Агея 2 разьдзел
Кніга прарока Агея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Сёмага месяца, дваццаць першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы:
На сёмым месяцы, у дваццаць першы дзень месяца, было слова Гасподняе праз Агея прарока:
«Скажы цяпер Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, а астачы люду, кажучы:
скажы цяпер Зарававэлю, сыну Салафіілеваму, упраўцу Юдэі, і Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, вялікаму іярэю, і рэшце народу:
"Хто застаўся меж вас, што бачылі дом гэты ў першай яго славе? і якім вы бачыце яго цяпер? ці ня ё ён у вачох вашых супроці таго як нішто?
хто застаўся паміж вамі, які бачыў гэты дом у ранейшай ягонай славе, і якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вашых вачах як бы нічым?
Цяпер, адылі, будзь дуж, Зэрувавелю, — агалашае СПАДАР, — і будзь дуж Ігошуа Егосадачонку, найвышшы сьвятару, і будзь дуж увесь люд зямлі, — агалашае СПАДАР, — і рабіце; бо Я з вамі, — агалашае СПАДАР войскаў. —
Але падбадзёрся сёньня, Зарававэль, кажа Гасподзь, падбадзёрся, Ісусе, сыне Ясэдэкаў, вялікі іярэй! падбадзёрся, увесь народзе зямлі, кажа Гасподзь, і рабеце працу, бо Я з вамі, кажа Гасподзь Саваоф.
Подле слова, каторым Я ўмовіўся з вамі, як вы вышлі зь Ягіпту, дух Мой меж вас: ня бойцеся";
Запавет Мой, які Я заключыў з вамі пасьля выхаду вашага зь Егіпта, і дух Мой жыве сярод вас: ня бойцеся!
Во гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Яшчэ раз, ды неўзабаве, і Я патрасу нябёсы й зямлю, мора й сушу;
Бо так кажа Гасподзь Саваоф: яшчэ раз, — і гэта будзе неўзабаве, — Я патрасу неба і зямлю, мора і сушу,
І патрасу ўсі народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню дом гэты славаю, — кажа СПАДАР войскаў. —
і патрасу ўсе народы — і прыйдзе Жаданы ўсім народам, і напоўню дом гэты славаю, кажа Гасподзь Саваоф.
Маё срэбра й Маё золата, — агалашае СПАДАР войскаў.
Маё срэбра і Маё золата, кажа Гасподзь Саваоф.
Большая будзе слава гэтага дому апошняга за першага, — кажа СПАДАР войскаў; — і на гэтым месцу Я дам супакой", — агалашае СПАДАР войскаў».
Слава гэтага апошняга храма будзе большая, чым ранейшага, кажа Гасподзь Саваоф; і на месцы гэтым Я дам мір, кажа Гасподзь Саваоф.
Дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, сёмага году Дара, было слова СПАДАРОВА Гаґею прароку, кажучы:
На дваццаць чацьвёрты дзень дзявятага месяца, на другім годзе Дарыя, было слова Гасподняе праз Агея прарока:
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Папытайся цяпер у сьвятароў праз Закон, кажучы:
так кажа Гасподзь Саваоф: спытайся ў сьвятароў пра закон і скажы:
’Калі хто нёс пасьвячанае мяса ў крысе адзецьця свайго і даткнуўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алівы, да якое-колечы ежы, ці будуць яны пасьвячаныя?’"» І сьвятарове адказалі: «Не».
калі хто нёс сьвяшчэннае мяса ў крысе вопраткі сваёй і крысом сваім дакрануўся да хлеба, альбо да чаго-небудзь гатаванага, альбо да алею, альбо якой-небудзь ежы, — ці зробіцца гэта сьвяшчэнным? І адказвалі сьвятары і сказалі: не.
І сказаў Гагей: «Калі даткнецца нячыстае да чаго-колечы з гэтых, ці сплюгавяцца яны?» І адказалі сьвятарове, і сказалі: «Яны сплюгавяцца».
