Эклезіяста 6 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ё ліха, каторае я бачыў пад сонцам, і шмат яго сярод людзёў:
 
Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека:

Чалавеку даў Бог багацьце, маемасьць а чэсьць, і няма нястачы душы ягонай ні ў чым, чаго душа ягоная жадае; не даець, адылі, Бог яму сілы есьці з гэтага, але чужнік есьць гэта: гэта марнасьць, і благі боль.
 
Чалавек, якому Бог дае багацьце, і маёмасьць, і славу, і няма ніякай нястачы для душы ягонай ні ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць і ліхая немач.

Калі народзе сто дзяцей, і будзе жыць шмат год, так што дні год ягоных будуць чысьленыя, але душа ягоная не насыціцца дабром, і таксама ня будзе ён мець пахову, то я скажу: ськідышу ляпей, як яму;
 
Калі б нарадзіў чалавек сто [дзяцей], і пражыў шмат гадоў, і было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцілася дабром, і нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая [доля] спарона, чым таго [чалавека].

Бо ён прыходзе ў марнасьці і адыходзе ў цямноту, і цямнотаю імя ягонае пакрыецца;
 
Бо ён прыйшоў як марнасьць, і ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта імя ягонае,

Таксама сонца ён ня бачыў ані знаў: у гэтага болей супакою, чымся ў гэнага.
 
нават ня ўбачыў ён сонца, і нічога не спазнаў, [але] мае большы спакой, чым [чалавек] той.

Але, хоць бы ён жыў двойчы тысяча год, ня бачыў, адылі, дабра, ці ня ўсе пойдзе ў вадно месца?
 
І хоць бы той [чалавек] жыў дзьве тысячы гадоў, і ня ўбачыў дабра, ці ж не ў адно месца ўсе ідуць?

Уся гарапашнасьць людзіны дзеля роту ейнага, і ўсё ж душа яе не напаўняецца.
 
Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца.

Якая перавага мудрага над неразумным, беднага, што ўмее абыходзіцца, перад жывучымі?
 
Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым [лепшы] прыгнечаны, які ведае, як хадзіць перад жывымі?

Валей бачаньне ачыма, чымся лятунак душы. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
 
Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць і пагоня за ветрам.

Што было, даўно названа імя яго, ведалі, што гэта — чалавек, і што ён ня можа прававацца з тым, хто дужшы за яго.
 
Хто як названы, такое імя ягонае; і вядома, што ён — чалавек, і ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго.

Гэта ж шмат рэчаў, што павялічаюць марнасьць: якая ж перавага людзіне?
 
Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; і што мае з гэтага чалавек?

Бо хто ведае, што добрае чалавеку ў жыцьцю, у ліку дзён жыцьця марнасьці ягонае, каторыя ён каратае, як сьцень? Бо хто можа сказаць людзіне, што будзе пад сонцам просьле яе?
 
Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьці, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам?