Эклезіяста 4 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ізноў я зьвярнуўся й разважаў усі ўціскі, што бываюць пад сонцам: і во сьлёзы ўцісканых, і няма ў іх пацяшыцеля; і на баку ўцісканьнікаў іхных сіла, і няма ў іх пацяшыцеля.
 
І я павярнуўся, і ўбачыў усякі прыгнёт, які робіцца пад сонцам, і вось, слёзы прыгнечаных, і няма для іх суцяшэньня; і ў руцэ прыгнятальнікаў — сіла, і няма для іх суцяшэньня.

І пахваліў я памерлых, што даўно памерлі, больш за жывых, што яшчэ жывуць;
 
І я больш пахваліў памёршых, якія ўжо памерлі, чым жывых, якія яшчэ жывуць.

Але ляпей за гэтых двух таму, хто яшчэ ня быў, хто ня бачыў благое дзейнасьці, што дзеюць пад сонцам.
 
А лепшы за іх абодвух той, якога яшчэ няма, які ня бачыў ліхія справы, што робяцца пад сонцам.

Ізноў я разважаў усі натугі і ўсі ўменьні, што дзеля гэтага людзіна завідуе прыяцелю свайму. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
 
І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца і кожны посьпех у справах выклікае зайздрасьць да чалавека ў бліжняга [ягонага]. Гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.

Дурны шчапляе рукі свае і зьядае цела свае.
 
Дурань складвае рукі свае і зьядае цела сваё.

Валей жменя пацехі, як прыгоршчы натугі а немарасьці духа.
 
Лепшая адна поўная жменя са спакоем, чым абедзьве жмені напоўненыя, а з імі цяжкая праца і пагоня за ветрам.

І я зьвярнуўся, і бачыў марнасьці пад сонцам:
 
І я павярнуўся, і ўбачыў марнасьць пад сонцам.

Ё адзін, і няма другога, ані сына, ані брата няма ў яго; прымеж тога няма канца ўсёй натузе ягонай, і вока ягонае не насыціцца багацьцям. «На каго ж я натужуюся і спабываю душу сваю дабра?» Гэта таксама марнасьць; і благая дзейнасьць гэта.
 
[Чалавек] адзін, і няма другога, таксама няма ані сына, ані брата ў яго, і няма канца ўсёй цяжкай працы ягонай, і вока ягонае не насычаецца багацьцем, [і кажа ён:] “Для каго я працую і пазбаўляю душу сваю дабра?” Гэта таксама марнасьць і кепскі занятак.

Двум ляпей, чымся аднаму, бо яны маюць добрую надгароду за натугу сваю;
 
Лепш двум, чым аднаму, таму што маюць добрую ўзнагароду за цяжкую працу сваю.

Бо калі яны паваляцца, то адзін падыйме сябру свайго. Але бяда аднаму, як ён паваліцца, бо няма другога падняць яго.
 
Бо калі адзін упадзе, другі падыме таварыша свайго. Але гора аднаму, як ён упадзе, і няма другога, каб падняць яго.

Таксама, як лягуць два, дык цёпла ім; а аднаму як угрэцца?
 
Таксама, калі ляжаць двое, будзе цёпла ім; а як адзін можа сагрэцца?

І калі хтось дужае яго, два супроцьставяцца яму. І павароз у тры столкі ня борзда парвецца.
 
І, калі хто зможа перамагчы аднаго, дык двое супрацьстануць яму, і вяроўка патройная ня хутка парвецца.

Валей беднае, але мудрае дзяцё, чымся стары, але неразумны кароль, каторы ня можа быць жураны.
 
Лепш хлопец бедны і мудры, чым валадар стары і дурны, які ня можа ўжо прыймаць парады.

Бо іншы зь вязьніцы выходзе караляваць, прымеж тога тый, што радзіўся ў каралеўстве сваім, бяднее.
 
Бо той выходзіць з вязьніцы, каб валадарыць, а гэты ў валадарстве сваім можа стаць бедаком.

Я бачыў усіх жывучых, што ходзяць пад сонцам ізь дзяцём — другім, што стане на месцу ягоным.
 
І я бачыў усіх, хто жыве і ходзіць пад сонцам, з тым хлопцам, другім, які стане на месца ягонае.

Няма канца ўсяго люду, усяго, што быў перад ім, таксама й апошнія не пацешацца зь яго. Напэўна й гэта марнасьць а немарасьць духа.
 
Няма канца ўсяму народу, усім, якія былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. І гэта таксама марнасьць і турбаваньне духа.

Уважай на нагу сваю, як пойдзеш да дому Божага, і будзь гатоўшы слухаць, чымся даваць аброк дурных, бо яны ня ведаюць, што блага робяць.
 
Захоўвай ногі свае, калі ідзеш у Дом Божы, і набліжайся туды, каб слухаць, а не складаць ахвяры як дурні, бо яны ня маюць веданьня, робячы зло.