Потым сказаў Агей: а калі дакранецца да ўсяго гэтага хто-небудзь апаганены ад дакрананьня да мерцьвяка, ці зробіцца гэта нячыстым? І адказвалі сьвятары і сказалі: будзе нячыстае.
І адказаў Гаґей, і сказаў: «Так гэты люд, і так гэты народ перад Імною, кажа СПАДАР, і так кажная работа рук іхных; і што яны абракаюць там — нячыстае.
Тады адказваў Агей і сказаў: такі гэты народ, такое племя перад Мною, кажа Гасподзь, і такія ўсе дзеі рук іхніх! І што яны прыносяць там, усё нячыстае.
І цяпер зьвярніце ж сэрцы вашыя адгэтуль і наперад перш чымся пакладзены камень на каменю ў палацу СПАДАРОВЫМ.
Цяпер павярнеце сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, калі яшчэ ня быў пакладзены камень на камень у храме Гасподнім.
Бывала, як хто прыходзіў да груду дваццацёх мераў, было там дзесяць; як хто прыходзіў да таўчэльні ўтачыць пяцьдзясят судзінаў з таўчэльню, было там дваццаць.
Прыходзілі, бывала, да капіцы, якая можа прыносіць дваццаць мераў, і аказвалася толькі дзесяць; прыходзілі да чавільні, каб начэрпаць пяцьдзясят мераў з чавільні, а аказвалася толькі дваццаць.
Разіў Я вас сухмянём а іржою а градам усю работу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, — агалашае СПАДАР. —
Караў Я вас іржою і блякласьцю хлеба і градам усю працу рук вашых глуміў; але вы не зьвярталіся да Мяне, кажа Гасподзь.
Зьвярніце ж сэрцы вашы адгэтуль і наперад, ад дваццаць чацьвертага дня дзявятага месяца, ад дня, каторага под палацу СПАДАРОВАГА закладзены, зьвярніце сэрцы вашы:
Адвярнеце ж сэрца ваша на час ад гэтага дня і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад таго дня, калі закладзены быў храм Гасподні; адвярнеце сэрца ваша:
Ці ё яшчэ сяўба ў сьвірне? і яшчэ віно а фіґа а гранатовае дзерва а аліўнае дзерва, каторыя не далі плоду; ад гэтага дня Я падабраслаўлю».
ці ёсьць яшчэ ў засеках насеньне? Дагэтуль ні вінаградная лаза, ні смакоўніца, ні гранатавае дрэва, ні масьліна не давалі плоду; а з гэтага дня я дабраслаўляю іх.
І было слова СПАДАРОВА ўдругава Гаґею дваццаць чацьвертага дня месяца, кажучы:
І было слова Гасподняе да Агея другі раз у дваццаць чацьвёрты дзень месяца, і сказана:
«Кажы Зэрувавелю, вайводзе Юдэі, кажучы: "Я страсану нябёсы й зямлю;
скажы Зарававэлю, упраўцу Юдэі: патрасу Я неба і зямлю;
Я абярну пасад каралеўстваў і выгублю сілу каралеўстваў народаў, і вывярну цялежкі й тых, што едуць у іх, і паваляцца коні й коньнікі іх, кажны мячом брата свайго.
і скіну троны царстваў і вынішчу сілу царстваў язычніцкіх, перакулю калясьніцы і тых, што сядзяць на іх, і скінутыя будуць коні і верхаўцы іхнія, кожны мечам другога.
Таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я вазьму цябе, Зэрувавелю Шэалфіеленку, слуга Мой, — агалашае СПАДАР, — і зраблю цябе, як пячаць, бо цябе Я абраў"», — агалашае СПАДАР войскаў.
У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, Я вазьму цябе, Зарававэль, сыне Салафіілаў, раб Мой, кажа Гасподзь, і буду трымаць цябе як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа Гасподзь Саваоф.