Міхея 5 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Цяпер наснудзься вяткаю, дачка вяткі; аблягуць нас аблогаю; дубцом будуць біць повуху судзьдзю Ізраелявага.
Цяпер узбурся, дачка полчышчаў: абкладзі нас аблогаю, трысьцінаю біцьмуць па шчацэ судзьдзю Ізраілевага.
Але ты, Бэтлееме-Ефрафа, ты малады, каб быць меж тысячаў Юдзіных, зь цябе выйдзе Імне, Каторы будзе Валадаром у Ізраелю, Каторы паходзе здаўна, ад вечнасьці».
І ты, Віфляеме — Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных.
Затым Ён выдасьць іх аж да часу, пакуль ня родзе маючая радзіць; тады астача з братоў Ягоных зьвернецца да сыноў Ізраелявых.
Таму Ён пакіне іх да часу, пакуль ня родзіць тая, што мае радзіць; тады вернуцца да сыноў Ізраіля і пазасталыя браты іхнія.
І стане Ён, і будзе пасьціць у сіле СПАДАРОВАЕ у майстаце імені СПАДАРА, Бога Свайго, і будуць жыць, бо адгэнуль Ён узьвялічыцца аж да канцоў зямлі.
І стане Ён, і будзе пасьвіць у сіле Гасподняй, у велічы імя Госпада Бога Свайго і яны будуць жыць бясьпечна, бо тады Ён будзе вялікі да краёў зямлі.
І гэта будзе мірам. Як Асур прыйдзе да зямлі нашае і як патопча палацы нашы, тады мы выставім супроці яго сямёх пастыроў і асьмёх князёў зь люду.
І будзе Ён — мір. Калі Асур прыйдзе ў нашую зямлю і ўступіць у нашыя харомы, мы выставім супроць яго сем пастыраў і восем князёў.
І спустошаць зямлю Асураву мячом і зямлю Немродаву ў вуходах яе; гэтак Ён выбаве ад Асура, як гэты прыйдзе да зямлі нашае і як патопча граніцы нашы.
І будуць яны пасьвіць зямлю Асура мячом і зямлю Нэмврода ў самай браме яе, і вось Ён выбавіць ад Асура, калі той прыйдзе ў зямлю нашую і калі ўступіць у межы нашыя.
І будзе астача Якавава сярод шмат якіх людаў, як раса ад СПАДАРА, як лівун на траву, каторага не спадзяешся ад людзіны ані чакаеш ад сыноў людзкіх.
І будзе астатак Якава сярод многіх народаў як раса ад Госпада, як зьліва на траву, і ён ня будзе залежаць ад чалавека і пакладацца на сыноў Адамавых.
І будзе астача Якавава сярод народаў, сярод шмат якіх людаў, як леў меж статку ў лесе, як левянё меж чарады авец, каторае, як выйдзе, топча а ірвець, і ніхто ня можа вывальніць.
І будзе астатак Якаваў паміж народамі, сярод многіх плямёнаў, як леў — сярод зьвяроў лясных, як ільвяня — сярод статку авечак, якое, калі выступіць, дык топча і рве, і ніхто не ўратуе ад яго.
Падыймецца рука твая на праціўнікаў тваіх, і ўсі непрыяцелі твае будуць адцяты.
Падымецца рука твая над ворагамі тваімі, і ўсе непрыяцелі твае будуць вынішчаны.
«І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР, — што адатну коні сярод цябе і зьнішчу цялежкі твае;
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь: зьнішчу коней тваіх з асяродзьдзя твайго і зьнішчу калясьніцы твае,
І адатну месты ў зямлі Тваёй, і абуру ўсі гарады твае;
вынішчу гарады ў зямлі тваёй, і разбуру ўсе ўмацаваньні твае;
І адатну чары з рукі твае, і вяшчуноў ня будзе ў цябе;
і вырву чарадзействы з рукі тваёй, і варажбітоў па аблоках ня будзе ў цябе;
Таксама адатну выразаныя твае і стаўпы з пасярод цябе, і ня будзеш ужо кланяцца вырабу рук сваіх;
зьнішчу балваноў тваіх і ідалаў з асяродзьдзя твайго, — і ня будзеш больш пакланяцца вырабам рук тваіх;
Вырву гаі твае з пасярод цябе; гэтак зьнішчу месты твае.
выкараню з асяродзьдзя твайго сьвяшчэнныя гаі твае і спустошу гарады твае.
І зьдзею ў гневе а абурэньню помсту над народамі, каторыя ня слухалі».
І ўчыню ў гневе і абурэньні помсту над народамі, якія будуць непаслухмяныя.