Эклезіяста 5 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Не хапайся вуснамі сваімі, і сэрца твае хай не барзьдзіць вымавіць слова перад Богам; бо Бог на небе, а ты на зямлі; затым хай у цябе мала будзе словаў;
 
Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлі. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі.

Бо сьненьне прыходзе ад множасьці дзейнасьці, а голас неразумнага ад множасьці словаў.
 
Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня.

Як абяцаеш абятніцу Богу, то не адвалакай споўніць яе; бо няма зычлівасьці да неразумных; а ты, як абяцаў, споўні.
 
Калі абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні.

Валей, каб ты не абяцаў, чымся, каб абяцаў і ня споўніў.
 
Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўніць.

Не дазваляй вуснам сваім уводзіць у грэх цела, твае і не кажы перад ангілам: «Гэта абмыла». Нашто меў бы Бог гневацца на голас твой і нішчыць работу рук тваіх?
 
Не дазваляй вуснам тваім уводзіць у грэх цела сваё і не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваіх.

Бо ў множасьці сьненьняў ё шмат і марнасьці і слоў; але ты бойся Бога.
 
Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога!

Калі ўцісканьне беднага й спабыцьцё суду а справядлівасьці абачыш у краю, ня дзівуйся з гэтага; бо вышшы за высокага назірае і найвышшыя над імі;
 
Калі ты будзеш бачыць прыгнёт беднага і парушэньне суду і праведнасьці ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым [рэчам], але мей суцяшэньне, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над імі — яшчэ вышэйшы.

Перавага ж у вусім у тэй зямлі, ідзе кароль служа полю.
 
І карысна для зямлі ў-ва ўсім, калі валадар абрабляе поле.

Хто любе срэбра, не насыціцца ім; і хто любе множасьць, ня будзе мець прыбытку. І гэта марнасьць.
 
Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, той ня будзе мець карысьці [з яго]; і гэта таксама марнасьць.

Як павялічаецца дабро, павялічацца й ядучыя яго; і якая карысьць собсьнікам яго? хіба тая, каб глядзець ачыма сваімі.
 
Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца і тыя, што іх зьядаюць; і што за карысьць уласьніку з гэтага, хіба, гледзячы, глядзець вачыма сваімі?

Салодкі сон у працуючага, ці шмат, ці мала ён ізьесьць; але пярэсыць у багатага не даець яму спаць.
 
Салодкі сон таго, хто працуе, ці мала, ці шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць.

Ё балючае ліха, я бачыў пад сонцам: багацьце, дзяржанае на шкоду собсьнікам яго;
 
Ёсьць ліхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго.

Але тое багацьце гіне з прычыны благое прыгоды: і народзіцца сын у яго, і нічога няма ў руках ягоных.
 
І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзіў ён сына, і няма нічога ў руках ягоных.

Як вышаў ён із улоньня маці свае, так голым і адходзе ўзноў, як прышоў; і нічога ня вынясе з гарапашнасьці свае, што мог бы ён панесьці ў руццэ сваёй.
 
Бо як выйшаў ён з улоньня маці сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, і нічога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную.

І гэта таксама балючае ліха, што, як прышоў ён, так і адыйдзе. І што за карысьць яму з тога, што ён працаваў на вецер?
 
І гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім і адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер?

Таксама ўсі дні свае есьць у цямноце із шмат якім гневам а хваробаю, із злосьцяй сваёй.
 
Таксама ўсе дні свае ён еў у цемры, у смутку вялікім, у немачы і прыкрасьці.

Во што я бачыў: ё харошае дабро есьці а піць а бачыць дабро з усяе гарапашпнасьці свае, каторую меў пад сонцам увесь лік дзён жыцьця свайго, што Бог даў яму; бо гэта дзель ягоная.
 
Вось што я ўбачыў: добра і прыгожа [чалавеку] есьці і піць, і бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог, бо гэта доля ягоная.

І калі якой людзіне даў Бог багацьце а маемасьць, і даў сілу есьці з гэтага, і браць дзель сваю, і цешыцца з гарапашнасьці свае, то гэта дар Божы.
 
Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў уладу спажыць гэта, і браць частку сваю, і радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.

Бо ён ня доўга будзе памятаваць дні жыцьця свайго, бо Бог адказуе на радасьць сэрца ягонага.
 
Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.