Эклезіяста 12 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І памятуй Стварыцеля свайго за дзён маладосьці свае, пакуль ня прышлі цяжкія дні, і не насталі гады, празь якія ты скажаш: «Нямаш імне любаты ў іх»;
І памятай пра Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйдуць дні ліхія, і пакуль не сустрэнуць цябе гады, пра якія скажаш: “Не падабаюцца мне яны”,
Пакуль не зацьмелі сонца а сьветла а месяц а гвезды, ані булакі не зьвярнуліся па дажджу;
пакуль не зацемрыцца сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі, пакуль ня вернуцца пасьля дажджу хмары,
У дзень, калі задрыжаць дамаверы, і скрывяцца дужасілы, і мелючыя перастануць, бо іх мала, і пацямнеюць выглядаючыя з акна;
у дні, калі будуць дрыжэць вартаўнікі дому і хістацца мужы моцныя, і кінуць малоць млынары, бо іх будзе мала, і пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны,
І замкнёныя дзьверы будуць ад вуліцаў, як і змоўкне гук жорнаў; і ўстануць на крык птушкі, і будуць паніжаны гукі песьняў;
і будуць замкнутыя дзьверы на вуліцу, і сціхне голас жорнаў, і будуць ускокваць на голас птушкі, і змоўкнуць усе дочкі сьпеваў,
Таксама будуць баяцца вышыняў і страхаў на дарогах; і мігдаль заквіціць, і казельчык пацяжэе; і шчэзьне зычаньне, бо людзіна адыходзе да вечнага дому свайго, і плачучыя абходзяць вуліцы;
і будуць баяцца вышыняў, і жахацца на дарозе; і заквітнее дрэва мігдалёвае, і пацяжэе саранча, і асыпецца капэрс, бо пойдзе чалавек у дом вечнасьці сваёй, і будуць хадзіць вакол яго па вуліцы плачкі,
Аж пакуль срэбны ланцуг ня скволее, і залатая чара не патрышчыцца, і жбан не разаб’ецца ля жарала, і ня зломіцца кола ў студні.
пакуль не парвецца срэбны ланцужок, і не раструшчыцца залатая чаша, і не паб’ецца збан пры крыніцы, і ня зломіцца калаўрот над студняю,
І абернецца парахно ў зямлю, як яно было, а дух зьвернецца да Бога, Каторы быў даўшы яго.
і вернецца парахно ў зямлю, чым яно і было, а дух вернецца да Бога, Які даў яго.
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Казаньнік, усе марнасьць.
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць.
Апрача тога, што Казаньнік быў мудры, ён вучыў яшчэ люд веды. Ён уважаў, скумаў, склаў шмат прыказяў.
Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў таксама людзей ведам, і прыслухоўваўся, і дасьледаваў, і склаў шмат прыповесьцяў.
Казаньнік стараўся знайсьці жаданыя словы, і напісаў пасьціва словы праўды.
Імкнуўся Эклезіяст знайсьці прыгожыя словы, і запісаць шчыра словы праўды.
Словы мудрых падобныя да дзідаў, і да ўбітых гваздоў падобныя словы складаньнікаў; даны ад адзінага пастыра.
Словы мудрых — як джалы, і як цьвікі моцна ўбітыя — тыя, што сабралі іх; яны дадзены адзіным Пастырам.
Звыш усёга гэтага, сыну мой, сьцеражыся: складаць шмат кнігаў — няма канца і шмат занятку — стома целу.
А што звыш гэтага, сыне мой, таго сьцеражыся: складаньню шматлікіх кнігаў няма канца, і доўгае вучэньне — стома для цела.
Канец усяго паслухаем: бойся Бога й расказаньні Ягоныя дзяржы, бо ў гэтым усе чалавеку;
Сутнасьць усяго слова, што было пачута: бойся Бога і захоўвай прыказаньні Ягоныя, бо ў гэтым — усё для чалавека!
Бо кажны ўчынак Бог прывядзець на суд, кажную патайную рэч, добрая яна ці благая.
Бо ўсе ўчынкі Бог прывядзе на суд, і ўсё схаванае, і добрае, і ліхое.