Ісуса сына Нава 11 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было, як пачуў Явін, кароль Гацорскі, дык паслаў да Ёвава, караля Мадонскага, а да караля Шымронскага а да караля Ахшафскага
 
Калі Явін, цар Асора, пачуў пра гэта, ён паслаў да Ёбаба, цара Мадона, і да цара Сэмрона, і да цара Ахсафа,

А да каралёў, каторыя на поўнач на гары й на раўніне з паўднявога боку Хіннерофу, і на нізінах, і ў Нафоф-Дору на захад,
 
да цароў поўначы, якія пражывалі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэта, а таксама ў Сэфэле і на землях Дора каля мора,

Да Канааняніна на ўсход і на захад а Аморэя а Гэціча а Ферэзэя а Евусэя, што на гары, а Гэвея пад Гэрмонам у зямлі Міцпе.
 
да хананеяў на ўсходзе і захадзе, і да амарэяў, і да хетэяў, феразеяў і евусеяў у гарах, а таксама да гівеяў, якія пражывалі ля падножжа Гэрмона ў зямлі Міцпа.

І выступілі яны а ўсе войска іхнае зь імі, люд чысьлены, як пясок на беразе морскім множасьцяй; і коні і цялежак вельма шмат.
 
І выйшлі яны ўсе са сваімі дружынамі, народ вельмі вялікі, быццам пясок на беразе мора, а таксама коні і калясніцы ў вялікай колькасці;

І зьберліся ўсі каралі гэтыя, і прышлі, і разьляглісл табарам разам ля водаў Меромскіх, каб ваяваць із Ізраелям.
 
і сабраліся ўсе гэтыя цары, і сталі адным лагерам ля водаў Мэромы, каб ваяваць супраць Ізраэля.

І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся іх, бо заўтра, каля гэтага часу, Я аддам усіх на забіцьцё Ізраелю; коням жа іх перарэж жылы і цялежкі іхныя спалі цяплом».
 
І сказаў да Ешуа Госпад: «Не бойся іх! Бо заўтра ў гэтую самую гадзіну Я пакладу ўсіх іх забітымі перад Ізраэлем: коней іх ты акульгавіш, а калясніцы іх спаліш агнём».

І прышоў Ігошуа і ўвесь ваенны люд ізь ім, зьнеціку на іх да водаў Меромскіх, і напалі на іх.
 
І Ешуа і ўсё яго войска з ім пайшлі раптоўна супраць іх да водаў Мэромы, і напалі на іх.

І аддаў іх СПАДАР у руку Ізраеля, і зразілі яны іх, і гналіся за імі аж да Сыдону Вялікага, і аж да Місрэфоф-Маіму, і аж да даліны Міцпы на ўсход, і перабілі іх, так што зь іх не засталося астачы.
 
І аддаў іх Госпад у рукі Ізраэля; ён разбіў іх і гнаўся за імі аж да вялікага Сідона і Мацэрэфота на захадзе і аж да даліны Міцпы на ўсходзе. Так забіваў усіх, што не застаўся ніводзін з іх;

І ўчыніў Ігошуа зь імі, як сказаў яму СПАДАР: коням іхным перарэзаў жылы і цялежкі іхныя спаліў цяплом.
 
зрабіў Ешуа так, як яму загадаў Госпад: коней іх акульгавіў і калясніцы спаліў.

Зьвярнуўся Ігошуа ў тым часе, і зваяваў Гацор, і караля ягонага забіў мячом, — Гацор жа ўперад быў галавою ўсіх каралеўстваў гэтых.
 
А ў той час Ешуа вярнуўся і заняў Асор і цара яго забіў мечам, а Асор спакон веку быў сталіцай усіх гэтых царстваў.

І пабілі ўсю душу, што ў ім, лязом мяча аканаваўшы; не засталося ні воднае душы; а Гацор спаліў ён цяплом.
 
І забіў ён усё жывое, што там было, і не пакінуў у ім анікога, але ўсё спустошыў аж да вынішчэння і сам горад спаліў пажарам.

І ўсі месты каралёў гэтых і ўсіх каралёў іхных зваяваў Ігошуа, і пабіў лязом мяча, аканаваўшы іх, як расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ.
 
І ўсё навокал, гарады і іх цароў, схапіў, ударыў, і знішчыў, і спустошыў, як загадаў Майсей, паслугач Госпадаў.

