Эклезіяста 6 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Ё ліха, каторае я бачыў пад сонцам, і шмат яго сярод людзёў:
 

Чалавеку даў Бог багацьце, маемасьць а чэсьць, і няма нястачы душы ягонай ні ў чым, чаго душа ягоная жадае; не даець, адылі, Бог яму сілы есьці з гэтага, але чужнік есьць гэта: гэта марнасьць, і благі боль.
 

Калі народзе сто дзяцей, і будзе жыць шмат год, так што дні год ягоных будуць чысьленыя, але душа ягоная не насыціцца дабром, і таксама ня будзе ён мець пахову, то я скажу: ськідышу ляпей, як яму;
 

Бо ён прыходзе ў марнасьці і адыходзе ў цямноту, і цямнотаю імя ягонае пакрыецца;
 

Таксама сонца ён ня бачыў ані знаў: у гэтага болей супакою, чымся ў гэнага.
 

Але, хоць бы ён жыў двойчы тысяча год, ня бачыў, адылі, дабра, ці ня ўсе пойдзе ў вадно месца?
 

Уся гарапашнасьць людзіны дзеля роту ейнага, і ўсё ж душа яе не напаўняецца.
 

Якая перавага мудрага над неразумным, беднага, што ўмее абыходзіцца, перад жывучымі?
 

Валей бачаньне ачыма, чымся лятунак душы. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
 

Што было, даўно названа імя яго, ведалі, што гэта — чалавек, і што ён ня можа прававацца з тым, хто дужшы за яго.
 

Гэта ж шмат рэчаў, што павялічаюць марнасьць: якая ж перавага людзіне?
 

Бо хто ведае, што добрае чалавеку ў жыцьцю, у ліку дзён жыцьця марнасьці ягонае, каторыя ён каратае, як сьцень? Бо хто можа сказаць людзіне, што будзе пад сонцам просьле яе?