьці твае: ты пераходзіш галасы, якія я чула.
 
я не верыла тым, што расказвалі, пакуль сама не прыбыла і вочы мае не ўбачылі, што нават і палавіны не расказалі аб вялікай мудрасці тваёй; перавысіў ты славу, пра якую я чула.

Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя служцы твае, каторыя кажначасна становяцца перад табою й слухаюць мудрасьць тваю!
 
Шчасныя людзі твае і шчасныя паслугачы твае, якія прысутнічаюць з табою ўвесь час і могуць слухаць тваю мудрасць.

Хай будзе дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы зычыў пасадзіць цябе на пасад Свой за караля ў СПАДАРА, Бога твайго. Зь любосьці Бога да Ізраеля, каб умацаваць яго на векі, устанавіў цябе за караля над ім, чыніць суд а справядлівасьць».
 
Хай будзе дабраславёны Госпад, Бог твой, Які захацеў пасадзіць цябе на прастол Свой царом Госпада, Бога твайго! Бо мілуе Бог твой Ізраэль і хоча захаваць яго навек, таму паставіў Цябе царом над ім, каб чыніў ты суд і справядлівасць».

І яна падаравала караля сто дваццацьма таланямі золата; вялікаю множасьцю пахнючых рэчаў, і дарагім каменьням; і ня бывала такіх пахнючых рэчаў, якімі падаравала караліца Шэўская караля Салямона.
 
І дала затым цару сто дваццаць талентаў золата і надта многа духмянасцей ды найкаштоўнейшыя камяні; не было такіх духмянасцей, як гэтыя, што дала царыца Сабы Саламону.

І служцы Гурамовы, і служцы Салямонавы, што прывезьлі золата з Офіру, прывезьлі й дзерва альґуміну, і дарагога каменьня.
 
Але і паслугачы Гірама, і паслугачы Саламона прывезлі золата з Афіра, і чырвонае дрэва ды найкаштоўнейшыя камяні.

І зрабіў кароль із тога дзерва альґуміну масткі да дому СПАДАРОВАГА а да палацу каралеўскага, і гарпы, і псалтыры пяюном. І ня бачана было падобнага, да гэтага ўперад у зямлі Юдэйскай.
 
З дрэва туевага цар зрабіў прыступкі ў дом Госпадаў і ў палац царскі, таксама зрабіў цытры і псалтэрыёны для спевакоў. У зямлі Юдэі не бачылі ніколі такіх дрэў.

Кароль жа Салямон падараваў караліцу Шэўскую ўсім, чаго яна зычыла і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла каралю. І яна выправілася, паехала да зямлі свае, яна а служцы ейныя.
 
А цар Саламон даў царыцы Сабы ўсё, што яна хацела і чаго прасіла, і намнога болей, чым прынесла яму. І яна вярнулася ў сваю зямлю са сваімі паслугачамі.

Вагі ж золата, што прыходзіла да Салямона за адзін год, было шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць таланяў золата,
 
Вага золата, якое штогод дастаўлялася Саламону, была шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць талентаў золата,

Апрача таго, паслы й купцы прыносілі, і ўсі каралі Арабскія, і дзяржаўцы краю прыносілі золата а срэбра Салямону.
 
не ўлічваючы платы ад гандляроў і падарожных купцоў, якія іх дастаўлялі, і ўсіх цароў арабскіх і намеснікаў зямлі, якія прыносілі Саламону золата і срэбра.

І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот каванага золата пайшло на кажны шчыт, —
 
Дык цар Саламон зрабіў дзвесце шчытоў, з шасцюстамі сіклямі золата ў кожным шчыце,

І трыста шчытоў малых із каванага золата, — па трыста золата пайшло на кажны шчыт; і пастанавіў іх кароль у доме зь лібанскага лесу.
 
таксама трыста меншых шчытоў з золата, на кожны шчыт — па трыста сікляў золата і памясціў іх цар у доме з лесу лібанскага.

І зрабіў кароль вялікі пасад із сланёвае косьці, і пацягнуў чыстым золатам,
 
Зрабіў таксама цар Саламон з косці слановай вялікі пасад і пакрыў яго найчысцейшым золатам.

