1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Усі тыя нявольнікі, што пад ігом, няхай уважаюць гаспадароў сваіх за годных усялякае сьці, каб імя Божае і навука ня былі блявузґаны.
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
Тыя ж, што маюць гаспадароў-вернікаў, хай ня маюць іх улегцы, затым што яны браты, але тым балей няхай служаць ім із падданьням, бо верныя й мілаваныя тыя, што карыстаюць із добрае службы іхнае. Гэтага вучы й захочуй.
Якія маюць верных гаспадарамі, няхай імі не пагарджаюць, дзеля таго, што яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
Калі хто вуча накш і не згаджаецца із здаровымі словамі Спадара нашага Ісуса Хрыста і навукаю ўзглядам набожнасьці,
Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
Тый пыхаты, нічога ня цяме, хворы на супарства а сьпярэчкі праз словы, з каторых паўстаюць завідасьць, нязгоды, блявузґаньне, благія падазрэньні,
той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісць, звадкі, блюзненні, ліхія падазрэнні,
Штачасныя сваркі людзёў папсаванага розуму і спабытае праўды, каторыя думаюць, што набожнасьць ё дзеля прыбытку.
пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку. [Ухіляйся ад гэткіх.]
Вялікае прыдбаньне набожнасьць із здаволеньням.
Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
Бо мы нічога ня прынесьлі на сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці.
Бо нічога мы не прынеслі на свет, а значыць, і вынесці нічога не можам.
Але, маючы еміну й адзежу, будзем здаволіўшыся з гэтага.
Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
А зычачыя багацець упадаюць у спакусу а пасадку і ў шмат неразумных а шкодных жаданьняў, каторыя топяць людзёў у загубу а разьвярненьне;
А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
Бо карэнь усяго ліха ё любосьць грошы, за каторымі гонячыся, некатрыя адышлі ад гэтае веры і працялі самы сябе шмат якімі болямі.
Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
Але ты, о чалавеча Божы, уцякай ад гэтага і ганіся за справядлівасьцяй, набожнасьцяй, вераю, міласьцяй, цярплівосьцяй, лагоднасьцяй;
А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
Змагайся добрым змаганьням веры, ухапіся за вечнае жыцьцё, да каторага ты пагуканы і вызнаў добрае вызнаньне перад шмат сьветкамі.
Змагайся добрым змаганнем веры, здабудзь жыццё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
Перад Богам, што даець жыцьцё ўсім, і перад Хрыстом Ісусам, Каторы асьветчыў перад Понтам Пілатам добрае вызнаньне,
Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
Расказую табе зьдзяржаць расказаньне беззаганна, бязупічна аж да зьяўленьня Спадара нашага Ісуса Хрыста,
каб ты спаўняў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Каторае ўпару пакажа дабраславёны й адзіны Гаспадар Кароль каралёў і Спадар спадароў,
якое выявіць у свой час дабраславёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
Адзіны, Каторы мае бясьсьмерце, жыхара ў непрыступной сьвятліні, Каторага ніякая людзіна ня бачыла ані можа бачыць, Катораму чэсьць і вечная ўлада. Амін.
Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
Расказуй багатым цяперашняга веку, каб яны ня былі пыхатыя ані здаваліся на няпэўнае багацьце, але на Бога, Каторы даець нам шчодра ўсяго на любату,
Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцця,
Рабіць дабро, быць багатым добрымі ўчынкамі, быць шчодрымі а ўдзельлівымі,
каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
Кладучы сабе добры под пад будучыню, каб ухапіцца за жыцьцё запраўднае.
збіралі сабе скарб, як падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё сапраўднае.
О Цімоша, сьцеражы даверанае, адварачайся ад сьвецкае пустое чаўпні і перачэньняў, хвальшыва менаваных ведаю,
О Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых сцвярджэнняў фальшывай навукі,
Каторую некатрыя вызнаючы, адхінуліся ад веры. Ласка з табою.
некаторыя прыхільнікі якой адступіліся ад веры. Ласка з вамі.