Эклезіяста 5 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Не хапайся вуснамі сваімі, і сэрца твае хай не барзьдзіць вымавіць слова перад Богам; бо Бог на небе, а ты на зямлі; затым хай у цябе мала будзе словаў;
Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.
Бо сьненьне прыходзе ад множасьці дзейнасьці, а голас неразумнага ад множасьці словаў.
Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.
Як абяцаеш абятніцу Богу, то не адвалакай споўніць яе; бо няма зычлівасьці да неразумных; а ты, як абяцаў, споўні.
Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся — зрабі.
Валей, каб ты не абяцаў, чымся, каб абяцаў і ня споўніў.
Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.
Не дазваляй вуснам сваім уводзіць у грэх цела, твае і не кажы перад ангілам: «Гэта абмыла». Нашто меў бы Бог гневацца на голас твой і нішчыць работу рук тваіх?
Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: «гэта — памылка!» Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?
Бо ў множасьці сьненьняў ё шмат і марнасьці і слоў; але ты бойся Бога.
Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў — марнасьці шмат; а ты бойся Бога.
Калі ўцісканьне беднага й спабыцьцё суду а справядлівасьці абачыш у краю, ня дзівуйся з гэтага; бо вышшы за высокага назірае і найвышшыя над імі;
Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;
Перавага ж у вусім у тэй зямлі, ідзе кароль служа полю.
а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.
Хто любе срэбра, не насыціцца ім; і хто любе множасьць, ня будзе мець прыбытку. І гэта марнасьць.
Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта — марнасьць!
Як павялічаецца дабро, павялічацца й ядучыя яго; і якая карысьць собсьнікам яго? хіба тая, каб глядзець ачыма сваімі.
Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?
Салодкі сон у працуючага, ці шмат, ці мала ён ізьесьць; але пярэсыць у багатага не даець яму спаць.
Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.
Ё балючае ліха, я бачыў пад сонцам: багацьце, дзяржанае на шкоду собсьнікам яго;
Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.
Але тое багацьце гіне з прычыны благое прыгоды: і народзіцца сын у яго, і нічога няма ў руках ягоных.
І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.
Як вышаў ён із улоньня маці свае, так голым і адходзе ўзноў, як прышоў; і нічога ня вынясе з гарапашнасьці свае, што мог бы ён панесьці ў руццэ сваёй.
Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.
І гэта таксама балючае ліха, што, як прышоў ён, так і адыйдзе. І што за карысьць яму з тога, што ён працаваў на вецер?
І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?
Таксама ўсі дні свае есьць у цямноце із шмат якім гневам а хваробаю, із злосьцяй сваёй.
А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.
Во што я бачыў: ё харошае дабро есьці а піць а бачыць дабро з усяе гарапашпнасьці свае, каторую меў пад сонцам увесь лік дзён жыцьця свайго, што Бог даў яму; бо гэта дзель ягоная.
Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта — ягоная доля.
І калі якой людзіне даў Бог багацьце а маемасьць, і даў сілу есьці з гэтага, і браць дзель сваю, і цешыцца з гарапашнасьці свае, то гэта дар Божы.
І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта — дар Божы.
Бо ён ня доўга будзе памятаваць дні жыцьця свайго, бо Бог адказуе на радасьць сэрца ягонага.
Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.