І шэсьць уступцоў да пасаду, і залатая казулька, да пасаду прыроблена, і поручні паабапал седава, і два лявы, ля поручняў стаячыя,
 
Пасад меў шэсць прыступак і падножжа з золата, і два падлакотнікі з двух бакоў сядзення, і пры падлакотніках стаялі два львы,

І двананцаць лявоў, там на шасьцёх уступцох паабапал стаячых. Ня бывала такога ў ні водным каралеўстве.
 
на шасці прыступках стаяла там з абодвух бакоў дванаццаць ільвянят; такога пасада не было ні ў якім царстве.

І ўсе судзьдзё да піцьця ў караля Салямона із золата, і ўсе судзьдзё ў доме зь лібанскага лесу із золата выборнага; нічога із срэбра, яго за дзён Салямонавых мелі за нішто;
 
Таксама ўсе пасудзіны для царскай трапезы былі залатыя дый усе пасудзіны дому з лесу лібанскага з найчысцейшага золата; срэбра бо ў час Саламона нічога не каштавала.

Бо караблі каралёвы хадзілі да Таршышу із служцамі Гурамовымі, і за тры гады раз зварачаліся караблі з Таршышу, і прывозілі золата а срэбра, сланёвую косьць а налпы а павы.
 
Бо цар меў караблі, якія плавалі ў Тарсіс разам з паслугачамі Гірама; раз у тры гады прыплывалі караблі з Тарсіса, прывозячы золата, і срэбра, і слановую косць, і малпаў, і паўлінаў.

І перайшоў кароль Салямон усіх каралёў зямлі багацьцям а мудрасьцю.
 
Такім чынам, цар Саламон падняўся над усімі царамі зямлі багаццем і мудрасцю.

І ўсі каралі зямлі жадалі бачыць Салямона, каб паслухаць мудрасьці ягонае, каторую ўлажыў Бог у сэрца ягонае.
 
І ўсе цары зямлі прагнулі пабачыць аблічча Саламона, каб пачуць мудрасць, якую даў Бог у сэрца яго,

І прыносіў кажны свой дар, судзьдзё срэбнае, і судзьдзё залатое, і адзецьці, зброю й пахнючыя рэчы, коні а аслы, кажную рэч упару.
 
і складалі яму падарункі, пасудзіны срэбраныя і залатыя, і адзенне, і зброю, і духмянасці, і коней і мулаў кожны год.

І меў Салямон чатыры тысячы стайняў, і цялежак, і двананцаць тысячаў коньнікаў, каторыя ён памясьціў у цялежкавых местах і пры каралю — у Ерузаліме.
 
Саламон меў таксама чатыры тысячы стаянак для коней і калясніц дый дванаццаць тысяч коннікаў; і рассяліў іх па гарадах калясніц, ды пры цары ў Ерузаліме.

І панаваў ён над усімі каралямі, ад Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту.
 
Справіў ён таксама ўладу над усімі царамі ад ракі Эўфрат аж да зямлі філістынцаў і аж да межаў Егіпта;

І даў кароль срэбра ў Ерузаліме, як каменьня, і кедраў даў, як сыкамораў, каторых множасьць у далінах.
 
так многа сабраў Саламон срэбра ў Ерузаліме як камянёў і кедраў, ды такое мноства, як сыкамораў, якія выраслі ў Сэфэлі.

І прыводзілі Салямону коні зь Ягіпту і з усіх земляў.
 
Прыводзілі яму коней з Егіпта і з другіх краёў.

Засталыя справы Салямонавыя, першыя й апошнія, ці не апісаны ў кнізе Нафана прарокі, і ў прароцтве Агіі Шыляніна, і ў відзенях Ідда відзеньніка празь Еровоама Невацёнка?
 
Іншыя ж дзеянні Саламона ад першых да апошніх запісаны ў словах прарока Натана ды ў прароцтвах Ахіі Сіланіта, а таксама ў бачанні Адо Празарліўца ў справе Ерабаама, сына Набата.

І караляваў Салямон у Ерузаліме над усім Ізраелям сорак год.
 
А Саламон цараваў у Ерузаліме над усім Ізраэлем сорак гадоў,

І супачыў Салямон із бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давіда, айца ягонага. І закараляваў Рэговоам, сын ягоны замест яго.
 
і супачыў са сваімі бацькамі; і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі яго. І па ім цараваў сын яго Рабаам.