Месты, адылі, каторыя стаялі на ўзгорках, Ізраель не паліў, апрача адзінюсенькага Гацору, каторы спаліў Ігошуа.
 
Толькі гарады, што стаялі на ўзгорках, не спаліў Ізраэль; адзін толькі Асор спаліў Ешуа полымем.

А ўвесь здабытак местаў гэтых і статак паглабалі сабе сынове Ізраелявы, адно людзёў усіх перабілі лязом мяча, пакуль ня зьнішчылі іх; не пакінулі ні воднае душы.
 
І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі ізраэльцы паміж сабою, людзей усіх забіўшы; не пакінулі яны жывым нікога.

Як расказаў СПАДАР Масею, слузе Свайму, так Масей расказаў Ігошуі, і так зрабіў Ігошуа; не адвярнуўся ад ні воднага слова з усёга, што расказаў СПАДАР Масею.
 
Так загадаў Госпад Майсею, слузе Свайму, так пераказаў Майсей Ешуа, а ён усё выканаў; не прапусціў з усіх загадаў ніводнага слова, якое загадаў Госпад Майсею.

І ўзяў Ігошуа ўсю гэтую зямлю гаравую а паўднявую а ўсю зямлю Ґошэн а нізіну а раўніну а гару Ізраеляву а нізіну яе,
 
Такім чынам, Ешуа завалодаў усёю гэтаю зямлёю: гарамі, і Нагэбам, і зямлёю Госэн, Сэфэлай, і Арабай, і гарою Ізраэльскай, і яе раўнінамі,

Ад гары Галак, што ўзыходзе да Сэіру, і аж да Баал-Ґаду ў даліне Лібанскай пад гарою Гэрмонам, і ўсіх каралёў іхных зваяваў, і зразіў іх, і забіў іх.
 
ад гары Кальв, якая падымаецца да Сэіра, аж да Баалгада ў даліне Лібана, ля падножжа гары Гэрмон; усіх цароў іх захапіў, ударыў і забіў.

Даўгі час вёў Ігошуа вайну з усімі гэтымі каралямі.
 
Доўгі час Ешуа ваяваў супраць цароў гэтых.

Ня было места, каторае зрабіла б мір із сынамі Ізраелявымі, апрача Гэвеяў, жыхараў Ґівеону; усі яны ўзялі вайною;
 
Ніводзін горад не заключыў запавету з сынамі Ізраэля, апрача гівеяў, якія пражывалі ў Габаоне: усе ён здабыў вайною.

Бо ад СПАДАРА было тое, каб закаляніць сэрца свае, каб стрэлі вайною Ізраеля, каб аканаваць іх, каб ня было ім міласэрдзя, але каб выгубіць іх, як расказаў СПАДАР Масею.
 
Бо быў намер Госпада, каб рабіліся ўпартымі іх сэрцы, і каб ваявалі супраць Ізраэля, і каб загінулі, і каб не заслужылі ніякай міласэрнасці, і каб загінулі так, як загадаў Госпад Майсею.

І прышоў Ігошуа таго часу, і выкараніў Енакімоў з гары, з Гэўрону, з Дэвіру, з Анаву, і з усялякае гары Юдзінае, і з усяе гары Ізраелявае; зь местамі іхнымі аканаваў Ігошуа.
 
У той час Ешуа прыйшоў і забіў сыноў Анака ў гарах, у Геброне і ў Дабіры, і ў Анабе, і ва ўсіх гарах юдэйскіх і ізраэльскіх, і спустошыў гарады.

Не засталося Енакімоў у зямлі сыноў Ізраелявых; адно ў Ґазе, у Ґафе а ў Ашдодзе засталіся яны.
 
Не пакінуў ён ніводнага чалавека з роду Анака ў зямлі сыноў Ізраэля, за выключэннем гарадоў Газа, і Гет, і Азот, — толькі ў іх яны засталіся.

І ўзяў Ігошуа ўсю зямлю, подле ўсёга, як гукаў СПАДАР Масею, і аддаў яе Ігошуа на спадак Ізраелю, подле падзелу памеж плямёнаў іхных. І зямля супакоілася ад вайны.
 
Дык захапіў Ешуа ўсю зямлю, як прадказаў Госпад Майсею, і аддаў яе ва ўласнасць сынам Ізраэля, адпаведна з часткамі і пакаленнямі яго; і зямля супакоілася ад войнаў.